Ехаць ў Манастырок, найбольш праблемны паводкавы мікрараён Гомеля, заўсёды ня проста, а тым больш зараз, калі вуліцы тут – суцэльныя лужыны.
Вялікай вады ў Манастырку пакуль няма, бо рака Сож і возера Любенскае яшчэ трымаюцца ў берагах. Але тутэйшыя гараджане, навучаныя мінулымі веснавымі паводкамі, ужо зараз рыхтуюцца.
Апавядае спадарыня Алена, маці траіх дзяцей, якая жыве ў прыватным доме ў Рачным завулку:
“Ну, ужо казлы зьбілі з досак, ужо ратуемся. Падымаем усё ў доме мэтраў на паўтара, усю мэблю. Гумовыя боты купляем”.
Такімі клопатамі жывуць цяпер многія жыхары прырэчнага Манастырка. І лодкі трымаюць напагатове, як, прыкладам, пэнсіянэрка Ганна:
“Калі лёд пачынае сплываць, наша вада, а пасьля й расейская прыходзіць. Адзін год у мяне ў доме было 45 сантымэтраў вады. Сёлета сьнягі былі вялікія, дык мы трохі пабойваемся. На лодках будзем плаваць!”
Тым часам рэальная вада апанавала вуліцу Яраслаўскую. Яна ад Манастырка кілямэтры за два. Разьліў сюды не дабіраецца. Затое талай вадзе няма куды дзявацца, і яна ўжо заліла прыватныя гароды, падвалы, хляўчукі.
Апавядае жыхар дома №30 спадар Генадзь:
“Во, гэта ж пад хатай вада ў нас стаіць – да такога вось узроўню. На гародзе, у склепе – усюды вада. Глядзельную яму ў гаражы цэляфанам закрыў, каб машына не паплыла. У нас тут на ўсіх участках вада – людзі плачуць. У гарвыканкам зьвярталіся – няма грошай, кажуць. Няма грошай нават ходнік зрабіць на вуліцы. Вуліца залітая, разьбітая – месім гразь”.
Суседзі праз вуліцу дапаўняюць малюнак, але зусім ня сьветлымі веснавымі фарбамі.
Спадарыня Натальля:
“Затоплена ўсё! Пад падлогай ў доме – вада. У двары – лужыны, што не прайсьці. Склеп – плыве. У прыбіральню, якая ў двары, мы ня можам схадзіць – поўная вады. Выграбная яма – у нас мясцовая каналізацыя - таксама поўная. Ні бялізну памыць, ні самім памыцца, ні ў прыбіральню схадзіць. У нас так пастаянна топіць, кожную вясну й восень”.
Муж спадарыні Натальлі Аляксандар называе прычыну вялікай вады на вуліцы Яраслаўскай, якая знаходзіцца літаральна ў пяці хвілінах хадзьбы ад чыгуначнага вакзалу:
“У нас няма на вуліцы ні ліўнёўкі, ні каналізацыі. Вадзе няма куды дзявацца. Яна тут проста стаіць, як у яме”.