25 сакавіка ў многіх рэгіёнах Беларусі дэмакратычныя актывісты сьвяткавалі Дзень Волі. Як гэта адбывалася — інфармуюць уласныя карэспандэнты «Свабоды».
КЛЕЦАК
Нацыянальны сьцяг над домам, віншаваньні жыхарам, а ў падарунак — сьвежы нумар незалежнай газэты
Наша першае паведамленьне — з Клецку, што на Меншчыне. Тамтэйшы актывіст руху «За свабоду» Сяргей Панамароў кажа, што годна адзначыць Дзень Волі можна і на вельмі абмежаванай прасторы:
«Роўна а 7-й гадзіне раніцы я ўзьняў над сваім домам бел-чырвона-белы сьцяг. А 8-й узышло сонейка, і ўвесь дзень наш сымбаль незалежнасьці радаваў людзей на гэтай цэнтральнай вуліцы Клецку. Таксама сёньня я на вуліцы раздаваў сьвежы нумар бюлетэню самвыдату „Бойкі Клецак“, прысьвечаны Мікалаю Аўтуховічу, якога несправядліва судзяць зараз у Менску. Таксама ў „Бойкім Клецку“ зьмешчаныя матэрыялы пра зьніклых у Беларусі палітыкаў. Калі раздаваў гэты бюлетэнь, то віншаваў усіх мінакоў зь вялікім сьвятам — Днём Волі».
БАРАНАВІЧЫ
«Ушануем сьветлую памяць барацьбіта за Незалежнасьць»
Дэмакратычныя актывісты Баранавічаў мелі на сёньня сваю сьвяточную праграму, і нават спроба чыноўнікаў перашкодзіць гэтаму яе не парушыла. Вось што паведаміў «Свабодзе» праваабаронца Сяргей Гоўша:
«У сёньняшні дзень ідэалягічны аддзел Баранавіцкага гарвыканкаму імкнуўся, як гаворыцца, не ўпусьціць свайго. Якраз сёньня на 17 гадзіну прызначылі паседжаньне тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. І ўпершыню загадзя тэлефанавалі нашым актывістам ды вылучэнцам — прыйсьці на паседжаньне па рэгістрацыі. Зроблена гэта знарок, каб людзі не пасьпелі трапіць у Менск на сьвяткаваньне Дня Волі».
Ну, а калі сапраўды хто з баранаўцаў ня змог сёньня выбрацца ў сталіцу, то на месцы была магчымасьць далучыцца да грамадзкай акцыі — наведаць магілу Аркадзя Блінкоўскага. Расказвае Сяргей Гоўша:
«Ён быў вельмі актыўны наш сябра, удзельнічаў у працы Таварыства беларускай мовы. Рэдагаваў газэту „Баранавіцкае слова“. Тады былі вялікія цяжкасьці ў яе выданьні. І вось як ён памёр, то мы цяпер кожны год наведваем яго апошні прытулак. Якраз жа ён і нарадзіўся 25-га сакавіка...»
САЛІГОРСК
Іван Шыла: «Мы кожны год удзельнічаем у шэсьці ў Менску»
Сёньня ўся сям’я Шылаў з Салігорску — маці, бацька, іх сыны Іван ды Ільля — удзельнічаюць у сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску. Тлумачыць Іван Шыла:
«Я, магчыма, ня самы вялікі прыхільнік акцыяў, якія не заўжды дазволеныя і на якіх узьнікае канфрантацыя зь міліцыяй на сьвята, якое павінна быць нацыянальным. Але ж сёньня сытуацыя такая. І нехта ж мусіць выходзіць. Таму я лічу сваім абавязкам, перадусім маральным».
МАГІЛЁЎШЧЫНА
Грамада прыйшла на мітынг да будынка, дзе ў 1918 годзе была прызнаная БНР
Гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначаюць сёньня на Магілёўшчыне.
У Магілёве мясцовыя актывісты дэмакратычных арганізацыяў Дзень Волі пачалі адзначаць а 16 гадзіне на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Мінакам раздалі віншавальныя паштоўкі.
А 17 гадзіне грамада з трыццаці чалавек сабралася ля абласнога краязнаўчага музэю. У яго будынку ў 1918 годзе на агульнагарадзкім сходзе была прызнаная ўлада БНР у Магілёве. Сёньня ля сымбалічнай шыльды правялі традыцыйны ўжо мітынг, усклалі кветкі.
«Цяпер, калі ўлада кажа, што гэтай падзеі не было — гэта лухта, бо гэта ўжо пацьвердзілі вядомыя гісторыкі. Мы заўжды будзем уздымаць ідэю аб усталяваньні тут шыльды. Улада хоча паказаць, што беларусы зьявіліся толькі 3 ліпеня 1944 году. Яны ня могуць нават сабе дапусьціць, што ў 1918 годзе беларусы ведалі, што яны беларусы й што яны могуць быць незалежнымі», — зазначае актывіст Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў.
Два гады таму магілёўскія ўлады не дазволілі ўсталяваць на сьцяне будынка інфармацыйную шыльду пра падзею 1918 году. Паводле чыноўнікаў, гэтаму факту няма дакумэнтальнага пацьверджаньня.
Талака ля памятнага знака каліноўцу Войцеху Дамарацкаму
Адзначалі Дзень Волі і ў райцэнтрах Магілёўшчыны. У Горках актывісты віншавалі жыхароў райцэнтру з гадавінай прызнаньня незалежнасьці БНР паштоўкамі. Потым зладзілі талаку ля памятнага знака каліноўцу Войцеху Дамарацкаму. Ён загінуў падчас штурму Горак 4 красавіка 1863 году. Талакоўцы прынялі зварот да ўладаў:
«Мы хочам памяняць помнік, бо ён расколаты на тры часткі. Адміністрацыя акадэміі ўжо пагадзілася, што трэба рабіць новы помнік. Мы хочам распачаць збор сродкаў на новы помнік», — зазначае горацкі актывіст Эдуард Брокараў.
У гэтыя хвіліны ў Магілёве праходзіць вечарына, прысьвечаная Дню Волі. Сяброўскімі вечарынамі адзначаць гадавіну незалежнасьці БНР у Крычаве, Бабруйску.
ВІЦЕБШЧЫНА
Барысу Хамайду — судовае папярэджаньне за Дзень Волі
Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда пісаў сёньня агульнанацыянальную дыктоўку каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Тэкст яму дыктаваў сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка.
Спадар Хамайда патлумачыў, чаму гэта адбылося менавіта 25 сакавіка:
«Сёньня ж Дзень Волі, самае любімае сьвята Ўладзімера Караткевіча. Таму ў гэты дзень — Дзень Волі, каля гэтага помніка я пачаў пісаць дыктоўку па ягоным творы — па прадмове да нарысу „Зямля пад белымі крыламі“. Бо ўсім вядома — бяз мовы няма нацыі».
Барыс Хамайда ўладкаваўся за раскладным столікам, на які паставіў бел-чырвона-белы сьцяжок. На шыі ў апазыцыянэра быў бел-чырвона-белы шалік.
Калі празь некалькі хвілін да помніка пад’ехала міліцэйская машына, менавіта гэтыя атрыбуты начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага раёну Аляксандар Каліноўскі кваліфікаваў як адзнаку несанкцыянаванага пікету. Спробы пераканаць міліцыянта нічога не далі:
«Вы парушаеце артыкул 23.34 — пра правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Сваімі паводзінамі вы прыцягваеце ўвагу грамадзкасьці — вось паглядзіце, колькі людзей сабралася! Значыць, вы праводзіце пікет. Таму я прашу прайсьці са мной у машыну».
Сяргея Каваленку забіраць у міліцыю ня сталі, а Барыса Хамайду завезьлі спачатку ў пастарунак, а потым у суд Кастрычніцкага раёну. Судзьдзя Эдгар Марцірасян вынес апазыцыянэру папярэджаньне.
Бел-чырвона-белы сьцяг на плошчы Перамогі
Пакуль справу Барыса Хамайды разглядалі ў судзе, некалькі актывістаў, якія называюць сябе «патрыёты Беларусі», выйшлі зь бел-чырвона-белым сьцягам на плошчу Перамогі. Гэта адбылося каля 2-й дня, і працягвалася іхная акцыя некалькі хвілінаў. Хлопцы сказалі, што вырашылі не рызыкаваць, бо ў цэнтры Віцебску пасьля затрыманьня Хамайды зьявілася надзвычай шмат міліцыянтаў і людзей у цывільным з партатыўнымі рацыямі.
Прэзэнтацыя кнігі ў Эўрапейскім клюбе
На сёньняшні вечар, адмыслова да Дня Волі, у віцебскім Эўрапейскім клюбе заплянавана прэзэнтацыя кнігі Сяргея Кавалёва «Шлях: твары, думкі, галасы». Сяргей Кавалёў — ураджэнец Віцебску, працаваў выкладчыкам у Тэхналягічным унівэрсытэце. Некалькі год таму ён заўчасна памёр. Вершы і нарысы пра гісторыю Беларусі і яе выбітных асобаў ён друкаваў пад творчым псэўданімам Сяргей Квіцень.
Імпрэза праводзіцца з ініцыятывы віцебскіх актывістаў партыі БНФ.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
У Зэльве — да Ларысы Геніюш
На Гарадзеншчыне людзі, адданыя ідэалам БНР, таксама адзначаюць сёньня чарговыя ўгодкі незалежнасьці Беларусі. Перадае Міхал Карневіч.
У Зэльве сабраліся сябры КХП з Ваўкавыску, Слоніма і Баранавічаў. Актывіст КХП Юры Качук паведаміў:
Качук: «Схадзілі на могілкі да Ларысы Геніюш, усклалі кветкі, потым падышлі пад дом яе, каля помніка пастаялі. Учора нават прыяжджалі да мяне зь Менску з Вольнага тэатру, прасілі матэрыялы — я ім даў».
У гасьцях у Качука спадар Мікола, які ўжо 7 гадоў жыве ў Гішпаніі. Ён таксама падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад Беларусі.
Спадар: «Я калі ад’яжджаў, то было неяк лепей, чым цяпер, зразумела, у маральным сэнсе — людзі неяк больш сваю думку выказвалі, Беларусь была больш актыўная. Зараз — не: ціха і шэра. Я думаў, што, можа, ужо буду заставацца тут жыць, але ня бачу ніякай пэрспэктывы».
У Сьвіслачы — да Кастуся Каліноўскага
У Сьвіслачы мясцовыя актывісты мне сказалі, што сёньня нават сонейка ў іх сьвеціць незвычайнае, і, вядома, сьвята яны адзначаюць. Кажа Віктар Дзясяцік:
Дзясяцік: «І так мы найперш да помніка Кастуся Каліноўскага, на могілкі — ускладзем кветкі і будзем адзначаць».
У Слоніме сёньня а 18-й пачалі пісаць агульнабеларускую дыктоўку. Са слоў кіраўніка мясцовай арганізацыі БНФ Івана Шэгі, сьвяткуюць разам прадстаўнікі розных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.
Сёньня ж двум новым сябрам партыі урачыста ўручылі партыйныя білеты.
А вось актывіст з Астраўца Іван Крук кажа, што хоць і ёсьць радасьць на душы ў гэты сьвяточны дзень, але і смутак яго не пакідае.
Крук: «Прыемна, што ў Астраўцы ёсьць людзі, якія мяне павіншавалі са сьвятам, з Днём Волі. І я іх. Але ніхто па вуліцах ня ходзіць з нашымі нацыянальнымі сьцягамі, улады не сьвяткуюць, ніякіх аб’яў, віншаваньняў. І газэта мясцовая нават не ўзгадала пра сьвята. Нібыта і не было ў нас такога дня. Не шануюць памяць продкаў, якія змагаліся за нашу незалежнасьць».