“Надзяваць боты гумовыя, і пачынайце: Клайпеда, Вэнтсьпілс, Адэса, “Адэса — Броды” — дзе вы лічыце патрэбным”, — загадаў кіраўнік Беларусі. Перамовамі будзе займацца першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка.
Лукашэнка запатрабаваў ад ураду максымальна паскорыць гэтую працу і да канца бягучага году забясьпечыць транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты да нафтаперапрацоўчых заводаў з портаў, куды яна будзе дастаўляцца морам.
“Неадкладна, на працягу першага паўгодзьдзя, ня проста мне даць адказ, а прасунуцца ў лягістыцы паставак нафты з Вэнэсуэлы”, — загадаў Лукашэнка ўрадоўцам.
У траўні Беларусь чакае пробную партыю нафты, 80 тысячаў тон, з Вэнэсуэлы. Плянуецца, што нафта будзе дастаўляцца марскім шляхам да Адэсы (Украіна), затым да Мазырскага НПЗ чыгункаю.
Сёлета Беларусь плянуе набыць у Вэнэсуэле 4 мільёны тон нафты.
Раней Украіна прапаноўвала Беларусі далучыцца да праекту “Адэса — Броды”, што прадугледжвае перавод нафтаправоду ў авэрсны рэжым пры ўмове гарантаванага аб'ёму паставак.
Нафтаправод “Адэса-Броды”, будаўніцтва якога скончана ў 2001 годзе, першапачаткова плянаваўся для пампаваньня касьпійскай нафты ў Эўропу.
Украіна цягам двух гадоў з моманту збудаваньня нафтаправоду беспасьпяхова спрабавала дамовіцца аб пампаваньні касьпійскай нафты па ім у прамым кірунку. Не атрымаўшы канкрэтных прапаноў ад кампаніяў, урад Украіны пры канцы чэрвеня 2004 году дазволіў выкарыстоўваць трубаправод для пампаваньня расейскай нафты ў рэвэрсным напрамку.
Для транспартаваньня касьпійскай нафты празь Беларусь у Заходнюю Эўропу нафтаправод “Адэса-Броды” трэба перавесці ў прамы (авэрсны) рэжым.
Праект падаўжэньня нафтаправоду “Адэса-Броды” ў напрамку Плоцку і Гданьску (Польшча) плянуецца рэалізаваць у 2011 годзе.
У канцэпцыі энергабясьпекі Беларусі да 2020 году, зацьверджанай у верасьні 2007 году, прадугледжваецца забясьпечыць да 2011 году альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі нафты ў аб'ёме прыкладна 4 млн. тон (20% ад цяперашняга аб'ёму закупаў) праз порты Балтыйскага і Чорнага мораў, піша Інтэрфакс.
Падрабязнасьці — пазьней на сайце “Свабоды”.