Польскую дэлегацыю на перамовах ачольвае першы намесьнік міністра замежных спраў Анджэй Крэмер, беларускую – упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка. Прадстаўнікі грамадзкасьці не запрошаныя на пасяджэньне камісіі.
Бакі спрабуюць урэгуляваць канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі.
Паседжаньне праходзіць у Міністэрстве замежных справаў Беларусі.
Пра гэта БЕЛАПАН паведаміў прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук.
Рашэньне стварыць камісію прынялі ў Кіеве 25 лютага міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Варшава дамагаецца легалізацыі дзейнасьці арганізацыі, якой кіруе Анжаліка Борыс.
10 сакавіка Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі з крытыкай ціску ўладаў на Саюз палякаў. Эўрапарлямэнт сярод іншага заклікаў беларускія ўлады зарэгістраваць Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і перадаць арганізацыі яе ўласнасьць.
Прадстаўнікі абодвух саюзаў палякаў выказваюць спадзяваньне на беларуска-польскую камісію.