Зімоўскі параўнаў беларускую ідэалёгію з “тэлевізарам” Apple

Аляксандар Зімоўскі

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімір Макей, выступаючы на сэмінары-нарадзе ідэалягічных работнікаў, запатрабаваў палепшыць якасьць навінаў і інфармацыйна-аналітычных перадачаў на тэлеканалах Беларусі:

«Нашы каналы сёньня збольшага кантралююць тэлевізійную прастору ў Беларусі. Але трэба разумець, што гэта становішча дасягнута дзякуючы магутнай падтрымцы дзяржавы, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця нацыянальнага тэлебачаньня. Таму дзяржава мае права разьлічваць на сур’ёзную аддачу. Тым ня менш мы з трывогай назіраем за некаторым падзеньнем рэйтынгаў як рэспубліканскіх, так і мясцовых тэлеканалаў».

Макей кажа, што амаль не засталося сур’ёзных аналітычных праграмаў, сталі рэдкімі якасныя дакумэнтальныя фільмы. Таму, маўляў, у самы бліжэйшы час неабходна даць новае жыцьцё навінавым і інфармацыйна-аналітычным перадачам:

«Калі тэлепраграмы не ажывуць, то вельмі хутка тэлевізійныя навіны і аналітыка могуць згубіцца ў інфармацыйнай прасторы».

«Ідэалёгія зьяўляецца падмуркам палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай стабільнасьці», — заявіў Макей.

«Узгадайце, колькі крытыкі ў свой час вылілі расейскія, замежныя СМІ на нашага прэзыдэнта, калі ён заяўляў пра неабходнасьць якаснай ідэалягічнай работы, — цытуе БЕЛТА Макея. — А сёньня тая ж Расея паўтарае нашы крокі. Нават вышэйшае кіраўніцтва РФ не баіцца ўжываць такое «недэмакратычнае» слова як ідэалёгія”.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей вызначыў некалькі базавых прынцыпаў беларускай нацыянальнай ідэалёгіі: «Яна будуецца на такіх краевугольных камянях, як адзінства нацыі, справядлівасьць, салідарнасьць, маральнасьць».

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі параўнаў мінулыя і цяперашнія працы беларускай ідэалягічнай вэртыкалі з мадэлямі тэлевізараў «Гарызонт» і манітораў Apple.

«Тыя ідэі і тэзісы, якія ляжаць у аснове ідэалягічнай вэртыкалі Беларусі, за 7-8 гадоў вельмі зьмяніліся, — адзначыў Аляксандар Зімоўскі. — Калі мы стаялі ля вытокаў беларускай ідэалягічнай вэртыкалі, яна выглядала так, як вось гэты тэлевізар» Гарызонт». Пры гэтым кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі паказаў на вялікі грувасткі манітор. Зараз жа праца ідэалягічнай вэртыкалі ўскладнілася, набыла шматплянавы, кропкавы, высокатэхналягічны характар, і яе можна прыпадобніць да вось гэтага кампактнага тэлевізара Apple, дадаў ён, паказваючы на тэхналягічную навінку».