У Беларусі яшчэ два чалавекі пакараныя сьмерцю

"Міжнародная амністыя" зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне пасьля таго, як сёньня стала вядома, што ў канцы мінулага тыдня яшчэ два беларускія вязьні былі расстраляныя.

Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук былі асуджаныя да пакараньня сьмерцю ў 2009 годзе за асобныя злачынствы. Але ўтрымліваліся ў адной камэры сьмяротнікаў у Менску.

Сёньня маці Андрэя Жука паведаміла “Міжнароднай Амністыі”, што яна была паінфармаваная турэмным начальствам аб тым, што абодва вязьні былі расстраляныя ў канцы мінулага тыдня.

“Сьмяротнае пакараньне самым жорсткім і бесчалавечным відам пакараньня. Яно парушае права на жыцьцё і павінна быць адмененае”, – заявіла дырэктарка праграмы “Міжнароднай Амністыі” па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Галя Гован.

Маці Андрэя Жука спрабавала перадаць харчовую пасылку ў пятніцу раніцай, 19 сакавіка, але пасылку ёй вярнулі і паведамілі, што абодва вязьні "былі пераведзены", і што яна больш не павінна шукаць сына, але мае чакаць паведамленьня з суду. Бацька Андрэя Жука быў сёньня дастаўлены ў шпіталь з сардэчным прыступам пасьля таго, як пачуў вестку пра сьмерць сына.

Адзін з расстраляных вязьняў, Васіль Юзэпчук, падчас суду над ім
Васіль Юзэпчук быў прысуджаны да пакараньня сьмерцю 29 чэрвеня 2009 году за забойства шасьці пажылы жанчыны. У часе правядзеньня расьсьледаваньня і судовага разбору, як сьцьвярджае яго адвакат, былі істотныя недахопы. Адвакат кажа, што Юзэпчука зьбівалі, каб прымусіць яго прызнацца.

Андрэй Жук быў прысуджаны да пакараньня сьмерцю 22 ліпеня 2009 году за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны ў лютым 2009 году. Яго адвакат выказаў сваю заклапочанасьць з нагоды працэдурных парушэньняў падчас першапачатковага допыту Андрэя.

Абодва вязьні абскардзілі свае прысуды, але апэляцыі былі адхіленыя. Абодва падалі прашэньні аб памілаваньні, аднак, паводле інфармацыі, атрыманай ад "Міжнароднай амністыі", адмоўнае рашэньне прэзыдэнта было паведамлена зьняволеным за хвіліну да іх расстрэлу.

У кастрычніку 2009 году Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў выпадкі абодвух вязьняў і заклікаў беларускі ўрад не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды да разгляду ў Камітэце.

Асуджаны на сьмерць Андрэй Жук


Сьмяротныя прысуды Андрэю Жуку і Васілю Юзэпчуку, – гаворыцца ў сёньняшнім паведамленьні “Міжнароднай Амністыі”, – былі прыведзеныя ў выкананьне неўзабаве пасьля таго, як Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) прагаласавала за аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага для беларускага парлямэнту пры ўмове, што Рэспубліка Беларусь аб'явіць мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня.