Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 1 красавіка.
Выбары ў мясцовыя саветы, якія адбудуцца 25 красавіка, выклікаюць сярод слухачоў Свабоды супярэчлівую рэакцыю. Многія актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму, некаторыя -- нават і ў вершаванай форме.
Спадарыня: “Набліжаюцца выбары ў мясцовыя саветы, а потым і прэзыдэнцкія. Нам даецца шанец абраць тых, хто ня будзе пасіўна сядзець і глядзець уверх на вэртыкаль, якая адтуль паступіць каманда. Для нас, выбаршчыкаў, мясцовыя саветы бліжэйшыя. Большасьць з нас павінна ісьці на выбары, а не ігнараваць іх. Маўляў, яны нічога для нас ня зробяць, як зараз. Трэба спадзявацца, што яны панясуць наверх нашы прапановы. Па-першае, вярнуць нашы ўклады, тым палепшаць наша становішча, бо гэта ўклады пэнсіянэраў, старэйшага пакаленьня. Вярнуць хаця б часткова ільготы на праезд у гарадзкім транспарце. Зьнізіць аплату на камунальныя паслугі. А нашым слухачам параіць: меней крытыкуйце, а болей прапануйце. Трэба, каб нашы прапановы даходзілі зьнізу да верху. А калі кандыдат пасіўны і нічога не зрабіў, трэба, каб пайшоў у адстаўку датэрмінова. Там жа засталіся тыя, хто не прайшоў па конкурсе”.
Валер Курневіч, Барысаў: “Наконт выбараў. Выбары і пры Сталіне былі. Дыктатура свае правы качала. Выбаршчыкі выбіралі толькі тых, кандыдатуры якіх улада прызначала. Аналягічная сытуацыя і цяпер. Каб стаць дэпутатам, апазыцыянэру трэба быць акрабатам. Калі перашкоды пройдзе, усё адно да фінішу ён ня дойдзе. Калі ня верыш, пасьля выбараў прэсу праверыш. А можа, у нас Канстытуцыі няма, а калі яна ёсьць, то, гледзячы паблізу, яна толькі ў кніжцы, для эскізу”.
Хвалюе чытачоў пытаньне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Гарадзенскай вобласьці на Астравецкай пляцоўцы. Плянуецца, што станцыя будзе ўзводзіцца паводле праекту санкт-пецярбурскага інстытуту “Атамэнэргапраект”, а генэральным падрадчыкам выступіць расейскае ЗАТ “Атамбудэкспарт”. Увод першага энэргаблёку чакаецца ў 2016 годзе, другога — у 2018-м. А днямі ў Кіеве праходзяць грамадзкія слуханьні пра ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе беларускай атамнай станцыі.
Геній Плавінскі, Глыбокае: “Пытаньне Раманчуку, Севярынцу, Мілінкевічу. Шаноўныя, можа, разбудзіце беларусаў? Вунь добрыя суседзі літоўцы праз інтэрнэт лямантуюць, што пад бокам будуюць АЭС. А можа, хопіць беларусам спаць у бульбе? Што, мала нам чарнобыльскага попелу? Што, беларусам патрэбны рэактыўны плютоній для пудзіла?”
На пытаньні спадара Плавінскага адказвае сустаршыня стваранай партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:
“У першую чаргу дзякуй вялікі слухачу “Свабоды” за гэты званок, за гэтую тэму. Гэтыя званочкі па ўсёй Беларусі складаюцца ў званы, і да Чарнобыльскага шляху, я вельмі спадзяюся, што большасьць беларусаў, якія вырашаць прыехаць у Менск і выйсьці на Чарнобыльскі шлях, будуць казаць якраз пра тое, што Беларусі не патрэбная атамная электрастанцыя. Я ведаю, што на бліжэйшым паседжаньні Беларускага незалежніцкага блёку адно з асноўных пытаньняў будзе — стварэньне аргкамітэту новага Чарнобыльскага шляху. Якраз 26 красавіка, на наступны дзень пасьля завяршэньня мясцовай выбарчай кампаніі, гэтая тэма павінна загучаць наймацней. Таму я запрашаю і слухача, і іншых слухачоў “Свабоды” далучыцца да арганізацыі і ўдзелу ў мерапрыемствах Чарнобыльскага шляху 2010 году. Тады беларусаў можа пачуць увесь сьвет — калі нас будзе шмат, калі мы разам будзем казаць пра тое, што АЭС, новы Чарнобыль Беларусі непатрэбны”.
29 сакавіка ў Маскве адбылося адразу два тэракты. У выніку выбухаў у мэтро 39 чалавек загінулі, больш за 90 — параненыя. На здарэньні ў Расіі адгукаецца слухач Ільля Копыл.
Ільля Копыл: “У Маскве адбыўся тэракт, загінулі людзі, гэта жахліва. Але напярэдадні тэракту на канале RTV абмяркоўвалася пытаньне з удзелам Жырыноўскага, ці мае Расея прэтэнзіі да краінаў СНД, былых рэспублік СССР. Пра Беларусь Жырыноўскі сказаў: “Гэта расейская тэрыторыя цалкам”. Украіне ён пакінуў 6 абласьцей вакол Львова. Апытаньне насельніцтва паказала, што 66 адсоткаў расейцаў лічаць Крым расейскім, 33 адсоткі мяркуюць, што Ўкраіна — гэта расейская тэрыторыя, 29 адсоткаў лічаць, што Беларусь — гэта тэрыторыя Расеі. І кіраўніцтва Расеі, і грамадзтва пакутуюць на імпэрскую хваробу. Злосна і зь непавагай ставяцца да суседзяў. Можа, гэта адна з прычын, што там адбываюцца тэракты”.
30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду да канца году забясьпечыць транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты да беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў з портаў, куды яна будзе дастаўляцца морам. У траўні Беларусь чакае пробную партыю нафты, 80 тысячаў тон, з Вэнэсуэлы. Плянуецца, што нафта будзе дастаўляцца марскім шляхам да Адэсы (Украіна), затым да Мазырскага НПЗ чыгункаю.
Камэнтар Уладзімера з Полацку.
Спадар Уладзімер, Полацак: “Наш правадыр загадаў ураду распрацаваць схему паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь, а сам, як звычайна, стаў убок — маўляў, я дамовіўся, а вы цяпер ламайце галаву, як яе даставіць. А калі гэтая задума праваліцца, Рыгоравіч зьбярэ ўрад і ў звыклай для сябе манеры пачне кідаць грамы і маланкі, крычаць, што вы нічога ня робіце, гультаі, вас трэба разагнаць і г.д. Тут напрошваецца аналёгія. Наконт нафты можна дамовіцца нават з марсіянамі, калі яны там ёсьць, галоўная праблема — як гэтую нафту даставіць. Ня трэба мець эканамічнай адукацыі, каб зразумець, што вазіць нафту зь іншага канца сьвету эканамічна нявыгадна. Гэтая нафта сапраўды будзе залатой, а бэнзін, выраблены зь яе, будзе брыльянтавы. На маю думку, галоўная мэта ўсёй гэтай задумы — паказаць Маскве, што абыдземся мы і бяз вас, маўляў, самі з вусамі”.
Шаноўныя слухачы!
Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.
Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.