Каардынатара ў справе стварэньня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Яўгена Якавенку вінавацяць у тым, што ён ухіліўся ад вайсковага прызыву.
Якавенка заявіў, што 19 сакавіка яго выклікалі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Гомеля. Там яму паведамілі пра тое, што на яго завялі крымінальную справу.
На дадзены момант актывіст знаходзіцца ў аддзеле міліцыі.
Ён патрабуе, каб яго дапытвалі на беларускай мове. Міліцыянты чакаюць перакладчыка.
Раней Якавенка прыцягваўся судом Савецкага раёну да адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што не зьявіўся ў ваенкамат. Яго аштрафавалі на 5 базавых велічыняў.
Аднак 13 сакавіка Гомельскі абласны суд скасаваў гэта рашэньне райсуду.
Яўген Якавенка патрабуе, каб яму даслалі позву, напісаную на беларускай мове. Ён таксама патрабуе, каб яму далі магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу, нагадвае БелаПАН.