На пытаньні чытачоў сайту Радыё Свабода адказвае рэдактарка сайту “Хартыя’97” Натальля Радзіна, якую ўчора ў часе ператрусу зьбіў міліцыянт.
16 сакавіка Натальля Радзіна была госьцяй "Начной Свабоды"
СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ВЯДУЧАЙ ГАННЫ СОЎСЬ З НАТАЛЬЛЯЙ РАДЗІНАЙ:
Лёха зь Менску: “Як твар? Яшчэ баліць?”
Натальля Радзіна: “Так, баліць. Вока чорна-сіне-чырвонае — сур’ёзная гематома”.
Дзімыч: “Якія могуць быць пытаньні да старой “грантасоснай” канторы, якая прыкрываецца апазыцыйнай дзейнасьцю… Не сьмяшыце народ. Веры вам нуль”.
Н.Р.: “Калі б было так, як піша гэты “товарищ”, калі бы мы былі такімі сьмешнымі і недарэчнымі, дык офіс “Хартыі” не разграмілі б і не сканфіскавалі б кампутары ні ў офісе сайту “Хартыі”, ні ў кватэры Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп, і ня зьбілі б мяне. Гэта сьведчыць, што ўлады нас баяцца. Значыць, не такія ўжо мы бяскрыўдныя для рэжыму, і Лукашэнка нас баіцца”.
Алена: “Як лічыце, чаму апошнім часам пад рэпрэсіі трапляюць збольшага жанчыны-журналісткі, а не мужчыны?”
Н.Р.: “Па вялікім рахунку, дастаецца і мужчынам. Так можна меркаваць і на прыкладзе Андрэя Саньнікава. Відавочна, улады мяркуюць, што жанчын прасьцей зламаць. Але яны ня ўлічваюць такога фактару, што жанчыны ўвогуле, і беларускі ў тым ліку, вельмі моцныя. Напужаць нас, прымусіць спыніць сваю справу, немагчыма. На жаночых плячах ляжыць вельмі шмат — і на працы, і дома. І мы спраўляемся. Таму разьлік запужаць нас — няправільны”.
Пятро: “Хто на сайце “Хартыі” мадэруе камэнтары? Які прынцып мадэрацыі?”
Н.Р.: “Ёсьць людзі, якіх я, натуральна, называць ня буду. А прынцып просты. Ня будзе ў нас камэнтароў, якія распальваюць нацыянальную варожасьць, якія ўтрымліваюць нецэнзурную лаянку і тых, якія вельмі актыўна пішуць у інтэрнэце супрацоўнікі КДБ”.
Капелан з Багуслаў Поля: “Ці адышлі вы ад гэтага гвалту ў пагонах?.. Што думаеце адносна пэрспэктываў беларускай прэсы? На якія асноўныя моманты абапіраецеся ў вашай працы? Ці не жадалі калі-небудзь нейкі падручнік укласьці? Посьпехаў і меней такіх дзён”.
Н.Р.: “Вялікі дзякуй за падтрымку. Натуральна, адышла. Настрой баявы, гатовая працаваць. Што да наступных пытаньняў. Найперш, патрэбная журналісцкая салідарнасьць. Тое, што зьбіваюць журналістаў, што нас пазбаўляюць магчымасьці працаваць, канфіскуюць нашу тэхніку, што супраць нас адкрываюць крымінальныя справы, сьведчыць пра тое, што мы павінны быць мацнейшымі, падтрымліваць адзін аднаго, разумець, што мы свабодныя журналісты ў несвабоднай, дыктатарскай краіне. У момант ісьціны мы ўсе павінны зразумець, хто мы, што мы і ці гатовыя жыць у свабоднай, дэмакратычнай краіне. Атрымліваецца, што журналісты разам з палітыкамі выходзяць на перадавую. Ужо немагчыма гаварыць, што захоўваеш нэўтралітэт, што ты над змаганьнем. Пра падручнік. У будучыні гэта ня выключана, бо за час маёй працы ў Беларусі, а я працую ў журналістыцы 13 гадоў, я даведалася так шмат і навучылася так многаму, што магла б напісаць нейкі дапаможнік для журналістаў, якія працуюць у несвабодных краінах”.
Глеб з Воршы: “Малайцом, дзяўчына. Калі б’юць, значыць, баяцца. Трымайцеся і раскажыце пра сябе”.
Н.Р.: “Дзякуй за падтрымку. Я нарадзілася ў Кобрыне ў звычайнай беларускай сям’і. Бацька — вайсковец. Мама працавала ў дзіцячым садку. Цяпер яны на пэнсіі. Скончыла я факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Усё сваё жыцьцё я працавала ў беларускай незалежнай прэсе. Шэраг газэт, у якіх я працавала, ужо забароненыя, — “Имя”, “Навіны”, “Наша свабода”. Ад 2001 году я працую на сайце “Хартыі”.
Ананім: “Ці праўда, што вы не прапускаеце на сайт тых, хто ня згодны з палітыкай Лукашэнкі, зь дзеяньнямі Мілінкевіча і тых, хто крытыкуе Саньнікава?”
Н.Р.: “Абсалютна ня згодная з такім меркаваньнем. Мы публікуем самыя розныя камэнтары. Але калі мы бачым, што гэтыя камэнтары піша адзін і той жа чалавек, па дзясятку адначасна, дык, натуральна, ня бачым сэнсу іх паўтараць. І прапускаем іх дзеля плюралізму ў пэўнай колькасьці”.
Ананім: “Ці займаецеся вы актыўнай палітычнай дзейнасьцю?”
Н.Р.: “Я займаюся актыўнай журналісцкай дзейнасьцю”.