Віцебскі актывіст, супраць якога распачалі крымінальную справу за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы, патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых, хто яго затрымліваў.
Сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка зьвярнуўся з заявай у Кастрычніцкі суд Віцебску. Ён піша, што трое міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго 7 студзеня за вывешваньне сьцяга, перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. На думку актывіста, ягоныя паводзіны не вымагалі прымяненьня спэцсродкаў —надзяваньня кайданкоў. Да таго ж міліцыянты яго беспадстаўна зьбівалі, і цялесныя пашкоджаньні засьведчыла мэдычная экспэртыза.
З 3-га сакавіка Сяргей Каваленка знаёміцца са зьместам крымінальнай справы, распачатай супроць яго за парушэньне грамадзкага парадку —так міліцыянты кваліфікавалі ўчынак апазыцыянэра. Яшчэ яго вінавацяць у супраціве прадстаўнікам органаў унутраных спраў падчас затрыманьня. Яго затрымлівалі тыя самыя трое міліцыянтаў, якіх Сяргей Каваленка хоча прыцягнуць да суду і якія запатрабавалі ад актывіста па 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі сваіх маральных пакутаў — у матэрыялах справы ёсьць іхныя сьведчаньні, што актывіст іх публічна абражаў.
Калі абвінавачаньні, выстаўленыя супраць Сяргея Каваленкі, будуць даказаныя ў судзе, яму пагражае да 6-ці гадоў турэмнага зьняволеньня.