Анкета Свабоды: Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў Карэліі. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытута літаратуры АН Беларусі. Адзін са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986-1989), старшыня «Тутэйшых»; адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі», сябра Арганізацыйнага камітэту БНФ «Адраджэньне», адзін з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады (1990). У 1992-1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. Працаваў дырэктарам Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча (1989-1998) З 1997 кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна». Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.


Што для вас свабода?

Свабода для мяне — жыць у свабоднай краіне, рабіць тое, што мне хочацца, і бываць там, дзе мне хочацца.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Рэжым Лукашэнкі.


Што для вас шчасьце?

Нічога не рабіць.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Стаць старым і нямоглым.


Які талент вы хацелі б мець?

Сьвістаць так, каб вушы закладала.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Алесем Разанавым.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Чытаць.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Па вялікім рахунку — нічога, але вывучыў бы ангельскую і гішпанскую мовы.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Трымай язык за зубамі.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Як будзе, так і будзе.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Пры капіталізьме кшталту французскага ці нямецкага.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У гэтую, у каторай жыву.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Выдаў бы які-небудзь указ.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Беларусь павінна стаць сябрам Эўразьвязу.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія, але быць вельмі і вельмі асьцярожнымі і ня ўлазіць ні ў якія сумесныя геапалітычныя праекты.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Не, мяне гэта не задавальняе.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі-небудзь дый зьменіцца.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Як зьменіцца ўлада, дык з той хвіліны гадоў праз дваццаць.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Будзе крыўдна, але сьвет не абрынецца, “шмат было такіх народаў” — пісаў адзін наш клясык.