“Выкрадальнікі” Вікі змогуць адбываць пакараньне ўмоўна

Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006

Паводле крыніцаў у ватыканскіх колах, каталіцкія сьвятары дон Франсіс Дарбэле і дон Даніла Грыла, асуджаныя Генуэскім апэляцыйным судом на восем месяцаў зьняволеньня за ўдзел ва ўтойваньні непаўналетняй беларускі, змогуць адбываць сваё пакараньне ўмоўна і такім чынам працягваць сваю царкоўную дзейнасьць.
Ад 2006 абодва сьвятары разам зь сямейным кланам з Кагалета Джуста-Барначын праходзілі фігурантамі па справе былой выхаванкі Вілейскага інтэрнату Вікі Мароз. У прыватнасьці, настаяцель кляштару Сэнт-Айен у альпійскай вобласьці Валь д’Аоста дон Франсіс Дарбэле абвінавачваўся ў тым, што ў верасьні 2006 году забясьпечыў 20-дзённы патаемны прытулак для дзяўчынкі, а настаяцель парафіі ў Кагалета дон Даніла Грыла ў тым, што папрасіў аб ім.

Адзін з асуджаных сьвятароў у прыватнай размове паведаміў, што, зразумела, задаволены ўмоўным пакараньнем, бо пасьля таго, як пракурор запатрабаваў 1,5-гадовага тэрміну турэмнага зьняволеньня, ён не разьлічваў на падобны “мяккі вынік”. Таксама было выказана поўнае зьдзіўленьне ў сувязі з тым, што беларускі бок як ініцыятар судовага працэсу, адмовіўся ад свайго ўдзелу ў судзе.

Абодва сьвятары заявілі журналістам, што ніколі не лічылі сябе вінаватымі, найперш перад Богам. Паводле Данілы Грыла, “злачынствам ёсьць ня ўтойваньне дзяўчынкі, а яе гвалтоўнае разлучэньне зь сям’ёй. Менавіта за гэта хтосьці аднойчы панясе самую высокую адказнасьць”.

Распачаты ў 2007 працэс па справе ўтойваньня Вікі Мароз ад самага пачатку выклікаў пратэсты ў каталіцкіх колах Італіі. У Ватыкане суд над сьвятарамі называўся “беспрэцэдэнтным”, “бо ў дэмакратычным сьвеце царква заўсёды давала прытулак тым, каму ён быў неабходны, і паміж Законам і Эвангельлем выбірала Эвангельле”.

Як стала вядома пазьней з ватыканскіх колаў, іншыя фігуранты справы – сужэнцы Джуста-Барначын і іх бацькі таксама будуць адбываць сваё пакараньне ўмоўна.