Пахмельле бяз п’янкі

«Ну, да пабачэньня, калі ты ўпэўнены, што больш нічога не жадаеш».

«А што-небудзь яшчэ ёсьць?» — хутка спытаў Пух.

Трус зьняў покрыва з паўміскаў і сказаў: «Не, нічога».

«Я так і думаў», — сказаў Пух, ківаючы сам сабе. — «Ну, да пабачэньня. Я мушу ісьці».


Алан А. Мілн. Віні-Пух і ўсе-усе-усе


Канстанцін Чарнец
Без паўлітры ў беларускай палітыцы разабрацца цалкам магчыма. Але не жадаецца: сумнавата. Быццам сабралі інтэлігентных і разумных мужыкоў на кухні зь нявызначана-сьвяточнай мэтай і кінулі адных без адпаведнай правізіі. Гаспадар негасьцінна сышоў у гасьцёўню глядзець улюбёны лацінаамэрыканскі футбол. Гаспадыня гасьцінна ўсьміхаецца, красамоўна дэманструе пустую лядоўню. Грукнуць дзьвярыма, сыходзячы, ― вось і ўсё, што застаецца раззлаванаму госьцю.


«Я сам выступаў на Зьезьдзе з прамовай супраць здыманьня кандыдатаў, лічачы, што гэта дэманстрацыя слабасьці і падарунак уладам, якім выгодней падаваць нас маргіналамі, што пражываюць дзесьці на абочыне палітычнага поля, да таго ж зараз ім прасьцей будзе абгрунтаваць афіцыйныя вынікі гэтых выбараў. Разумею, што гэты дэмарш — хітры стратэгічны ход перад прэзыдэнцкімі выбарамі, але асадак усё роўна застаўся», —


паведамляе agafon-bel. Яго падкрэсьлена спакойны запіс пра зьезьд глядзіцца сярод паведамленьняў пра небывалую паводку й бясполага чалавека крыху фаталістычна: быццам пра чарговую прыродную зьяву. Падабаецца не падабаецца, а нічога не паробіш. Так у асобе agafon-bel атрад блогераў страціў яшчэ аднаго байца перадвыбарнай баталіі.


Як мастак бяз умбры, як паэт без амфібрахію, як шпацыр бязь піва ― мясцовыя выбары без АГП. Быццам усё тое ж самае, але лёгкае адчуваньне страты робіць жыцьцё халаднейшым на які градус Цэльсія. Блогасфэра адгукалася на дэманстратыўны сыход адной з кіроўных апазыцыйных сіл з гульні кароткімі рэплікамі, выклічнікамі, нібы гэта скразьняк бразнуў форткай, а ня цэлая шматпакутная партыя. Амаль што адзіны аматар трытонаў vsevolod-volkov прапанаваў параўнаць стылістыку рэзалюцыі зьезду («...магістральны шлях дэмакратычнага разьвіцьця...») вышэйзгаданай партыі з бадзёрымі рэляцыямі абласной газэты «Заря»: «Аграгарадкі ― магістральны шлях адраджэньня сяла».

Сьмех сьмехам, але ж менавіта ў правінцыі апазыцыі яшчэ нядаўна ўсьміхалася нейкая надзея. Менавіта тамака, у самой народнай гушчы zaranok здолеў набрацца сьветлых уражаньняў, занадта рэдкіх сярод шматлікіх расчараваньняў гэтай вясны:


«Быў сябрам трох ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў у мясцовыя дэпутаты. Хадзіў па прыватным сэктары, езьдзіў у вёску. Сабраў чысьценькіх і прыгожанькіх 36 подпісаў за аднаго ды 47 за другога кандыдата ў раённы Савет і 31 у сельскі Савет. Зьбіраў за цудоўных людзей, таму атрымаў зарад пазытыву, нагаварыўся з народам, наўсьміхаўся».


Вось так «чысьценька й прыгожанька» пачынала прадзёўбвацца ў беларускай правінцыі палітычная рунь, калі адзін з самых дасьведчаных жняцоў пакінуў жніво на таптаньне драпежнай фаўне. Назіральны paulyuk падлічыў, што:


«Сярод партыйных вылучэнцаў больш за ўсё апазыцыянэраў у Гомельскай вобласьці ― 101 чалавек. Гэта практычна траціна ўсіх апазыцыйных кандыдатаў у цэлым па краіне ― 295. Менш за ўсё ― у Магілёўскай вобласьці, тамака ўсяго 11 апазыцыянэраў. Для параўнаньня, у сталіцы ― 42».


Кропля ў моры, вядома. Але сярод насельнікаў гэтай кроплі АГП ішла на другім месцы адразу за «Справядлівым сьветам». І такому трываламу месцу партыі маглі б пазайздросьціць, напрыклад, нацыянал-бальшавікі, якім прыходзіцца са скуры лупіцца патрабаваць забароны забарон у празе легальнай дзейнасьці. Паведамленьне _immoral_ пра іхную акцыю ў суполцы by_politics справакавала кароткую, але жывую дыскусію пра нацыянальную прыналежнасьць нацбалаў і пра іншыя таемныя спружыны палітыкі. Застаецца спадзявацца, што адказныя людзі з Адміністрацыі таксама чытаюць ЖЖ: выяўленая такім чынам акцыя вымусіць іх выканаць нарэшце патрабаваньні пратэстоўцаў.


Мабыць, пад уражаньнем гэтага вясновага ажыўленьня пазасыстэмнай апазыцыі rechitsa1988 прыйшоў да нечаканай высновы:


«Дарэчы, на маю думку, у Беларусі дзейнічаюць больш-менш незалежна і РЭАЛЬНА нешта спрабуюць рабіць 2 сілы — гэта анархісты і НБП. Гэтыя сілы хоць і малалікія, але акцый у іх нашмат больш, чым у „сьвядомай апазыцыi“. У апазыцыі цяпер наймацнейшай зьяўляецца БХД — у іх і грошай шмат, і, адпаведна, актывістаў хапае. <...> Праз год „выбары“ прэзыдэнта, а ніхто не варушыцца. Добра, гэта яшчэ можна сьпісаць на тое, што пакуль на носе выбары ў мясцовыя рады, але я лічу, што адразу жа пасьля гэтых выбараў павінна пачацца падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх. АДРАЗУ Ж!»


Вы ўяўляеце сабе грашоўнага кандыдата-анархіста, які праводзіць выбарчую кампанію ў форме маляваньня графіці й вывешваньня ўсякага кшталту расьцяжак? Можа, у нас проста нямоглае ўяўленьне, і таму рэдкі сьмяльчак наважыцца прайсьціся па палітычнай сцэне на руках. Шкада, шкада... Найгарчэйшая тая чарка, якую ня выпіў.