Ада Райчонак — былая вясковая настаўніца.У 1995 годзе заснавала культурна-адукацыйны цэнтар імя Драздовіча, якім кіруе і да сёньня. Стварыла Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны літаратурна-мастацкі імя свайго заўчасна памерлага сына пісьменьніка і грамадзкага дзеяча Міхася Райчонка. Жыве на Віцебшчыне ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёну.
Што для вас свабода?
Свабода -гэта адчуваньне таго, што ты гаспадар свайго лёсу, калі да цябе можна свабодна запрашаць любога чалавека і за табой ня будзе назіраць сусед, каб потым данесьці на цябе у міліцыю, калі ня будуць пра цябе распаўсюджваць (напэўна, па замове ўладаў) розныя чуткі, каб зьнішчыць твой аўтарытэт.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Маю свабоду абмяжоўвае мой узрост і здароўе.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце — кааб мае дзеткі і ўнукі былі здаровыя і каб вольнай была Беларусь.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Баюся за лёс дзяцей і ўнукаў.
Які талент вы хацелі б мець?
Зайздрошчу ўсім музыкам. Каб я валодала якім-небудзь музычным інструмэнтам, змагла б больш прынесьці карысьці Бацькаўшчыне. (Калісьці кіравала этнаграфічным калектывам, добра вядомым на Віцебшчыне).
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Я вельмі захапляюся Рыгорам Барадуліным, Алесем Марачкіным, Уладзімерам Коласам, Уладзімерам Арловым, Андрэем Хадановічам, Зінаідай Бандарэнкай, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Законьнікавым і шмат яшчэ якімі шчырымі беларусамі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Люблю арганізоўваць сустрэчы з паэтамі і пісьменьнікамі ў сваёй літаратурнай гасьцёўні.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Я не магу скардзіцца на свой лёс. У мяне заўсёды атрымоўвалася задуманае. Я лічу, што жыцьцё пражыла не дарэмна: сваю цаглінку я ўнесла ў справу барацьбы за Бацькаўшчыну. Адзіным лёс мяне пакрыўдзіў-забраў майго сына Міхася.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Калісьці Алесь Марачкін параіў мне заняцца зборам твораў Язэпа Драздовіча і вывучэньнем яго творчасьці. З гэтага часу пачалася мая сапраўдная грамадзкая дзейнасьць.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Сваім вучням я заўжды казала, што ёсьць дзьве формы жыцьця: гніеньне і гарэньне. Я выбіраю апошнюю. Мне гэта часта ўспамінаюць мае былыя вучні.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Хацела б жыць пры дэмакратычнай сыстэме.Калі я была ў Нінбургу, мяне уразіў мэр горада. Апрануты сьціпла, па-сяброўску размаўляе з людзьмі, добрая ўсьмешка не сыходзіць з яго твару. А нашы чыноўнікі паводзяць сябе, як удзельныя князі, іх не турбуе лёс чалавека. Яны могуць любымі словамі беспакарана абразіць сваіх падначаленых.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Жыць я хачу толькі ў Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Напэўна, кожнаму пакаленьню выпадае жыць у няпросты час. Мы -пакаленьне, чыё дзяцінства апаліла вайна, вінаватае ў тым, што сваім дзецям пакінулі краіну на чале з тыранам, краіну ў якой моладзь ня можа знайсьці дастойную працу, дастойны заробак. Лічу, што я павінна жыць толькі ў гэтую эпоху, бо яе прадукт.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Калі б я стала прэзыдэнтам, я перш за ўсё вярнула б наш бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоню і вярнула б нашу беларускую мову.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
З Эўразьвязам павінны быць толькі добрыя стасункі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
З Расеяй павінны быць добрасуседзкія адносіны.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Дыктатура — гэта заўжды дрэнна.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Дыктатура ў Беларусі зьменіцца тады, калі народ прачнецца ад векавога сну і стане адчуваць сябе нацыяй.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі чыноўнікі загавораць па-беларуску — з мовай праблем ня будзе.
Радуе сэрца, што ўсё больш моладзі пачынае на ёй размаўляць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
А калі беларусы не загавораць па-беларуску, паўторыцца гісторыя обраў, полаўцаў, печанегаў. Перастане існаваць наша Беларусь.