У рэгіёнах рыхтуюцца да Дня Волі

Дзень Волі 25-га сакавіка будуць адзначаць у многіх рэгіёнах Беларусі. Паводле традыцыі, у гэты дзень дэмакратычныя актывісты зьбіраюцца разам, каб наведаць гістарычныя мясьціны і ўшанаваць памяць пра барацьбітоў за незалежнасьць Бацькаўшчыны.
Пра іншыя падрабязнасьці наконт сьвяткаваньня карэспандэнты «Свабоды» даведваліся сёньня ў яго арганізатараў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«З Гішпаніі сябра прыехаў, каб разам пабыць на гэтым сьвяце»


На Гарадзеншчыне ў Дзень Волі землякі ўшаноўваюць імя і справы Ларысы Геніюш — паэткі і змагара. Сёлета — 100 гадоў з дня яе нараджэньня.

У Зэльве дэмакратычныя актывісты традыцыйна ў Дзень Волі ўскладаюць кветкі да магілы Ларысы Геніюш.

Юры Качук
: «Пойдзем на магілку да Ларысы Геніюш. Зьбяруцца хлопцы з Зэльвы, Ваўкавыску, Баранавічаў, сёлета нават з Гішпаніі мой сябра прыехаў, каб разам пабыць на гэтым сьвяце».

Сёлета ў Слоніме адзначаць 25 сакавіка зьбяруцца прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных партый і арганізацый разам.

Кіраўнік слонімскай арганізацыі БНФ Іван Шэга: «Разам з усімі жадаючымі правядзём у Слоніме агульнанацыянальную дыктоўку. А потым у нас два новыя сябры ў партыі — ва ўрачыстай абстаноўцы ўручым ім партыйныя білеты».

У вёску Паляна — на радзіму міністра БНР Тамаша Грыба


Частка смаргонскіх актывістаў скіруецца на сьвяты ў Менск, а іншыя зьбіраюцца наведаць вёску Паляна, дзе нарадзіўся Тамаш Грыб, міністар унутраных спраў Рады БНР.

Як кажа Алесь Дзергачоў, яны толькі нядаўна даведаліся, што ён іх зямляк: «Мы хочам пагаварыць зь людзьмі, найперш старэйшымі. Магчыма, нехта нешта ведае пра род гэтага чалавека».

Мастоўскія актывісты скіруюцца ў вёску Мінявічы, дзе над Нёманам знаходзіцца магіла паўстанцаў 1863 году. Там яны традыцыйна ў гэты дзень ушаноўваюць іх памяць.

Зьміцер Кухлей: «У Мінявічах стаіць крыж паўстанцам, пакуль толькі каталіцкі, а мы зьбіраемся паставіць і праваслаўны, бо і паўстанцы былі рознага веравызнаньня, і людзі туды прыяжджаюць таксама праваслаўныя».

А вось у мястэчку Варняны Астравецкага раёну мясцовыя актывісты сьвяткуюць 25 сакавіка ў хаце.

Мікалай Уласевіч: «Сустрэнемся ўсе разам, паднімем чару за сьвята наша, за вольны дух, пасядзім, пагаворым, і на гэтым сьвяткаваньне сканчаецца...»

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Дзесяць гадоў запар Магілёўскі гарвыканкам забараняе 25-га вулічныя мерапрыемствы


Дэмакратычныя актывісты Магілёўшчыны таксама маюць плян сьвяткаваньня гадавіны незалежнасьці БНР.

У абласным цэнтры 25-га сакавіка дэмакратычная грамада зьбярэцца каля будынка краязнаўчага музэю на Савецкай плошчы. У 1918 годзе ў ім была прызнаная ўлада БНР у Магілёве. Ля гістарычнага будынка адбудзецца традыцыйны мітынг і будуць ускладзеныя кветкі:

Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў: «Мы не зьвярталіся да ўладаў, бо нам заўжды адмаўляюць. Мы ж лічым, што гэта наша непахіснае права — адзначаць гэтую сьвятую для Беларусі дату. Калі будуць зарэгістраваныя да 25 сакавіка дэмакратычныя кандыдаты, то плянуюцца больш масавыя мерапрыемствы — сустрэчы з выбарцамі ў ключы гістарычнай даты 25 сакавіка».

За апошнія дзесяць гадоў гарвыканкам ніводнага разу не дазволіў правесьці публічных мерапрыемстваў на Дзень волі ў Магілёве. Ля будынка абласнога краязнаўчага музэю мітынг праходзіць пад наглядам міліцыянтаў. Як кажа партыец, сёлета, акрамя мітынгу, у грамадзкім цэнтры «Кола» адбудзецца й сяброўская вечарына. Яе арганізуюць магілёўскія гісторыкі.

Каштоўны прыз — для знаўцаў гісторыі БНР


Сацыял-дэмакраты абласнога цэнтру 25 сакавіка правядуць віктарыну для моладзі. Абвесткі пра мерапрыемства ўжо распаўсюджваецца па навучальных установах гораду. Пра імпрэзу апавядае лідэр сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў:

«Сэнс яе ў тым, каб ня проста выцягнуць зь людзей тое, што яны нешта ведаюць, а наадварот — пытаньнямі паказаць тое, чаго яны ня ведаюць. Хто болей за ўсіх адкажа на пытаньні, уганаруем каштоўным прызам. Акрамя гэтага, будзе падрыхтаваны даклад па Беларускай Народнай Рэспубліцы пра малавядомыя факты, якія сталі вядомыя апошнім часам».

У райцэнтрах Магілёўшчыны сёлетні Дзень Волі адзначаюць сяброўскімі вечарынамі. Пра адну зь іх апавядае крычаўскі грамадзкі актывіст Сяргей Няроўны:

«Паслухаем нашых сяброў, пачытаем вершы, пап’ём гарбаты. Ісьці на паклон да крычаўскіх уладаў, каб яны дазволілі больш шырокае мерапрыемства, — гэта абсурдна. Яны ніколі дазволу не давалі й цяпер не дадуць. У нас ёсьць газэта „Вольны горад“, пра БНР мы заўсёды пішам. Гадавіне БНР прысьвецім абавязкова некалькі артыкулаў».