Пра чырвона-зялёныя майткі, духмяны супчык і вечнае жыцьцё з сабакам Сьцяпанам

За званьне найбольш абмяркоўвальнай тэмы ў блогасфэры гэтым тыднем змагаліся Інтэрвію ў Чырвона-Зялёных Майтках Самі-Ведаеце-Каго і Дзень Волі. Арганізатары апошняга кіраваліся прынцыпам «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць», прадэманстраваўшы зайздросную ўпартасьць у тым, каб атрымалася «як заўсёды». Тады як Самі-Ведаеце-Хто пайшоў на рэвалюцыйнае іміджавае рашэньне, пераймаючы Ліпковіча. Рызыкнуў і выйграў. Не, сёй -той, вядома, абураўся, іншыя падсьмейваліся, але ўсё гэта з прымешкай ледзь прыхаванага захапленьня: во дае мужык, адмачыў дык адмачыў! Красаўчык! Аджог! Фэерычна! Прыкладна так адрэагавалі на відэаролік з інтэрвію ўдзельнікі суполкі by_trash - страшэнныя, між іншым, выскалякі і зласьліўцы. Якія за найменшую прамашку і ляпсус каго заўгодна на брытанскі сьцяг парвуць, не пашкадуюць. На тле звычайна бязьлітаснай рэакцыі, гэтая выглядала хутчэй прыязнай. І калі sergey_86 піша - «Наш пацан! Нездарма 16 гадоў ва ўладзе, абы каго не выбіраем, хы :)» - выглядае на тое, што ў кожным жарце ёсьць доля жарту, астатняе - праўда.


РЭВАЛЮЦЫЯ СТЫЛЮ: РЫГОРЫЧ РАЎНАЕЦЦА НА ЛІПКОВІЧА


«Я заўжды казаў, што калі б Рыгорыч не чапаў мову і сымболіку, то меў бы не пацешны БРСМ "за булачку", а рэальныя штурмавыя атрады за ідэю», - зацеміў abrykos, чытаючы натхняльныя эканамічныя навіны. То бок, варта яму толькі зьмяніць майткі з чырвона-зялёных на бел-чырвона-белыя...

Зрэшты, ня ўсім прыйшлася даспадобы ідэя выкарастаньня дзяржаўнай сымболікі, нават нялюбай, падобным чынам:

«Спартовыя касьцюмы, саколкі, хрэн зь ім - гальштукі ў службоўцаў ад Мінспорта, але майткі - гэта ўжо занадта! Тым больш на азадку першай асобы краіны... Мабыць, нашэньне нацыянальнага сьцяга (як бы я да яго ні ставіўся) на, прабачце, дупе не зьяўляецца непаважлівым стаўленьнем да яго. Таму ў мяне ёсьць пара выдатных прапановаў. У мэтах папулярызацыі сьцяга выпускаць: 1) туалетную паперу зь яго малюнкам; 2) пракладкі і пампэрсы; 3) падложныя анучы і г.д. Сьцяг павінен быць паўсюль!», - абураецца hanshuhelharter.

Тлятворны ўплыў захаду, што вы хочаце. У краязнаўча-гумарыстычным дасьледаваньні «Вы занадта доўга жылі ў ЗША, калі...» ёсьць такі пункт: «...ня толькі носіце зорна-паласатыя майткі, але і спрабуеце знайсьці ў краме зорна-паласатую туалетную паперу». Апроч гэтага, выбухова-аглушальны посьпех кампаніі Ліпковіча ня мог ня выклікаць зайздрасьці ў іншых палітычных гульцоў. Таму няма нічога дзіўнага ў іхных спробах яго паўтарыць.

Беларускі палітык № 1 творча засвоіў арыгінальныя прыёмы: Ліпковіч раздаваў інтэрвію ў чырвона-зялёнай кіпе і седзячы на жоўтым харлеі, ён жа замест харлея ўскараскаўся на гідрацыкл, а замест кіпы нацягнуў майткі. І ў такім выглядзе разыгрываў зь сябе белага «сахіба»: фамільярна паляпваючы журналіста па плячы, шырокім жэстам даючы яму рэшткі пітной вады ў бутэлечцы і блытаючы Лацінскую Амэрыку з Азіяй і Афрыкай. Усе вы, маўляў, на адзін твар. Белы «сахіб» не абавязаны разьбірацца ў адценьнях каляровага «трэцяга сьвету».

Падобна, беларускі палітык № 1 імкнуўся абвергнуць цытаваны ў мінулым аглядзе закід блогера antiluka, быццам ён ужо «не адпавядае сёньняшнім уяўленьням пра тое, як павінен выглядаць эстэтычны прадукт». Ёсьць яшчэ порах у парахаўніцах!

Аднак valiancin з нагоды Дня Волі дарэчы прыгадвае даўнюю мудрасьць цара Саламона:

«І ГЭТА МІНЕ... Бо любая сыстэма рана ці позна пачынае старэць. І чым далей заходзіць яе старэчы маразм, тым бліжэйшы заканамерны фінал. Канечне, яна будзе па-ранейшаму ўдаваць сябе маладой: падмазваць вочы, падфарбоўваць вусны, чысьціць і зараджаць стары маўзэр. Але нават плястычная апэрацыя ня здолее схаваць зморшчынаў і кругоў пад вачыма. І трымценьня рук. Чым далей, тым часьцей яе будзе апаноўваць бессань і страх сьмерці. Але побач ня будзе нікога, хто б паспачуваў. І вось нарэшце надыдзе такі момант, калі ёй не дапаможа нічога: ні танкер з нафтай, ні танк з гарматай. Сыстэма згіне... Усё мінае. Зьнікне дурасьць, калгаснае нахабства і старэчы маразм. Краіна проста перахварэе на ўсё гэта. Як дзіця перахварэе на адзёр ці яшчэ якую хваробу, што не абмінае нікога ў маленстве. Галоўнае, каб мы не забывалі прымаць вітаміны».


ТЭАТР ЗАЧЫНЯЕЦЦА. ПАРА ПРЫБІРАЦЬ ТРУПЫ


«Сьвяткаваньне Дня Волі пачынаю з урачыстага абеду», - піша _tarka_. «На кухні чакае вялікі рондаль духмянага супчыку зь пярлоўкі і назьбіраных улетку лісічак. А каб надаць нейкай сучаснасьці ці проста паэкспэрымэнтаваць, пакрышыла туды сыру дор блю, усё адно сьмятаны ня маю».

У адрозьненьне ад блогеркі, як заўважалася вышэй, арганізатары мітынгу вырашылі не экспэрымэнтаваць. Ён прайшоў паводле звыклага рэглямэнту. Толькі чамусьці зацікаўленыя асобы не ацанілі гэтай вернасьці традыцыям.

«Уся прастора перад Акадэміяй навук - у сьцягах. У прыгожых сьцягах. Вельмі розныя людзі там былі. Ад моладзі да старых. Але не было аднаго важнага элемэнту. Духу... Духу мэты. Было шмат моладзі, а што яны спрабавалі выказаць - зусім незразумела. Пакрычалі "Жыве Беларусь", пабегалі перад Акадэміяй з заматанымі тварамі і... Усё?..», - смуткуе imshar.

Больш разгорнута пра тую самую цьмянасьць мэты выказаліся Валер Руселік і Аркадзь Несьцярэнка яшчэ напярэдадні 25 сакавіка ў артыкуле «Стомленыя сьвятам», зьмешчаным у суполцы nmnby:

«У чым праблема вулічнага Дня Волі? У тым, што з кожным разам нам спрабуюць упарыць розныя, часам дыямэтральна супрацьлеглыя падыходы да адзначэньня той самай гістарычнай падзеі. Адсюль незразумела, альбо мы адзначаем угодкі Беларускай народнай рэспублікі, альбо выказваем уласнае стаўленьне да афіцыйнай улады і палім партрэты першага прэзыдэнта, альбо рухаемся кудысьці мэтанакіравана і прарываем кардоны, альбо ствараем мэдыйны малюнак, альбо ўсё разам і штосьці абавязкова яшчэ».

Большасьць блогераў сапраўды ў той ці іншай ступені «стомленыя сьвятам». Але рэагуюць па-рознаму. Напрыклад, reaktivny_puz чакае «маленькую дзяўчынку» - гераіню міні-п'есы Данііла Хармса, якая выходзіць на сцэну (пасьля зьяўленьня на ёй шэрагу пэрсанажаў, якія ня могуць дамовіць фразу да канца праз млоснасьць) і прамаўляе: «Тата прасіў перадаць вам усім, што тэатр зачыняецца. Нас усіх ванітуе».

Тады як sergechaly заклікае чакаць не Хармсаву «маленькую дзяўчынку», а Шэксьпірава Фортынбраса - нарвэскага прынца, што зьяўляецца ў фінале «Гамлета», загадвае прыбраць трупы і заяўляе свае правы на дацкі трон. «Даўно пара расчысьціць палітычную сцэну ад палітычных трупаў», - рэзюмуе Чалы, празрыста намякаючы, што гэтым Фортынбрасам мог бы быць ён сам. Незразумела толькі, за чым справа стала. Мы павінны хорам яго паклікаць, як Дзеда Мароза ў дзяцінстве, ці што?

Меркаваны кандыдат-у-кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду Алесь Міхалевіч выказвае добрае пажаданьне:

«Вельмі хочацца, каб адзначэньне 25 сакавіка як мага хутчэй ператварылася з акцыі пратэсту ў святкаваньне з канцэртамі, паветранымі шарыкамі і смачнымі беларускімі стравамі».

Ды з гэтымі блогерамі проста бяда, самі ня ведаюць, чаго хочуць. І тое ім не тае, і тае ім ня гэтае. Прынамсі летуценную прапанову Алеся Міхалевіча ня ўсе сустрэлі з належным энтузіязмам:

«Тое, што было гэтым разам і летась вы называеце акцыяй пратэсту?! Сьмешна, калі так выглядаюць акцыі пратэсту. Нейкая плястмасавасьць, вам не здаецца?.. А мне вось хочацца, каб Дзень Волі вярнуўся ў фармат пратэсту, а ня ў нейкую ўбогую палітычную акцыю або народна-масавыя гуляньні... А то ўжо даўна Дзень Волі страціў свой былы шарм і рамантыку. Нудна і ўбога». (ecologys)

«Калі 25 сакавіка будуць "сьвяткаваць з канцэртамі, паветранымі шарыкамі і смачнымі беларускімі стравамі", гэтае сьвята аўтаматычна пераўтворыцца ў "3 ліпеня"». (joker_27)

Полацкі этнограф uladzimer, разважаючы на ўзроўні філязофскага абагульненьня, увогуле ставіць пад сумнеў сэнс падобнага сьвята:

«Словазлучэньне “дзень волі” пазбаўлена ўсялякага сэнсу, бо, хутчэй нагадвае знакаміты “юр’еў дзень”, калі прыгонны мог глынуць вольнага паветра толькі дзеля таго, каб…перайсьці ў чарговую няволю. Воля – стрыжань быцьця, і калі ёсьць “дзень волі”, што азначаюць астатнія 364 дні на працягу году?»


Ці не адзіным чалавекам у блогасфэры, што выпраменьваў чыстую радасьць без староньніх прымешак, быў lelichak, чыя жонка, паводле ягоных словаў, зрабіла яму напярэдадні Дня Волі «Самы Лепшы Падарунак», нарадзіўшы сына. Вага 3870 гр, рост - 56 см. Стан дзіцёнка 8,8 балаў зь 10-ці.


ДОБРЫ ЧАЛАВЕК ЗЬ ВЁСКІ ГАСЬЦІЛАВА: ВЕЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЗЬ ДЗЕДАМ ПАХОМАМ І САБАКАМ СЬЦЯПАНАМ


Людзі нараджаюцца, людзі паміраюць... 25 сакавіка на ганку ўласнай хаты ў вёсцы Гасьцілава Невельскага раёну Пскоўскай вобласьці, што за 12 кілямэтраў ад беларускай мяжы, дзе палку, на якую насаджваюць касу, называюць не «косовище», а «касавільна», быў знойдзены мёртвым пісьменьнік і вядомы блогер Дзьмітры Горчаў. У аглядзе за 16.02.2010 я назваў яго «расейскім» пісьменьнікам, але тое было не зусім дакладна. Бо расейскага грамадзянства ён так і не атрымаў - Горчаў нарадзіўся і вырас у Казахстане («кузьні інтэрнацыяналізму, куды высылалі наогул усіх», «добрым месцы для высылкі, але зусім непрыдатным для жыцьця»), у Расею пераехаў ужо пасьля скону Савецкага Саюзу.

«На адзінаццатым годзе пражываньня ў Расейскай Фэдэрацыі, нарадзіўшы тут дзіцёнка і купіўшы хату, я выйшаў нарэшце на другі ўзровень чароўнага квэсту пад назвай "А ну-тка атрымай расейскае грамадзянства, руская свіньня" - мне дазволілі тут часова пражываць. Аглядаю гэты другі ўзровень з захапленьнем: у самым яго канцы знаходзяцца запаветныя дзьверы з надпісам "Від на жыхарства"», - пісаў dimkin у лістападзе летась.

Так і памёр - у чаканьні «віду на жыхарства» на расейскай зямлі. Застаўшыся савецкім, то бок нашым агульным здабыткам. Захапляўся Беларусьсю - менавіта як «аскепкам СССР». (Пазьней, выявіўшы, што ў Беларусі таксама ёсьць макдональдс, а зь беларускіх запалак запальвалася хіба кожная дзясятая, Дзьмітры троху паастыў.) Савецкі Саюз ён шанаваў за тое, што «гэта была спроба, няхай дурацкая і ідыёцкая, зрабіць Грамадзтва Неспажываньня». У выпадку Горчава тое не было пазёрствам, бо слова ў яго не разыходзілася са справай. Ён сьвядома зьехаў з другой расейскай сталіцы - Пецярбургу, адмовіўшыся ад грашовай працы ды іншых сталічных выгодаў дзеля жыцьця ў закінутай вёсцы з шасьці двароў, адкуль амаль усе пераехалі ў Беларусь. Ну, не даспадобы яму былі «капіталістычныя джунглі», дзе «чалавек чалавеку воўк і хто першы ўстаў таго і тапкі», а любіў ён і апяваў немудрагелістае маларухомае жыцьцё зь дзедам Пахомам ды сабакам Сьцяпанам, у якім адчуваецца прысмак вечнасьці:

«Калі да нас у вёску прыяжджаюць людзі з гораду, яны спачатку спалохана азіраюцца, дыхаюць праз раз і неадкладна заводзяць гутарку пра Крызіс. А потым нічога - вып'юць гарбаты ці там настоек, хто ўжывае, пасьпяць і раніцой ужо пра ўсё спрэс забываюць. Таму што крызіс - гэта што такое? Гэта калі жыцьцё было моцна добрае, а потым раптам стала моцна дрэннае. А тут усё заўжды аднолькава. Сусед вунь парсючка зарэзаў. У бабы Тамары балён з газам скончыўся. З раніцы было сямнаццаць, а потым раптам пацяплела да дванаццаці. Адсотак поўні - сорак восем».


І гранічна недаверліва, па-сялянску, ставіўся да любых радыкальных пераменаў:

«Вось глядзіце: ідзе чалавек, перакошаны вельмі. Відаць, што ў чалавека гэтага ня ўсё ў парадку. Гэта значыць наогул усё не ў парадку. А вы (дапусьцім, чараўнік) вырашылі гэтаму чалавеку дапамагчы: уладкавалі яго на іншую працу, прыдумалі яму новую жонку, пазбавілі яго ад благіх звычак, пачысьцілі яму мазгі ад дрэнных думак і, толькі былі хацелі сказаць "і гэта добра", а ён - бразь! і памёр. Не варушыцца і назад не заводзіцца.

У чым была ваша памылка? А ў тым, што вы ня ведалі, што калі ён ідзе, хай крыва, хай порткі ў яго не такія, як вам бы жадалася, але ён ходзіць. І ўяўляе зь сябе пры гэтым надзвычай складаную канструкцыю з гірак, вяровачак, палачак, нітачак, запалак, скотчу, алюмініевага дроту, сьпіцы з парасоніка - і пры ўсім пры гэтым гэта канструкцыя ўмее і, галоўнае, жадае хадзіць. А вам здалося, што гэта гірка вісіць ня там, і бінцік трэба замяніць на больш надзейнае мацаваньне, і нітачка ненадзейная. Ну і фіглі - палюбуйцеся, што з гэтага атрымалася.

І, што самае сумнае, гэта тычыцца наогул любой канструкцыі: ці айчым прыйшоў у новую сям'ю ці Міхал Сяргеіч Гарбачоў вырашыў палепшыць СССР - канец адзін».


Будзь Дзьмітры Горчаў прапісаны ў нашай блогасфэры, дзе словы «сяляне» і «сялянскі» часьцей ужываюцца ў якасьці лаянкавых, яго, да бабкі не хадзі, задзяўблі б - за рэакцыйнасьць, цемрашальства, непрыманьне хараства сучаснай гарадзкой цывілізацыі, рынкавых каштоўнасьцяў і да т.п.

Зрэшты, у нас яго таксама чыталі і любілі - зь дзясятак беларускіх блогераў дакладна.

«Пра сьмерць Дзьмітрыя Анатолевіча цалкам шчыра пашкадавала вялікая колькасьць вельмі розных людзей з рознымі, часта палярнымі поглядамі, лёсамі і сацыяльным становішчам. Чаму?», - пытаецца utro_vecher. І дае свой адказ:

«Справа ў тым, што яму ўдалося зрабіць вельмі важны ўнёсак у душы тых, хто да яго даткнуўся. Важны і вялікі ўнёсак, па нашых часах.
Ён быў добры.
...
І я нават ня ўпэўнены, што гэта была яго нейкая асаблівая заслуга - хутчэй, ну вось так яно склалася, што Горчаў атрымаўся добрым. І яму папросту з-за гэтага вось такім чынам, у дабрыні, было прасцей за ўсё жыць. То бок, зразумела, канечне, што такім людзям бывае цяжка. Але вось гэта "цяжка" для іх куды лягчэй перанесьці, чым пачынаць неяк мудраваць і выварочвацца навыварат.
Тут ніякай нават асобаснай карысьці. А пра матэрыяльную - тут наогул няма чаго казаць, гэта зразумела.
Такіх людзей ужо куды менш.
...
А вось тут ужо ўступае ў справу, што ён яшчэ і мог напісаць. І справа тут ня ў нейкіх літаратурных добрых якасьцях. А ў тым, што ягоныя тэксты паказвалі людзям: а вось так, вось проста так - па-добраму - яно ўсё яшчэ бывае вакол! Часта бывае зусім іншае, але - і так бывае таксама!

А гэта вельмі важна бачыць. Таму што пра што б там чалавек ні думаў мазгамі і хваляваўся дупай - у яго душа пры гэтым неяк вось адчувае, што вакол - неяк ня так. Нейкая фігня. Як у тым анэкдоце, дзе Віня-Пых паляцеў на шарыку па каноплі да пчол. А потым уторкнуўся башкой у зямлю пасьля таго, як шарык прастрэлілі. А вакол Пятачок бегае, і ўсё пытае: "Віня, Віня, ты тырчыш? Ты ўжо тырчыш, так?" А медзьведзяня і адказвае: "Тырчу, свіньня, тырчу. Але неяк ня так. Неяк не так...". Ну і вось ёй, душы, сумна ад гэтага.

А ўбачыўшы, што ёсьць вакол вось такая проста так дабрыня - яна чуе: о! Цёпленька...
Вось таму такое масавае шкадаваньне».