У Рубяжэвічы варта паехаць толькі дзеля адных арганоў. Сапраўдных арганоў, якія былі ўсталяваныя тут у 20-х гадах мінулага стагодзьдзя і цудам ацалелі ў віхурах войнаў, раскулачваньняў, багаборніцтва і рэпрэсій.
Гукі старых труб пад гатычнымі скляпеньнямі здольныя выклікаць сапраўднае трымценьне ў душы.
Касьцёл Сьвятога Язэпа, мураваны нэагатычны храм, пачаў будавацца ў 1906 годзе. Будавалі яго ўсім навакольлем. У памяць пра тую талаку на плошчы перад касьцёлам некалькі гадоў таму паўстаў вельмі паэтычны помнік.
Валуны з высечанымі назвамі ўсіх вёсак парафіі. Ініцыятарка гэтага помніка — мясцовая настаўніца расейскай мовы Рамуальда Сабалеўская.
Рамуальда: «Зараз у нашай парахвіі знаходзіцца сорак тры вёскі. Столькі, колькі пакладзена там камянёў. Ад кожнай вёскі, практычна, жыхары стараліся прывезьці камень. І выбіралі, каб камень быў прыгажэйшы. Былі выпадкі, калі прывозілі, а пасьля назад яго завозілі. Шукалі лепшы. І разьмешчаныя гэтыя камяні так, як разьмешчаныя на мапе Стаўпецкага раёна. Дзьве брамы сымбалізуюць храм, усярэдзіне крыж, з камянёў выкладзены, гэта сымбаль нашай веры. Дарожкі ад кожнай вёсачкі , зробленыя зь пяску і абкладзеныя камянямі, вядуць да адной дарогі, якая вядзе ў храм. Вядзе нас да веры. Для нас гэта вельмі значна. Бо вёскі выміраюць. Заўсёды, прыйшоўшы сюды мы адчуваем, што яны жывуць у камені, гэтыя вёскі».
Карэспандэнт: «Жыхары самі?..»
Рамуальда: «Жыхары кожнай вёскі прывозілі самі. Ад кожнай вёскі стараліся. І калі прыяжджалі і бачылі, што іншая вёска прывезла большы, лепшы камень, гэты завозілі, а шукалі большы. Каб камень ад кожнай вёскі быў сапраўды прыгожы».
Пасьля сумнай памяці Рыскай дамовы паміж СССР і Польшчай Рубяжэвічы маглі ўвайсьці ў склад краіны саветаў. Гэтая пэрспэктыва наводзіла сапраўдны жах на жыхароў мястэчка і ваколіцаў. І было вырашана сабраць золата для подкупу памежнай камісіі. Адным са зьбіральнікаў залатога хабару быў дзед старога шляхціца Баляслава Ліхадзіеўскага. Старому дзеду Болеку хутка 85 гадоў.
Болек: «У 20-м годзе вызначалі межы. Мяжа ішла па прамой. Яна проста на Рубяжэвічы была нацэленая».
Карэспандэнт: «Рубяжэвічы маглі трапіць у Савецкі Саюз?»
Болек: «Па ўсёй верагоднасьці. Гэтая камісія, якая ўсталёўвала мяжу — памешчык Асіповіч, мясцовы ксёндз Тарасэвіч быў, таксама зацікаўлены. Тады мяжа туды-сюды ад камісіі залежала. Невялікія, канечне, адхіленьні. І мой дзед, наш хутар падыходзіў левым бокам, і хто зацікаўлены быў, яны падкупілі. Тады золата было. Сабралі золата, гэтай камісіі ўкінулі. І яны пагадзіліся. І зрабілі рэзкае калена. Зрабілі вялікі крук. Каб маёнтак Асіповіча быў на правым баку мяжы. І, канечне, Рубяжэвічы».
Карэспандэнт: «Што сабой уяўляла гэтая камісія? Там былі і палякі, і бальшавікі?»
Болек: «Канечне. І бальшавікі, і палякі».
Карэспандэнт: «Золата атрымалі ўсе. І вы жылі далёка ад мяжы?»
Болек: «Cто пяцьдзясят мэтраў. Вось наша зямля, і па мяжы нашай зямлі граніцу правялі. Была дротам калючым загароджана. І так загароджана, што нават заяц ня мог бы прабегчы».
Зараз польская мяжа знаходзіцца далёка ад сядзібы Ліхадзіеўскага. Але ён па-ранейшаму душой і розумам жыве ў сваёй Польшчы. Я і засьпеў старога за слуханьнем Варшаўскага радыё.
Болек: «Цяпер Варшава адкрыта гаворыць. Ня трэба слухаць і «Вольную Эўропу».
Карэспандэнт: «А вы жывяце думкамі ў Польшчы».
Боле: «Так».
Гэта верна. Я лічу сябе патрыётам. Палякам. І ўсё польскае для мяне — гэта цікава.
Карэспандэнт: «Слухаеце Варшаву, жывяце польскімі праблемамі».
Болек: «Гэта верна. Я лічу сябе патрыётам. Палякам. І ўсё польскае для мяне — гэта цікава».
Пакуль стары Ліхадзіеўскі сумуе па Польшчы, мясцовы вершаскладальнік Раман Сабалеўскі наведаўся ў Злучаныя Штаты да радні. Раман — чалавек сур’ёзны. Былы брыгадзір паляводчай брыгады. Былы камуніст і перадавік. Тым цікавей слухаць яго хваласьпевы далёкаму берагу.
Раман:
«Статуя Свабоды, да цябе прыплыў.
Край твой і народы сэрцам палюбіў.
На Нью-Ёрк царыцаю смотрыш з-пад аблок.
Ёсьць чым ганарыцца. Райскім стаў куток».
Край твой і народы сэрцам палюбіў.
На Нью-Ёрк царыцаю смотрыш з-пад аблок.
Ёсьць чым ганарыцца. Райскім стаў куток».
Пасьля Амэрыкі спадар Сабалеўскі яшчэ больш палюбіў родную старонку.
Раман: «У іх салаўя не пачуеш. Салаўя няма, зязюлі няма. Ну, шпакі то ёсьць. Грыбы не растуць. У іх надта шмат вавёрак».
Колькі я чуў самых розных трагічных гісторый пра высылкі беларускіх людзей пасьля аб’яднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі. Іх немагчыма слухаць спакойна. Бо для людзей, якія страцілі сваіх родных, жахі 39-га і саракавога гадоў ня маюць ніякага тэрміну даўнасьці. Памяць выхоплівае кожную дэталь трагічных дзён, і сьлёзы наварочваюцца, як у тыя дні. Слухаем 80-гадовую Браніславу Кандуховіч. У якой у 39-м забралі бацьку. За эксплюатацыю.
Браніслава: «Ён сам працаваў. Быў пастух, бо нас пяцёра было ў бацькоў. Яны самі ўсё рабілі. І татусь рабіў. Але прыйшлі і „раскулачылі“. Усё забралі».
Карэспандэнт: «А як далей склаўся ягоны лёс?»
Браніслава: «Яго лёс? Ой, братка. На суд мы езьдзілі, на спатканьне. Як суд адбыўся. З мамусяю паехалі. Чакалі тры дні. А там бесьперапынна ўсё вядуць людзей. Бесьперапынна. Ну, нарэшце на трэці дзень далі нам ужо спатканьне. Мы ўжо падбеглі пад гэтыя дзьверы. Адкрываюцца. Стаіць татусь. Мы надта плакалі, і татусь плакаў. Кажа: «Мяне ўжо вывозілі. „Но ввиду переполнения поездов“ мяне вярнулі ў Баранавічы. Гаворка з Каменя паехаў і Лэнскі паехаў. А там стаіць вартавы. „Не выявлять!“ Татусь перастаў. Пагаварылі пару мінут, і ўсё. Спатканьне скончанае».
Бацька спадарыні Браніславы трапіў у Котласкі лягер. Але выжыў.
Браніслава: «Даў Бог, што ён пісаў усякімі адрасамі. І івянецкімі, і стаўпецкімі. Каб ліст не даходзіў. Ён быў у Англіі. Яго забрала...»
Карэспандэнт: «Армія Андэрса».
Браніслава: «Так».
Карэспандэнт: «І ён выжыў пад Монтэ-Касіна».
Браніслава: «Так. Які лёс!»
Карэспандэнт: «Пасьля вы ліставаліся?»
Браніслава: «Сьпісваліся. Мы мелі выехаць у Польшчу. І каб мы выехалі, ён бы прыехаў. А так ён ня мог прыехаць сюды. Бо яго б ізноў забралі».
Карэспандэнт: «І вы так і не пабачыліся».
Браніслава: «Так і не пабачыліся, братка».
Карэспандэнт: «А ў якім годзе ён памёр?»
Браніслава: «У 56-м. Як сёньня яго бачу. Як ён адходзіў. Як яго забіралі. Як мы яго не пускалі, як мы плакалі. Як мы яго трымалі. Яго зь Івянца везьлі ў Стаўпцы на машыне, а мы ішлі зь ягад. Збаночкі несьлі. І глядзім — машына. Там людзі жнуць, і ўсё крычаць, рукамі махаюць. Мы сталі, глядзім. Глядзім — татусь едзе. Махае рукой. Мы за гэтаю машынай, паказваем, што хочам гэтыя ягады хоць аддаць. Ой. А цяпер прыслалі, што невінаваты. Загубілі сям’ю, бацьку ад дзяцей. У нас дзьве сястры памерлі. У пятнаццаць гадоў і адна, і другая памерлі...»
Ня будзем сканчаць на трагічнай ноце. Бо жыцьцё, прабачце за банальнасьць, працягваецца. Жыцьцё беларускае. Учорашняя рубяжэвіцкая школьніца Ірына Прычынец, а сёньняшняя студэнтка філфаку БДУ, любіць сваё мястэчка і сваю краіну. І гэтую любоў выражае ва ўласных песьнях. Можа, пакуль не дасканалых, але шчырых.
Сьпявае.
Мілая мая радзіма,
Вельмі я цябе люблю.
Гэты край, дзе маці нарадзіла,
Шлях у жыцьцё дзе я знайду.
Вельмі я цябе люблю.
Гэты край, дзе маці нарадзіла,
Шлях у жыцьцё дзе я знайду.
Ірына: «Рубяжэвічы ў большасьці сваёй беларускамоўная вёска. Мая бабуля па-беларуску амаль што чыста размаўляе. Мне падабалася беларуская літаратура з самага пачатку. І я вырашыла яшчэ ў 7 клясе, што буду паступаць у БДУ менавіта на беларускую філялёгію. Магу сказаць, што на філфаку беларуская мова не такая ўжо і рэдкая. Мне вельмі падабаецца, калі прыходжу ў крамы, гаварыць там па-беларуску. Усе глядзяць. Ты неяк адрозьніваесься ад астатняй часткі беларусаў. Я ўжо прызвычаілася да гэтага».
Беларусь, мілая мая,
Славіць буду вечна я
Твае цудоўныя мясьціны,
Я дачка сваёй Радзімы...
Славіць буду вечна я
Твае цудоўныя мясьціны,
Я дачка сваёй Радзімы...