Вечарына “Беларускага кнігазбору” адбылася ў фае Палацу мастацтва

Удзельнікі адмененай вечарыны на ганку Палаца Мастацтва.

Ураньні 17 сакавіка стала вядома, што вечарына з нагоды выхаду 50 тамоў выдавецкай сэрыі «Беларускі кнігазбор» адмененая адміністрацыяй Палацу мастацтва, дзе яна плянавалася. Аднак людзі ўсё роўна прыйшлі і правялі імпрэзу ў фае і на прыступках будынку.

А 18-й да Палацу мастацтва прыйшло некалькі сотняў чалавек, аднак пабачыўшы на яго дзьвярах абвестку, што «па тэхнічных прычынах» вечарына не адбудзецца, многія разьвярнуліся назад. Але блізу ста прыхільнікаў «Беларускага кнігазбору» у чаканьні імпрэзы прабаўлялі час сьпевам «Пагоні».

А затым на прыступках зьявіўся паэт Уладзімер Някляеў, які меўся быць вядоўцам вечарыны.

Уладзімер Някляеў
«Гэта робіцца ўжо нават сьмешным: от як толькі дзе нешта беларускае, што не да спадобы ўладам, адразу катастрофа, адразу рамонт... Але мы не павінны на гэта зважаць, мы павінны ісьці сваім шляхам. Гэтыя 50 тамоў пераважваюць усю тую макулятуру, якую панапісвалі з 94 году ўсе разам узятыя пісакі сёньняшняй улады. Я не разумею чаму, але факт ёсьць факт, што да гэтай пары ўлада вядзе вайну з нацыянальнай інтэлігенцыяй. Яна ня можа пазьнішчаць яе, як рабілася гэта ў Курапатах, таму яна кінулася забараняць, адмяняць. Але нельга адмяніць Купалу і Коласа, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна і Ніла Гілевіча, нельга адмяніць нікога з тых, хто выйшаў ужо ў „Беларускім кнігазборы“, і хто выйдзе пасьля».

Спадар Някляеў падарыў ініцыятару і нязьменнаму кіраўніку сэрыі Кастусю Цьвірку мабільны тэлефон, каб той мог у выпадку новых экстрэмальных сытуацый апэратыўна пра гэта паведаміць грамадзкасьці. Спадар Цьвірка паабяцаў прысутным, што нягледзячы ні на якія сытуацыі, выданьне лепшых твораў беларускай літаратуры за ўвесь час яе існаваньня будзе працягвацца.

Кастусь Цьвірка з новым тэлефонам.

«Мы ў палітыку ня лезем. Наша палітыка, самая важная палітыка — выданьне „Беларускага кнігазбору“, нашай спадчыны, клясыкаў нашай літаратуры. Мы хочам паказаць, што ў нас вялікая літаратура і што мы — вялікі народ».

Акадэмік Радзім Гарэцкі зьвярнуў увагу на тое, што ва ўсе часы беларускія літаратары цярпелі перасьлед, які часта пераходзіў у дзяржаўны тэрарызм:

«Як бачым і цяпер тое ж самае. Як гэта назваць? Гэта, безумоўна, дзяржаўны тэрарызм, вось тое, што не даюць спакойна пагаварыць нават пра літаратуру».

Паэт Анатоль Вярцінскі прачытаў верш, прысьвечаны расстраляным беларускім пісьменьнікам, а знаны саліст беларускай опэры і кіраўнік «Беларускай капэлі» Віктар Скарабагатаў прасьпяваў жартоўную песьню Манюшкі.