“Пры Брэжневу бутэлька гарэлкі каштавала 33 буханкі хлеба. Цяпер — 3”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 31 сакавіка 2010 году

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі яшчэ ня хутка, але менавіта на іх, а не на выбарчую кампанію ў мясцовыя Саветы, якая працягваецца зараз, найчасьцей зьвяртаюць у сваіх лістах увагу нашы слухачы і наведнікі вэб-сайта.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Вось зь якой прапановай зьвяртаюцца да апазыцыі жыхары Ліды Софія Скарымановіч, Андрэй Крыпачэўскі і Гэлена Зьміраноўская. Яны пішуць:

“Прапануем, каб апазыцыя вылучыла адзіным кандыдатам на прэзыдэнта Анжаліку Борыс — мужную, адукаваную, здольную і аўтарытэтную жанчыну, якую ўжо ведаюць і ў Эўразьвязе, і ва ўсім сьвеце. Мы верым, што ўсе будуць галасаваць за яе. У сваю чаргу, многае ад яе і чакаем.

Наш галоўны наказ — вярнуць грашовыя ўклады, што згарэлі ў Ашчадным банку на пачатку 90-х гадоў. Патрэбныя на гэта грошы знайсьці можна. Чаму б не ліквідаваць вобласьці (як у Літве і Латвіі)? І 110 раёнаў нам ня трэба — дастаткова і 50-ці. Вунь колькі бюракратаў адразу скароціцца.

Па-другое, трэба вярнуць усе льготы пэнсіянэрам.

Па-трэцяе — падвысіць цэны на гарэлку, віно і піва. І адначасова зьнізіць кошты на хлеб, мяса, малако, рыбу, муку і цукар. Бо што ў нас цяпер робіцца? Прынята лаяць Савецкі Саюз, але тады ў гэтай справе ўсё было нашмат разумней. Напрыклад, 1 кіляграм лівэрнай каўбасы каштаваў 60 капеек. Бутэлька гарэлкі — 6 рублёў. Такім чынам, замест бутэлькі можна было набыць 10 кіляграмаў лівэрнай. А цяпер? 1 бутэлька гарэлкі — 1 кіляграм лівэрнай.

Хлеб каштаваў 18 капеек. За бутэльку гарэлкі — 33 буханкі (прычым буханка тады важыла 900 грамаў). А цяпер паўлітра гарэлкі — 3 буханкі хлеба. Вось да чаго дажыліся. І падобным чынам задзёрты цэны на ўсе прадукты харчаваньня і лекі”
.

Сапраўды, слушныя і цікавыя параўнаньні, якія даюць шмат пажывы для роздуму. Адметна, што нават пры тых, савецкіх коштах на гарэлку, якія ў супастаўляльных лічбах былі шматкроць вышэйшымі за цяперашнія, згаданыя слухачамі брэжнеўскія гады (70-я — пачатак 80-х) доўгі час называлі “застойна-запойнымі”. І нават пры тых коштах масавая алькагалізацыя насельніцтва прывяла да вымушанай антыалькагольнай кампаніі ў сярэдзіне 80-х, у пэрыяд раньняга Гарбачова. Да чаго ж давядзе цяперашняе становішча, калі гарэлка ў пераліку на кошт хлеба, сапраўды, у 10 разоў таньнейшая (а значыць, і больш даступная), чым пры Брэжневе?

Ад некаторых людзей сталага веку даводзілася з гэтай нагоды чуць наступнае: тая ўлада, маўляў, хацела накарміць людзей, а гэтая — хоча спаіць... Што тут сказаць? Можа, накарміць яна і хацела. Але ў крамах, апроч ужо згаданых танных хлеба, лівэрнай каўбасы ды дарагой гарэлкі, удосталь тады амаль нічога не было.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну — працягвае расказваць пра будні сёньняшняй калгаснай вёскі.

“У нашым калгасе ў Макранах не хапае саломы — бяруць у суседніх Ляхаўцах. Адметна, што раней, калі камбайны зьбіралі салому ў копы, а потым тыя копы сьцягвалі ў стагі — саломы было ўдосталь. А цяпер усё расьцярушана па палях і ўзімку ляжала пад сьнегам. Толькі ля Асавой засталося ня ўбранага гектараў 60, а ў іншых мясьцінах яшчэ больш...

У Макранах рулёны саломы на полі ляжаць, усю зіму былі сьнегам засыпаныя... гніюць. У Макранах сена ля мяжы скасілі, скруцілі ў рулёны — таксама ўсё пад сьнегам засталося. У сапраўднага гаспадара так не было б. А яны цяпер езьдзяць па іншых гаспадарках, просяць: “Салома патрэбна”...

Да такой ступені ўсе прывыклі да безадказнасьці, безгаспадарчасьці. І ніхто ні за што не адказвае. Вось такая яна, калгасная вытворчасьць”
.

Памятаю, як у 70-я гады цэлыя калёны грузавікоў зь Віцебшчыны напрадвесьні прыяжджалі ў Гродзенскую вобласьць па салому: маўляў, выручайце, скаціну няма чым карміць. Улетку, падчас касьбы і жніва, гэтак жа выпрошвалі мэханізатараў: на трактарах і камбайнах не было каму працаваць... У Заходняй Беларусі, якая значна пазьней, чым Усходняя, сутыкнулася з калгаснай сыстэмай, тады яшчэ і стаўленьне да сялянскай працы было іншае, і ўцёкі зь вёскі ў горад не былі такімі масавымі. Але за апошнія дзесяцігодзьдзі розьніцы паміж Усходам і Захадам амаль не засталося. Калгасная сыстэма, выглядае, паўсюль атрымала канчатковую перамогу — і над сялянскім ладам жыцьця, і над здаровым сэнсам.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў свой новы ліст пачынае з заўвагі пра аналітычныя перадачы “Свабоды” і асьвятленьне ў іх тэмы выбараў. Ён піша:

“Тэмы палітычныя, якія Радыё Свабода закранае апошнім часам, вельмі добра камэнтуюцца і радыёслухачамі, і супрацоўнікамі радыё. Але сярод іх ёсьць такія, якія мне зусім нецікава камэнтаваць. Узяць хоць тыя ж выбары. Ці селі б вы граць у карты з шулерам, або з напарстачнікам у напарсткі, або з Наздровым у шашкі? Вось і я не хачу граць у выбары з лахатроншчыкамі ад улады, бо ўсё вядома загадзя, як вынік хакейнага матчу паміж прэзыдэнцкай камандай і якой заўгодна беларускай”.

Далей у сваім лісьце Кастусь Сырэль зьвяртаецца да зусім іншай тэмы — стаўленьня грамадзтва да таго навакольнага асяродзьдзя, у якім яно жыве. У прыватнасьці, ён апісвае такі выпадак (цытую ліст):

“Тыдзень таму зьявілася ў мяне пільная патрэба паехаць на лецішча, якое месьціцца непадалёк ад Вушачаў, на беразе маляўнічага возера Глыбокае. Выехаў я а шостай гадзіне раніцы першым аўтобусам. Так здарылася, што на аўтастанцыі я быў адзіным пасажырам на свой рэйс. Думаў, так і паеду адзін да Сержаноў, але ў канцы мястэчка “прагаласавалі” двое мужчын зь ледабурамі і рыбацкімі скрынямі. Завязалася звычайная ў такой сытуацыі гаворка: клюе — не клюе, вясна нешта позьніцца, лёд на азёрах — двайны, паміж двума пластамі — сьнег з вадой, лункі надта цяжка бурыць…

Праехалі з кілямэтар за мястэчка. Раптам кіроўца ўсклікнуў: “Глядзі-глядзі, каза!”


Усе на нейкі момант змоўклі, шукаючы вачыма ў ранішнім прыцемку жывёліну. Ды вось жа яна, казуля! Выскачыла на дарогу, спынілася, павярнула зграбную галоўку на тонкай шыі ў наш бок. Бліснулі ў сьвятле фар шырока пастаўленыя вочы, доўгія чуйныя вушкі злавілі гук матора і шоргат колаў па засьнежаным асфальце. Напружыліся цягліцы тонкіх высокіх ног, і ў два скачкі казуля апынулася на ўзбочыне, потым скіравалася ў неглыбокі кювет і паскакала праз рэдкае кустоўе да недалёкага лесу, час ад часу правальваючыся праз наст у глыбокі сьнег.

Мае спадарожнікі ажыўлена загаманілі:

— Эх, каб ружжо сюды, я б яе не ўпусьціў бы!

— І не кажы! Спрытная козка, і зусім побач была!

— Ага! Кіляграм дваццаць пяць мяса было б, ня меней!

Нешта непрыемна варухнулася ў грудзях. Я падумаў: Божухна, у што мы ператварылі навакольны сьвет, у каго ператварыліся самі! Прыгажуня-казуля, да таго ж котная самка, для нас — не дасканалае стварэньне Прыроды (ці Бога?), а паўтара пуды мяса. Здаецца, не такія ж мы і галодныя! Лес для нас — не таямніца з таямніц, ня цуд, насычаны водарам мільярдаў кветак, грыбоў, траў, чысьцюткага паветра, ня родны дом для тысяч відаў жывых істот, ад амёбы да лася і зубра, а ўсяго толькі крыніца альтэрнатыўных і неальтэрнатыўных відаў паліва, бярвеньня ды дошак. У што мы ператварылі берагі нашых азёр і рэк — у сьметнік, бо мы ня здольныя асэнсаваць, што чыстая прэсная вада — гэта найвялікшае багацьце, крыніца нашага жыцьця і здароўя, што прыдатнай для ўжываньня вады ў сьвеце вельмі мала, што большасьць насельніцтва плянэты пакутуе ад яе недахопу. Для нас трэба ствараць адмысловыя законы, каб мы ня мылі свой брудны аўтамабіль на беразе ракі ці возера, бо мы самі ўжо ня здольныя здагадацца, што гэтага рабіць нельга. Нам мала злавіць некалькі акунёў ці плотак на вуду, нам край неабходна запусьціць у возера электравуду ці сетку, каб потым хваліцца знаёмым: “Я два мяхі судакоў злавіў, ажно два мяхі!!!” Кожную вясну мы бяздумна падпальваем леташнюю сухую траву на лугах ды ўзбочынах дарог, трысьнёг на балотах, зьнішчаючы пры гэтым трыльёны жывых істот, паводзячы сябе, бы акупанты на захопленай варожай тэрыторыі. Мы ўпэўнена крочым да краху прыродных экасыстэм.

Можа, менавіта за ўсё гэта Прырода (ці Бог?) і карае нас невядомымі нашым продкам хваробамі, п’янствам, непрацяглым жыцьцём, гнілымі зубамі, недарэчнымі заўчаснымі сьмерцямі, хваравітасьцю дзяцей, невядомым даўней разгулам стыхій?

Пэўна, радыёслухач запярэчыць: “Не, гэта ня я, гэта не пра мяне, я не вінаваты!” Мы ўсе вінаватыя, усе. Калі ня ўдзелам, то сваёй маўклівай згодай”
.

Можа, тыя вашы, спадар Кастусь, выпадковыя спадарожнікі і не такія ўжо крыважэрныя і агрэсіўныя: часам старажытныя паляўнічыя інстынкты прачынаюцца самым неспадзяваным чынам. Але ў галоўным вы, безумоўна, маеце рацыю. У што паблізу вялікіх (і нават ня надта вялікіх) паселішчаў ператвораныя ў Беларусі лясы, азёры, рэкі? А ўзбочыны шашэйных дарог і насыпы чыгунак? Часам такое ўражаньне, што некаторыя людзі, сапраўды, знарок імкнуцца пакінуць пасьля сябе як мага больш брудны, агідны сьлед. Ні адчуваньня адказнасьці за ўсё гэта, ні пачуцьця Радзімы, ні нават страху перад міліцыянтам... Дый дзе таго міліцыянта ў такіх мясьцінах сустрэнеш?... Гэта ж не апазыцыянэры — так, звычайныя абываталі на прыродзе забаўляюцца, адпачываюць...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by