Сёньня актывісты Руху “За Свабоду” й партыі БНФ віншуюць жыхароў Гомеля, Рэчыцы й Мазыра з Днём Волі.
У віншавальных улётках гаворыцца, што сёньняшні дзень асаблівы: 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. На палітычнай мапе сьвету ўпершыню зьявілася краіна з коранем “Беларусь” у назве.
25 сакавіка - гэта дзень, калі беларусы самаідэнтыфікаваліся, здолелі ўзяць на сябе поўную адказнасьць за свой будучы лёс. Кіраўнікамі новай дзяржавы сталіся не расейцы ці бальшавікі, а беларусы.
Напярэдадні сьвята міліцыянты наведалі рэгіянальнага кіраўніка руху “За Свабоду” Пятра Кузьняцова, кіраўнікоў Гомельскай абласной і гарадзкой арганізацый Валера Пуціцкага й Анатоля Паплаўнага, каб узяць у іх падпіску пра няўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях.
“Да мяне дадому міліцыянты прыходзілі ўчора двойчы, - апавёў спадар Паплаўны з Гомеля. – Засьпелі мяне дома яны толькі ўвечары. Даваць нейкую расьпіску я адмовіўся, паколькі гэта не прадугледжана ніякімі працэсуальнымі нормамі. Папярэджваюць мяне ўжо трэці год запар. Міліцыі й усім спэцслужбам трэба было б парадавацца гістарычнай падзеі: менавіта ў гэты дзень беларусы пачалі “людзьмі звацца”, а яны носяцца й трасуцца, каб людзі не праяўлялі ніякіх патрыятычных пачуцьцяў”.