"Мы абураныя дзеяньнямі менскай міліцыі і заклікаем неадкладна вярнуць абсталяваньне, канфіскаванае ў "Хартыі-97" і "Народнай волі", а таксама з дому Ірыны Халіп", - заявіла каардынатарка праграмы Камітэту ў справе абароны журналістаў у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Ніна Агніанава.
Прадстаўнікі Камітэту лічаць, што беларускія ўлады павінны спыніць перасьлед журналістаў па крымінальнай справе аб меркаваным паклёпе.
16 сакавіка супрацоўнікі менскай міліцыі правялі ператрусы ў офісе сайта "Хартыя-97", рэдакцыі газэты "Народная воля", у кватэры журналісткі Ірыны Халіп і яе мужа, кіраўніка грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэя Саньнікава, а таксама ў кватэры журналісткі "Народнай волі "Марыны Коктыш. Супрацоўнікі сілавых структураў канфіскавалі сыстэмныя блёк кампутараў і электронныя носьбіты інфармацыі.