Віцебскі актывіст, супраць якога распачалі крымінальную справу за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы, спрабаваў прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія зьбівалі яго падчас затрыманьня.
Сяргей Каваленка зьвяртаўся ў Кастрычніцкі раённы суд з заявай пра тое, што тры міліцыянты, якія затрымлівалі яго 7 студзеня за вывешваньне сьцяга, перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. Паводле актывіста, падпалкоўнік Андрэй Іваноў, малодшы сяржант Максім Максімаў і старшы сяржант Васіль Палітыка яго беспадстаўна абражалі ды зьбівалі, прычым цялесныя пашкоджаньні засьведчыла мэдычная экспэртыза.
Судзьдзя Тацяна Жураўкова адмовілася разглядаць заяву актывіста ў судзе. Між тым, як спадар Каваленка даведаўся з матэрыялаў сваёй крымінальнай справы, усе тры міліцыянты запатрабавалі зь яго па 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды – нібыта падчас затрыманьня актывіст ня толькі чыніў супраціў супрацоўнікам міліцыі, але яшчэ й абражаў іх.
Сяргей Каваленка не прызнае сябе вінаватым ні ў супраціве, ні ў злосным хуліганстве – так кваліфікавалі вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы 7-га студзеня супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС. Таму віцебскі сябар КХП БНФ зьвярнуўся з шэрагам хадайніцтваў да сьледчага Андрэя Баранава. Каваленка настойваў, каб сьледзтва ня брала пад увагу супярэчлівых паказаньняў сьведкаў, і патрабаваў лічыць ягоную справу палітычнай, а не звычайным хуліганскім учынкам.
Усе да аднаго хадайніцтвы апазыцыянэра, а таксама ягонага адваката Пятра Каваленкі сьледчы адхіліў, напісаўшы ў адказ, што яны “супярэчаць доказам, якія ёсьць у крымінальнай справе”.
Цяпер крымінальную справу Сяргея Каваленкі павінны перадаць у пракуратуру, а потым яна трапіць у суд. Калі абвінавачаньні, выстаўленыя супраць Сяргея Каваленкі, будуць даказаныя ў судзе, яму пагражае да 6 гадоў турэмнага зьняволеньня.