Віктар Рамнёў: 3 мільёны штрафаў за два дні

26 сакавіка суд Віцебскага раёну аштрафаваў Віктара Рамнёва за перавозку незарэгістраванай газэты “Наш Дом”. Учора тое самае зрабіў Лёзьненскі райсуд – пакараў спадара Рамнёва штрафам за перавозку газэты “Витебский курьер”.

Віктара Рамнёва, заснавальніка газэты “Витебский курьер”, якая зарэгістравана ў Расеі і друкуецца ў Смаленску, затрымалі ўчора непадалёк ад расейска-беларускай мяжы, на тэрыторыі Лёзьненскага раёну. Рамнёў вёз з друкарні наклад газэты – 10 тысяч паасобнікаў. Міліцыянты палічылі, што рамнёў распаўсюджвае незарэгістраванае выданьне.

Лёзьненскі раённы суд аштрафаваў Рамнёва на 1,22 мільёны рублёў. Газэту канфіскавалі.

А 26-га сакавіка ў райсудзе Віцебскага раёну Віктара Рамнёва судзілі за тое, што ён перавозіў незарэгістраваную газэту “Наш дом”. Яго зноў абвінавацілі ў тым, што распаўсюджваў выданьне без выходных дадзеных.

50 тысяч паасобнікаў газэты, паводле кіраўніцы грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач, былі канфіскаваныя ў спадара Рамнёва падчас перавозкі са Смаленску 17 сакавіка.