З працоўнай паездкай у Беларусі знаходзіцца група амэрыканскіх бізнэсоўцаў. Прымаюць патэнцыйных заакіянскіх інвэстараў на вышэйшым узроўні: напярэдадні зь імі сустрэўся Аляксандар Лукашэнка, а сёньня вёў перамовы прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. На што разьлічваюць беларускія ўлады, робячы чарговую спробу зьменшыць эканамічную і палітычную залежнасьць ад Крамля?
Амэрыканскі бізнэс-дэсант — гэта 10 прадстаўнікоў кампаній у сфэры высокіх тэхналёгій, юрыдычнага кансалтынгу, машынабудаваньня. Беларуская дзяржава гарантуе ім самыя спрыяльныя ўмовы, пад кожны пэрспэктыўны праект абяцае прэфэрэнцыі. Праўда, напрыканцы 90-х амэрыканцы ўжо мелі сумны досьвед супрацоўніцтва, якому не дапамаглі ніякія прэфэрэнцыі — стратную вытворчасьць у Абчаку пад Менскам аўтамабіляў “Форд”, якую ўрэшце давялося згарнуць.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў лепшыя часы Беларусь актыўна разьвівала стасункі з амэрыканскімі кампаніямі, вынікам чаго стаў таваразварот больш чым у 700 мільёнаў даляраў. Аднак далейшаму росту перашкодзіла палітыка: у 2008-м ЗША ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі замарозілі актывы шэрагу беларускіх прадпрыемстваў (“Белнафтахім”, “Лакафарба”, “Палімір” ды іншыя). Не спрыяе актывізацыі і практыка ўжываньня тарыфнага рэгуляваньня ў дачыненьні да некаторых катэгорыяў беларускага экспарту.
Пра палітычны аспэкт напярэдадні згадваў і Аляксандар Лукашэнка: маўляў, да супрацоўніцтва гатовыя, але бяз спробы прыгнёту. У гэтым сэнсе ён спадзяецца, што адміністрацыя Барака Абамы зьменіць стаўленьне да Беларусі. Тым больш, словамі Лукашэнкі, Беларусь не звалілася ў крызісную яміну, і ўкладаньне сюды сродкаў — справа цалкам бясьпечная і прадказальная:
“Мы гатовыя пакінуць усе крыўды ў мінулым і пачаць плённае супрацоўніцтва ня толькі ў эканамічнай, але і ў іншых сфэрах. Наша краіна зацікаўленая ў разьвіцьці паўнавартасных, узаемавыгадных, канструктыўных адносінаў з наймагутнейшай дзяржавай сьвету. Але яны павінны грунтавацца на прынцыпах неўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, узаемнай павагі і даверу”.
Беларускае кіраўніцтва заклікае амэрыканцаў інвэставаць у Беларусь. Летась у эканоміку прыцягнута 54 мільёны даляраў заакіянскіх інвэстыцыяў, аднак гэтая сума ніяк ня можа лічыцца паказьнікам высокай актыўнасьці з боку такой індустрыяльнай дзяржавы, як ЗША. Беларускі ўрад заклікае амэрыканцаў далучацца да будаўніцтва пляніровачнага ядра дзелавога раёну “Менск-Сіці”, узяць удзел ва ўзьвядзеньні першай беларускай АЭС, пашыраць фармакалягічную і юрыдычную прысутнасьць.
Экс-старшыня Савету Рэспублікі, навуковец Аляксандар Вайтовіч лічыць, што тэарэтычна бакі могуць знайсьці агульную мову ў асобных сфэрах. Аднак спадзявацца на вялікі плён наўрад ці выпадае — ступень свабоды вытворцаў у Беларусі і ЗША настолькі адрозьніваецца, што гуляць на роўных папросту немагчыма:
“Гэта цалкам натуральна, што раней ці пазьней дзелавая актыўнасьць адновіцца, з новай сілай пойдзе разьвіцьцё рынкаў, зьявіцца попыт на высокатэхналягічныя вырабы. Зусім ня выключана, што неўзабаве ўзьнікнуць і нейкія новыя прапановы, бо заўсёды людзі думаюць, як бы пераадолець гэты крызіс у далейшым, кампэнсаваць ягоныя наступствы. Але гэта тычыцца найперш рэгіёнаў, дзе высокая ступень свабоды вытворцаў. А ў нас менавіта з гэтай прычыны крызіс мае нашмат цяжэйшыя наступствы, чым у краінах, дзе эканоміка больш свабодная. І спадзявацца разбагацець на заграбаньні жару чужымі рукамі — справа марная”.
У Беларусі разьлічваюць на цікавасьць інвэстараў перадусім да Парку высокіх тэхналёгій, дзе ўжо ёсьць пэўныя сумесныя напрацоўкі. Гаспадары паведамілі гасьцям, што беларускі тэхнапарк пасьпяхова канкуруе з індыйскім, а ў падрыхтоўцы праграмістаў яго нават перасягае. Аднак адзін з рэзыдэнтаў ПВТ кажа, што працэс цяпер назіраецца хутчэй зваротны: сумесныя праекты не разьвіваюцца, а дзе можна — згортваюцца:
ўсе амэрыканскія, ангельскія праекты зараз згортваюцца ...
“Ніяк ня скажаш, што яны там б’юцца, змагаюцца, каб трапіць на наш рынак. Так і кажуць: вы хлопцы, канечне, добрыя, з вамі нармальна працаваць. Але ж зразумейце: інтарэсы бізнэсу — яны вышэй за ўсё. І, прыкладам, практычна ўсе амэрыканскія, ангельскія праекты зараз згортваюцца. Перадусім там, дзе нашых людзей можна замяніць тымі ж амэрыканскімі ці ангельскімі супрацоўнікамі”.
Па выніках перамоваў у Менску вырашана заснаваць раду дзелавога супрацоўніцтва. Лукашэнка ідэю ўхваліў, паабяцаўшы асабістую падтрымку цікавым праектам. Цяпер найбольшыя фінансавыя ўкладаньні ў Беларусь робяць амэрыканскія кампаніі “Кока-Кола” і “Макдоналдс”; значныя сродкі ўкладзеныя ў мадэрнізацыю кандытарскага прадпрыемства “Спартак”, Магілёўскага мэталюргічнага заводу, СП “Белдэнтко”. Вядуцца перамовы наконт сумесных праектаў з кампаніямі, якія выпускаюць аўтакампанэнты, а таксама з вытворцам буйнагабарытнай тэхнікі “Катэрпілар”.