Судзьдзя Буда-Кашалёўскага раённага суду Ўладзімер Пракапенка аштрафаваў грамадзкага актывіста і праваабаронцу Валерыя Шчукіна на 30 базавых велічыняў — гэта 1 мільён 50 тысяч рублёў.
Дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня абвінавацілі ў тым, што ён парушыў заканадаўства аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі.
25 сакавіка спадар Шчукін з кіроўцам везьлі зь Віцебску у Гомель 24 тысячы асобнікаў газэты грамадзянскай кампаніі “Наш дом”.
За паўсотні кілямэтраў да Гомелю супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, каб агледзець яго.
Убачыўшы газэты, міліцыянты прымусілі Шчукіна і кіроўцу ехаць у Буда-Кашалёўскі райаддзел міліцыі. Там і склалі супраць Валера Шчукіна адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9.1 і перадалі ў суд.
“Я зьбіраюся абскардзіць пакараньне”, — заявіў спадар Шчукін.
Газэту “Наш дом” заснавала прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства “Витебский корунд”.
Міністэрства інфармацыі пакінула без разгляду пададзеныя на рэгістрацыю дакумэнты “Нашага дома”, спаслаўшыся на тое, што ў іх “зьвесткі пра працу галоўнага рэдактара адлюстраваныя ня цалкам”.
Скарга на Міністэрства інфармацыі разглядаецца зараз у Вышэйшым гаспадарчым судзе.