21 сакавіка ў Горадні пройдзе ІІІ агульнанацыянальная Дыктоўка - “Гародня, будзьма з мовай-2010!”. Гэтым разам тэкст Дыктоўкі - прадмова Ўладзіміра Караткевіча да кнігі “Памяць зямлі беларускай”. Чытаць тэкст будзе вядомы паэт і перакладчык, кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч.
Пасьля дыктоўкі адбудзецца “шоў-сьвята мовы” ад Андрэя Хадановіча. Усе ўдзельнікі атрымаюць памятныя падарункі. Па заканчэньні імпрэзы ўсіх чакае сьвяточны торт.
“Дыктоўка ня ёсьць тэстам на валоданьне мовай. У першую чаргу гэта жэст салідарнасьці зь беларускай мовай, зь беларускай незалежнасьцю, нашае сьведчаньне таго, што беларуская мова жывая і мае ў нашым горадзе шмат прыхільнікаў, – кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства актывіст руху “За свабоду” Эдвард Дмухоўскі
Дыктоўка арганізоўваецца шэрагам гарадзенскіх грамадзкіх арганізацый, ініцыятываў ды проста цікавымі, неабыякавымі людзьмі. Гарадзенскую дыктоўку “Гародня, будзьма з мовай-2010!” падтрымалі кампанія “Будзьма беларусамі”, тэлеканал “Белсат”, радыё “Рацыя”. Мерапрыемства пройдзе 21 сакавіка а 12.00 па вуліцы Будзёнага 48а-100 (заля ва ўнутраным дворыку).