Нямецкая валянтэрка Сюзана Паўль абавязаная пакінуць Беларусь 1 красавіка да 24 гадзінаў. Паводле спадарыні Паўль, гэтага патрабуе Міністэрства ўнутраных спраў. Высылаюць яе з палітычных прычынаў. У чым іх сутнасьць, не называецца. Учора ў грамадзянкі Нямеччыны забралі пашпарт, а сёньня аформілі выязную візу з 1 красавіка да 1 красавіка 2010.
Сюзана Паўль зьбіралася зьехаць зь Беларусі да 3 красавіка. Учора яна атрымала выязную візу на тры бліжэйшыя дні. Учора ж у грамадзянкі Нямеччыны забралі пашпарт у аддзеле грамадзянства й міграцыі ў прысутнасьці панятых. Візу на тры дні скасавалі й аформілі новую — дзейную цягам сёньняшніх сутак.
“Консул мне сказаў, што з палітычных прычын мяне высылаюць з краіны. Я абавязаная пакінуць краіну сёньня. Консул казаў, што зь Міністэрства ўнутраных спраў паведамілі, што ўсё будзе арганізавана й аплачана імі. Але цяпер начальнік міліцыі мне сказаў, што нічога ўжо не арганізавана. Я павінна сама гэта арганізоўваць”, — паведаміла “Свабодзе” Сюзана Паўль.
У нямецкім консульстве высылку Сюзаны Паўль не камэнтуюць, спасылаючыся на закон аб абароне прафэсійных дадзеных.
Сама Сюзана Паўль ня можа зразумець, у чым яна правінілася перад Рэспублікай Беларусь.
“Мяне ня хочуць тут бачыць. Я тут некаму перашкаджаю”.
Высьветліць, у чым віна грамадзянкі Нямеччыны, не ўдалося і ў аддзеле грамадзянства й міграцыі Ленінскага раёну Магілёва. Начальнік аддзелу Міхаіл Лугаўцоў выправадзіў журналістаў з памяшканьня.
Выслаць Сюзану Паўль і яе каляжанку Зольвай Шорыес зьбіраліся яшчэ 24 сакавіка. У гэты дзень іх тры з паловай гадзіны пратрымалі ў міліцыі. Спачатку вінавацілі ў тым, што яны без дазволу наведвалі навучальныя ўстановы ў Магілёве й гутарылі там з моладзьдзю, а потым абвінавачваньне нечакана зьмянілі на парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Беларусі.
27 сакавіка дзяўчатам паведамілі, што адміністрацыйная справа супраць іх спыненая.
29 сакавіка зь Беларусі зьехала Зольвай Шорыес, бо ў яе скончыўся тэрмін знаходжаньня ў краіне.
У Магілёў валянтэркі прыехалі 5 месяцаў таму ад няўрадавай нямецкай арганізацыі “Нямецка-расейскі абмен” (DRA), каб працаваць у дабрачынным фондзе “Блакітныя берагі”. Ён апякуецца дзецьмі-інвалідамі. Зь імі й займаліся маладыя немкі.
Сюзана Паўль зьехала з Магілёва сёньня апоўдні. Цяпер яна вяртаецца на радзіму цягніком. Ён выправіцца зь Менску а палове на чацьвертую дня.
У нямецкай амбасадзе ў Менску адмовіліся ад камэнтароў адносна высылкі валянтэраў зь Беларусі. У бэрлінскай арганізацыі “Нямецка-расейскі абмен” сказалі, што валянтэркі пакуль знаходзяцца ў дарозе і зь імі не ўдалося зьвязацца, таму пакуль ад камэнтароў там устрымаліся.