Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, ваша кампанія нагадвае прысягу ў судзе, дзе ад чалавека патрабуецца гаварыць праўду, праўду і нічога акрамя праўды. Але і праўда бывае адносная, як у выпадку з напоўненай напалову шклянкай: адзін чалавек гаворыць, што шклянка напалову пустая, а другі – шклянка напалову поўная. І абодва гавораць праўду. А якой праўды будзеце дашуквацца вы?”
Уладзімер Някляеў: “Такой праўды, якая зьменшыць колькасьць маны ў нашым жыцьці. Усе ўлады ва ўсе часы так ці інакш манілі пра сябе, каб выглядаць лепшымі, мацнейшымі, мудрэйшымі. І сёньня ва ўсім сьвеце тую ці іншую колькасьць маны можна знайсьці і на поўдні, і на поўначы. Уся праблема ў канцэнтрацыі маны. Ці магчыма ў пэўным асяродку існаваць і быць больш-менш здаровым душой, ці немагчыма? У сёньняшняй Беларусі, паводле маіх асабістых адчуваньняў, гэта ўжо немагчыма. І гэта ня толькі маё перакананьне, але і ўсіх тых людзей, якія падпісаліся пад зваротам, што днямі быў агучаны на прэс-канфэрэнцыі з нагоды пачатку кампаніі “Гавары праўду!”.
Скобла: “Вы – паэт, і, вядома ж, ведаеце словы другога паэта, які сказаў: “Мяне падманваць нескладана, падманвацца і сам я рад”. Мана – як манна нябесная можа быць, а праўда – непрыемная, балючая. Ці вы ведаеце, як зрабіць праўду прыемнай?”
Някляеў: “Зрабіць праўду прыемнай можна толькі ў тым выпадку, калі за праўду нешта даваць. Сказаў праўду – на табе 100 рублёў, сказаў яшчэ трошкі праўды – на табе яшчэ 50… Ва ўсіх астатніх
Як толькі ты прамовіў слова “палітыка” – лічы, што кантакту зь людзьмі табе ня ўдасца займець. ...
Скобла: “Не заўсёды беларус ускідвае рукі ўгору перад маной. Можна прыгадаць тую ж Ларысу Геніюш, якая ў эпоху татальнай хлусьні лічыла праўду самай важнай рэччу на сьвеце. Што падштурхоўвае чалавека гуляць па законах праўды нават з гросмайстрамі маны?”
Някляеў: “Сумленьне. Сказаць, што людзі ў Беларусі жывуць без сумленьня, будзе вялікай няпраўдай. Праўда, яны прынялі няпраўду і яшчэ радыя, што за гэта іх называюць рахманымі, талерантнымі, памяркоўнымі. Гэта ідзе з тэлеэкранаў ад першага чалавека ў краіне, ад яго падбрэхічаў, якія падбрэхваюць і нібыта радуюцца. Але ў іхніх вачах я бачу такую тугу: “Ну што ж мы з сабою зрабілі, што ж мы, як тыя шаўкі-цяўкі з-пад плоту – нам сказалі падбрэхваць, і мы падбрэхваем”. Сумленьне працуе ў чалавеку незалежна ад таго, хоча ён гэтага ці не. Сумленьне – гэта нейкая Боская матэрыя ў чалавеку. Часам я задумваюся, ці ня ёсьць тое, што мы называем душою, менавіта тым, што мы называем сумленьнем? Ва ўсякім выпадку, гэта зусім ня розныя субстанцыі. І вось гэтая штуковіна, якая паселеная ў чалавеку ня ім самім, якая называецца сумленьнем, і не дае яму звыкнуцца з маной назаўсёды, да магілы”.
Скобла: “Праўда чалавека і праўда дзяржавы – гэта дзьве розныя праўды. Калі разважаць ня ў рэчышчы ўтопіі, а ў рэчышчы рэальнасьці, хіба могуць яны супасьці – праўда чалавечая і праўда дзяржаўная?”
Але ўсё ж ёсьць на сьвеце краіны, якія дэманструюць нам дамоўленасьць паміж чалавекам і дзяржавай, паміж праўдай афіцыйнай і праўдай асабістай ...
Някляеў: “Поўнага супадзеньня тут ніколі ня можа быць, таму што інтарэсы дзяржавы і інтарэсы асобнага чалавека не супадаюць. Інтарэсы дзяржавы – гэта ахапіць усё, што ёсьць ў гэтай дзяржаве, у тым ліку і чалавека. Падпарадкаваць яго сабе, змусіць яго нешта рабіць (добрае ці кепскае – ня будзем цяпер казаць), ісьці на барыкады – ці наадварот, адмовіцца ад барацьбы. А праўда чалавека заключаецца ў тым, што ён заўсёды хоча з гэтага прымусу выйсьці. У ім жыве няўцямленая прага свабоды, прага волі, зьяўляючыся, у маім уяўленьні, часткай таго, што называецца душой, сумленьнем. І вядома ж, ніколі тут гармонія ня будзе дасягнутая. Але ўсё ж ёсьць на сьвеце краіны, якія дэманструюць нам дамоўленасьць паміж чалавекам і дзяржавай, паміж праўдай афіцыйнай і праўдай асабістай. Яны дамаўляюцца праз канстытуцыю, праз законы. У нас такая дамоўленасьць нібыта таксама ёсьць, але яна – фікцыя, і ў гэтым праблема. Народ і дзяржава разумелі б адзін аднаго, калі б выконваліся гэтыя дамоўленасьці. У нармальных, дэмакратычных краінах такой дамоўленасьці дастаткова як аднаму, так і другому боку. У Беларусі ж дзяржаўнай праўдзе і дзяржаве, якая стаіць за ёй, недастаткова нічога, ёй хочацца праглынуць чалавека з усім, што ён мае”.
Скобла: “Вы прызнаеце несупадзеньне дзяржаўнай і чалавечай праўдаў і ўсё ж будзеце дамагацца ад дзяржавы праўды чалавечай… Ці ня ёсць вашая справа марным змаганьнем з ветракамі?”
Някляеў: “Калі мець на ўвазе тых асобаў, якія ўвасабляюць сёньня нашу дзяржаву, то справа наша, бадай што, марная. Мана – іхні падмурак, яны на ім стаяць, ім сёньня памяняць падмурак, значыць – ляснуцца долу. Вось ты сказаў пра шклянку з вадою. Мы ж ня можам дапусьціць, пакуль мы носім у сабе душу і Бога, каб шклянка тая стала цалкам пустою. Як ня можам дапусьціць і таго, каб яна напоўнілася атрутай, калі мы гаворым пра ману. І калі мы падымаем рукі ўгору, мы не аказваем ніякага супраціву тым, якія ці выліваюць са шклянкі ваду, каб мы сасьмяглі бяз праўды, ці дадаюць туды атруту. У такім выпадку мы ці захлынемся атрутай маны, ці задушымся ад адсутнасьці праўдзівай вады. Але калі мы ў тую шклянку будзем даліваць сваё, то таго, чаго далівае дзяржава, проста будзе менець”.
Скобла: “Вы робіце замах на дзяржаўную хлусьню, а самі кажаце, што ваша кампанія не палітычная. Зразумела, што ў нашай дзяржаве ваша дзейнасьць будзе трактавацца адназначна як палітычная. І ў гэтым будзе чарговая дзяржаўная праўда. Ці гатовыя вы ў сувязі з гэтым да палітычнай барацьбы?”
Някляеў: “Разумеючы гэта, мы і стараемся падкрэсьліць, што кампанія ня носіць палітычнага характару, што гэта маральная акцыя. Мы гатовыя гаварыць аб праўдзе з усімі, хто так ці інакш хоча, каб хлусьні вакол было менш. Сама палітычная сытуацыя змушае нас проста адхрысьціцца ад любых палітычных сілаў. Я абсалютна ня супраць апазыцыі, я паважаю ўсіх тых людзей, якія знаходзяцца сёньня ў апазыцыйных партыях – за іх рашучасьць у гэтым выбары. Але відавочна, што дзяржаўная прапаганда зрабіла сваё, і на сёньняшні дзень рэйтынг апазыцыйных лідэраў ня тое што невялікі – ён проста адмоўны. І з гэтай праблемай, я маю на ўвазе палітычны аспэкт жыцьця нашай краны, пад выбары нешта трэба будзе рабіць. І наша кампанія зможа дапамагчы сумленным людзям. У гэтым, можа быць, і будзе заключацца яе палітычны аспэкт”.
Скобла: “У свой час вы стваралі ў Варшаве Інстытут беларускай культуры, у Хельсінкі – таварыства “Беларусь – Калевала”, у Менску – суполку “Беларускі дом”. “Беларускі дом” не стварыўся. Ня ведаю, чым займалася беларуска-фінскае таварыства, а вось пасьля “варшаўскага Інбелкульту” сёе-тое засталося, скажам, шыкоўна выдадзены альбом “Палесьсе”. Ці будзе кампанія “Гавары праўду!” займацца нейкімі культурніцкімі праектамі, ці вы будзеце толькі выкрываць дзяржаўную хлусьню?”
Някляеў: “Вядома ж, пры магчымасьці мы будзем займацца культурніцкімі праектамі, найперш – пры магчымасьці матэрыяльнай і наяўнасьці часу. Бо перад намі – вялікі аб’ём працы. Мы зьбіраемся ня проста гаварыць праўду, мы зьбіраемся яе знаходзіць, замяняць ёю ману. А як гэта рабіць? Мы будзем езьдзіць па раёнах, у нас будзе сетка карэспандэнтаў, якія нам будуць распавядаць, дзе, што і як робіцца. Мы будзем працаваць тэматычна. Першая наша акцыя будзе зьвязаная зь беспрацоўем. Гэта няпраўда, што ў нас няма і 1% беспрацоўных. Насамрэч толькі ў Маскве каля дарогаў стаяць 600 000 беларусаў – мужыкоў у самай сіле. Праблема зь беспрацоўем істотная. Прычым, людзей выганялі з працы не з прафэсійных прычынаў, а за іх перакананьні. Нешта ня тое сказаў – і пайшоў прэч. Першая акцыя будзе праведзеная якраз у гэтым накірунку”.
Скобла: “На прэзэнтацыі кампаніі “Гавары праўду!” адначасова прэзэнтавалася і ваша новая кніга, якая выйшла ў сэрыі “Беларускі кнігазбор”. У гэтай кнізе ёсьць здымак, на якім вы поплеч з чалавекам, які ўжо амаль 16 гадоў мэтанакіравана і апантана сее ў Беларусі ману, хлусіць часта і з любой нагоды. Калі вы такі праўдзівы, навошта вам у вашай кнізе спатрэбіўся хлус?”
Някляеў: “У гэтай кнізе спатрэбіўся ён таму, што я з гэтым чалавекам меў адносіны. У гэтай жа кнізе ёсьць мой здымак з Шушкевічам, зь якім я таксама маю адносіны. Дык вось, я пастараўся быць аб’ектыўным – што было ў маім жыцьці, тое ёсьць і ў кнізе. “Кнігазбораўскі” том – гэта выніковая кніга. Я пастараўся зьмясьціць там і вершы, і прозу, і ўсё рознабаковае, што я напісаў, і фота. Зьмясьціў я там і згаданы табой відэа-матэрыял, каб пасьля мне не гаварылі – а нештачка ў сваім жыцьці ты ўсё ж схаваў. Не, я не схаваў нічога”.