Цягам апошняга тыдня калектыўны розум блогасфэры спрабаваў знайсьці свайго аптымальнага Кандыдата. Зь вялікай літары, бо гаворка тут ня столькі пра сушукальніка нейкай канкрэтнай дзяржаўнай пасады, сколькі пра ідэальную постаць "выразьніка спадзеваў".
Хто ён, якім ён павінен быць, паводле якіх крытэраў яго абіраць, гэта ўжо той, ці чакаць нам іншага? Пытаньні маглі не прамаўляцца ўголас - пошук ішоў збольшага ўсьляпую, навобмацак - але няяўна падразумяваліся. Асабліва востра яны ўсталі пасьля таго, як раптоўна закацілася зорка Яўгена Ліпковіча. Бо многім, у тым ліку і мне, ён здаваўся доўгачаканым "асымэтрычным адказам", "сакрэтнай зброяй", з дапамогай якой можна прабіць закамянелую рэчаіснасьць беларускай палітыкі.
НАРОД У НАС ЗМРОЧНЫ. КЛОЎНАЎ НЯ ЛЮБІЦЬ
Цікава, што пасьля зьняцьця ім сваёй кандыдатуры яму паставілі ў віну акурат тое, за што спачатку насілі на руках - ягоную "клаўнаду". У сувязі з чым ingaret сказаў: "Народ у нас змрочны. Клоўнаў ня любіць".
Можа і так, але напярэдадні абвяшчэньня Яўгенам фініты-ля-камэдыя ён элегантна перамог Славаміра Адамовіча ў суполцы by_politics: 61.1% супраць 7.4% (31.5% адрынулі абодвух прапанаваных кандыдатаў), прагаласавала 108 чалавек. З падачы блогераў lesnoi_slon і sergechaly, Адамовіч выступаў у якасьці поўнага антаганіста Ліпковіча. Блогеры сварліва бурчэлі на пару: маўляў, пакуль вы тут насіліся з гэтым вашым Ліпковічам, як дурні зь дзьвярыма, такога Чалавека прамаргалі! Вось ён пакрыўдзіся і зьехаў, ня вытрымала душа паэта.
Гэтае проціпастаўленьне натхніла Ўладзімера Мацкевіча (ён жа worvik) на тое, каб напісаць сэрыю фрашак пра "двух герояў нашага часу":
"Як вядома, уся беларуская самая чытацкая нацыя ў сьвеце падзяляецца на дзьве часткі: На тых, хто любіць паэзію Адамовіча і на дух не пераносіць прозу Ліпковіча. І на тых, хто захапляецца прозай Ліпковіча, на дух не пераносячы паэзію Адамовіча.
Першыя, асьцерагаючыся абвінавачаньняў у антысэмітызме, перасталі чытаць вершы Адамовіча, другія, каб пазьбегнуць папрокаў у непатрыятычнасьці, перасталі чытаць сачыненьні Ліпковіча. Ліпковіч, адчуўшы зьмену кан'юнктуры, закінуў літаратуру і сыйшоў у палітыку. Адамовіч расчараваўся ў самай чытацкай нацыі ў сьвеце і зьехаў у Нарвэгію, каб дуэтам з Рыбаком сьпяваць самую мэлядычную ў сьвеце Купалінку".
Дарэчы, нявінныя Мацкевічавы фрашкі чамусьці настолькі абурылі блогера sergechaly - аматара паэзіі Адамовіча, што ён паабяцаў фатальны капец сьпярша Ліпковічу, а пасьля і Мацкевічу. Паколькі неўзабаве палітычная кар'ера Ліпковіча абарвалася, а Мацкевічу адмовіла ў памяшканьні мастацкая галерэя "Ў", дзе ён меўся прачытаць лекцыю, гэта дало падставы для распаўсюду чутак пра існаваньне ўсемагутнай "банды Чалага". Хаця сам Чалы сьціпла прызнаўся, што помста была вынікам ягонай сілы духу, і толькі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Вернемся да Адамовіча зь Ліпковічам. На думку Сяргея Чалага, першы ўвасабляе сабой вобраз "ваяра" ("чалавека сур'ёзнага"), а другі - "блазна" ("чалавека гульлівага"). Пад такім соўсам яны і былі выстаўленыя на агульнае галасаваньне ў суполцы by_politics.
Безумоўна, адыграла сваю ролю і тое, што не такім ужо "ваяром" аказаўся Славамір, нічым асабліва не адзначыўшыся падчас свайго нядоўгага побыту на радзіме. Тым ня менш, нават улічваючы гэты фактар, відавочна, блогерамі больш запатрабаваны гарэзьлівы "блазан", а ня хмурны "ваяр". Прынамсі, быў запатрабаваны. Сыход Яўгена з дыстанцыі, успрыняты блогерамі як "зьліў" і здрада, можа часткова зьмяніць прыярытэты - у дадатак да выразнай і нестандартнай формы захочацца паўнаважкага і пераканаўчага зьместу.
ПРЫГАЖУНЯ, ПРАД'ЯВІЦЕ ПРАГРАМУ!
Менавіта з гэтым новым патрабаваньнем да кандыдата-ў-кандыдаты сутыкнулася Тацяна Куўшынава (у блогасфэры krasotaeu), якая разьлічвала "выехаць" за кошт адно сваёй эстэтычнай адрознасьці ад традыцыйнага партрэта дэпутата(-кі):
Мажліва, каб ня здарылася "здрады" Ліпковіча, да Тацяны паставіліся б з большай прыязнасьцю. А так ёй давялося аддзімацца за дваіх. І цяпер, праўда, знайшліся тыя, хто прагаласаваў бы за яе паводле прынцыпу "як няма мяса, то і грыб закраса": "Хоць хтосьці вылучаецца з гэтага балота" (govage); "Прагаласаваў бы дзеля разнастайнасьці і ўзьняцьця агульнай культуры пачуцьця прыгожага. І гумару, дарэчы, таксама" (paabapal); "На фіг гэтых клонаў з кабінэтаў!" (k_atamanchik).
Аднак сымпатызанты апынуліся ў меншасьці. У абсалютна несур'ёзнай суполцы by_trash ад Тацяны на поўным сур'ёзе, вельмі строгім голасам патрабавалі прадставіць праграму. Ужываючы ў дачыненьні да кандыдаткі-ў-кандыдаткі і яе кампаніі словы "клоўн" і "цырк" выключна ў нэгатыўным значэньні.
Хаця дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што кампанію Тацяны Куўшынавай і кампанію Ліпковіча не зусім карэктна ставіць на адну дошку. Калі па шчырасьці, апроч нефарматнай зьнешнасьці і ўнясеньня ў звычайна нудную справу пэўнай "жывінкі" у выглядзе дзявоцкай наіўнасьці, Тацяна мала чым можа пахваліцца. Тады як кампанія Ліпковіча, без перабольшаньня, скаланала асновы маладой беларускай дзяржаўнасьці.
ЯК ГЭТА ЛЁГКА І ПРОСТА - НЯ БЫЦЬ ПРЭЗЫДЭНТАМ
Зрэшты, самі гэтыя асновы робяцца чым далей, тым болей зыбкімі, расплывістымі і нявызначанымі. Беларуская ўлада губляе ранейшы выразна акрэсьлены і цьвёрды зьмест, робячы тое, чаго яна рабіць як быццам не павінна. У пэўным сэнсе, здраджвае сабе. Аб чым вялася гаворка ў мінулым аглядзе.
Таму на першы плян высоўваецца форма, вонкавыя эфэкты. Невыпадкова супрацоўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта блогер wasilkov пачынае сваё публічнае прызнаньне ў ляяльнасьці з такіх словаў: "Калі сьцісла, то ўсё проста: я падтрымліваю ўладу таму, што яна клёвая".
Далей ён пералічвае традыцыйныя складнікі таго, што было "цьвёрдым зьместам" улады, на чым заўжды рабіла ўпор дзяржпрапаганда: у Беларусі "ёсьць вялікія праекты і вялікі спорт", "бясплатныя адукацыя і ахова здароўя", "бачаньне будучыні і павага да мінулага", улада "не звальняе працоўных ва ўгоду меркантыльным інтарэсам ФПГ і ТНК", "не дапускае сур'ёзнага сацыяльнага расслаеньня", "праводзіць досыць самастойную зьнешнюю палітыку"; "на вуліцах чыста, рэкляма неагрэсіўная, у тэлевізары практычна няма чарнухі"; "мэтай улады не зьяўляецца асабістае ўзбагачэньне". Што, кажа wasilkov, адпавядае ягоным ідэалягічным перакананьням: "Думаю, гэта найбольш "левы" з усіх магчымых у наяўных умовах курсаў".
Усё гэта мы ўжо неаднойчы чулі. З чымсьці можна згадзіцца, штосьці аспрэчыць. Ня будзем рабіць ані першага, ані другога, зафіксуем толькі бясспрэчна новае - вызначэньне ўлады як "клёвай". Мо гэта і ёсьць той самы "тэлевізар Apple" беларускай ідэалёгіі, пра які казаў Зімоўскі?
Прытрымваючыся прапанавай тэрміналёгіі, я зладзіў апытанку ў суполцы by_politics. Вынікі былі ня вельмі суцяшальнымі для спадара Васількова:
Што такое, у чым справа?
"Спачатку было прыцягальна, потым ніяк, цяпер ужо неўмагату", - гэтак пачынае адкрыты ліст да Лукашэнкі antiluka, фармулюючы сваё непрыманьне прэзыдэнта як "эстэтычную нездаволенасьць" - "Калі Вы, Аляксандр Рыгоравіч, уваходзіце ў нашыя кватэры з экранаў тэлевізараў, узьнікае апасеньне, што пасьля Вашага выступу нам ізноў давядзецца ўбачыць "рабыню Ізаўру", "багатых, якія таксама плачуць" або "проста Марыю", - настолькі Ваш акторскі і рэжысэрскі ўзровень, як і ўзровень гэтых сэрыялаў, не адпавядае сёньняшнім уяўленьням пра тое, як павінен выглядаць эстэтычны прадукт".
"Ваш тэатр аднаго актора", - сьцьвярджае блогер, - "больш ня ў стане задавальняць патрэбы беларускай публікі". Таму antiluka лічыць самым разумным выйсьцем для прэзыдэнта сыйсьці з палітычнай сцэны, не пакідаючы пераемніка. Ён нагадвае, што "у свой час Ота фон Бісмарк, які стварыў вялікую Нямеччыну, азіраючыся на пражытыя ім у палітыцы гады, выславіўся прыкладна так: "Гэта ўжо не мая Нямеччына". Яму хапіла адвагі прызнаць, што ён - чалавек мінулай эпохі, а новай эпосе патрэбныя новыя людзі".
"Вам варта зрабіць тое самае", - рэзюмуе antiluka: "Усёй сваёй фактурай, тэмперамэнтам, стылем паводзінаў, жэстамі і нават словамі Вы ўвасабляеце той пэрыяд гісторыі, калі чалавека ацэньвалі па тым, як ён, умоўна кажучы, умеў круціць гайкі. Цяпер жа найбольш запатрабаваныя людзі, якія прыносяць грамадзтву карысьць націсканьнем клавіш кампутараў".
"Сыходзьце, Аляксандр Рыгоравіч, а то з Вамі робіцца сумна, далібог" - ключавы момант пасланьня блогера.
І прапанова - "сыйсьці прыгожа", прайграўшы "свайму асноўнаму суперніку... напрыклад, адсоткаў 15". Тады ўсім, маўляў, удасца пазьбегнуць пэрыпэтый каляровых рэвалюцыяў. "Пакінуўшы рэзыдэнцыю на вул. Карла Маркса", - абяцае і падбадзёрвае antiluka, - "Вы будзеце прыемна зьдзіўленыя: як, аказваецца, гэта лёгка і проста - ня быць прэзыдэнтам".
Такім чынам: у грамадзтве высьпеў попыт на крэатыўнага, эстэтычна прывабнага Кандыдата, які спалучае рысы блазна і ваяра, мае пераканаўчую праграму, валодае кампутарам, ня ўмее закручваць гайкі.
Кастынг працягваецца.