Прыхільнікі альтэрнатыўнай службы дамогуцца свайго?

Суды цягам тыдня адмянілі ранейшыя рашэньні ў справах прызыўнікоў, якія паводле рэлігійных перакананьняў адмовіліся ад службы ў войску. Назіральнікі лічаць гэта сьведчаньнем таго, што ў хуткім часе зьявіцца закон аб альтэрнатыўнай службе. Што да раптоўнай адмены прысудаў, то юрысты лічаць гэта чарговай дэманстрацыяй адсутнасьці незалежнай судовай сыстэмы.
Усе вернікі, пакараныя за ўхіленьне ад вайсковай службы, прасілі даць ім магчымасьць служыць у рэзэрве. Яны спасылаліся пры гэтым на артыкул 57 Канстытуцыі, які дэкляруе альтэрнатыўную службу.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 1994 году, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў лічыць, што адсутнасьць закону аб альтэрнатыўнай службе — праблема дзяржавы, а не грамадзянаў. Паколькі Канстытуцыя гарантуе такую службу, то малады чалавек мае на яе права, і няважна, ці прыняты ў краіне адпаведны закон.

Валер Фадзееў зазначыў: «Калі ў Канстытуцыі запісана нейкае права і гарантыю на яго ажыцьцяўленьне нехта зьвязвае з адсутнасьцю закону, які гэта рэгулюе, то ён ня мае рацыі.
Калі ў Канстытуцыі запісана нейкае права і гарантыю на яго ажыцьцяўленьне нехта зьвязвае з адсутнасьцю закону, які гэта рэгулюе, то ён ня мае рацыі.
Грамадзянін не вінаваты, што дзяржава не прыняла гэты закон. Гэта праблемы дзяржавы».

На думку юрыста, той факт, што ў судовых інстанцыях раптам адмянілі ўсе прысуды за ўхіленьне ад службы ў войску, чарговы раз засьведчыў адсутнасьць незалежнасьці судовай сыстэмы.

«Што да ўказаньня зьверху, то, напрыклад, калі такое ўказаньне ёсьць і яно паходзіць не ад судовай сыстэмы, а ад органу выканаўчай улады — гэта вельмі кепска.

Суды могуць кансультавацца з уладай, удакладняць нейкія пазыцыі, але выканаўчая ўлада ня можа дыктаваць судам тую ці іншую мадэль паводзінаў. Калі гэта тлумачэньне Пленуму Вярхоўнага суду, то гэта я разумею».

Адвакат Павал Сапелка выказаўся наступным чынам:

«Падобная сытуацыя была, калі раптам шмат людзей вызвалілі. Тады, калі пачаліся перамовы з Захадам наконт гандлёвых прэфэрэнцыяў. Я б ніколі ня стаў гаварыць пра незалежнасьць суду ва ўмовах нашай рэчаіснасьці... Ні суду, ні сьледзтва, ні абвінавачаньня. Незалежнай у нейкай ступені пакуль яшчэ застаецца абарона».

Летась і сёлета рэзананс у грамадзтве выклікаў гвалтоўны прызыў на вайсковую службу палітычных актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Маладафронтаўцы і моладзь БНФ правялі супраць гвалтоўнага прызыву шэраг пікетаў. Калі ў тых выпадках размова ішла пра ізаляцыю актывістаў ад грамадзка-палітычнага жыцьця, то цяпер, калі вернікаў караюць за ўхіленьне ад вайсковага абавязку, гаворка ідзе пра магчымасьць альтэрнатыўнай службы.

Кампанія «За альтэрнатыўную службу!», лідэрам якой выступае Міхаіл Пашкевіч, распачалася летась у верасьні. Маладыя людзі зьбіралі подпісы сярод студэнтаў і на вуліцах. Яны накіравалі шэраг зваротаў у заканадаўчыя органы і Канстытуцыйны суд.

Адмены прысудаў адбыліся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне міністру абароны Леаніду Мальцаву ўнесьці свае прапановы наконт альтэрнатыўнай вайсковай службы.

Як лічаць назіральнікі, ланцуг адмены прысудаў сьведчыць пра тое, што днямі могуць быць прынятыя папраўкі ў заканадаўства і маладыя людзі будуць мець выбар — служба ў войску альбо праца ў госьпісах і на будоўлі.

Закону чакаюць Іван Міхайлаў, якога адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд за чатыры дні да заканчэньня тэрміну адбыцьця трохмесячнага арышту, а таксама жыхар Гомелю Зьміцер Смык — вернік суполкі «Сьведкі Еговы». Яго аштрафавалі на 3 з паловай мільёны рублёў за ўхіленьне ад службы ў войску.

Гомельскі актывіст аргкамітэту дзеля стварэньня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Яўген Якавенка месяц таму быў аштрафаваны судом на 175 тысяч рублёў за няяўку ў ваенкамат.