Улады зноў ня вытрымалі тэст на лібэралізацыю

У Беларусі на гэтым тыдні завяршыўся чарговы этап кампаніі па абраньню дэпутатаў мясцовых саветаў -- фармаваньне ўчастковых камісіяў. Менавіта яны вядуць непасрэдны падлік выбарчых бюлетэняў. На долю апазыцыйных палітычных партыяў у складзе ўчастковых камісіяў прыпадае толькі 76 месцаў, альбо 0,1% усіх сябраў камісіяў. Апазыцыйныя лідэры заяўляюць, што ўлады ня вытрымалі чарговы тэст на лібэралізацыю.
68 881 чалавек будзе лічыць бюлетэні на мясцовых выбарах у Беларусі. Менавіта гэтую лічбу агучыла Цэнтральная выбарчая камісія.

Лідэр партыі левых “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін цьвердзіць:

Сяргей Калякін
“Гэта будзе зноў закрыты падлік галасоў. Выбараў у сапраўдным сэнсе гэтага слова ня будзе. І калі нехта лічыць, што іх прызнаюць, то ён вельмі-вельмі памыляецца. Чарговым разам улада ня вытрымала экзамэн, які сама ж сабе і прызначыла. Лукашэнка казаў, што правядзе самыя празрыстыя, самыя дэмакратычныя выбары, якіх не было раней у сьвеце. І сёньня мы ўжо амаль маем адказ на пытаньне, ці будуць гэта выбары, ці ня будуць”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што палітычныя партыі, як праўладныя, так і апазыцыйныя, у камісіях будуць прадстаўляць 1572 асобы. Гэта, як ён лічыць, вялікі прагрэс параўнальна з папярэднімі выбарамі:

“Усяго на папярэдніх мясцовых выбарах у склад участковых камісіяў было ўключана 113 сяброў палітычных партыяў. І сярод іх быў толькі адзін прадстаўнік апазыцыйных партыяў. А цяпер партыйцаў 1572. І гэта, пагадзіцеся, прагрэс вельмі вялікі”.

З такой ацэнкай не пагаджаецца палітоляг Уладзімер Роўда:

Уладзімер Роўда
“Гэта мізэрная лічба, калі казаць пра мясцовыя выбары. Гэта сьведчыць пра тое, што нават тыя партыі, якія ніколі не выступалі супраць Лукашэнкі, таксама кепска прадстаўлены. Для эўрапейскай краіны гэта — абсалютны нонсэнс. Таму што гэта задача партыяў — удзельнічаць у камісіях, кантраляваць працэс, вылучаць сваіх кандыдатаў і весьці змаганьне за дэпутацкія мандаты. А не аддаваць месцы бюракратам, як гэта робіцца ў нашай краіне”.

Сярод партыйцаў — сябраў участковых камісіяў апазыцыйныя вылучэнцы складаюць толькі 5%. Атрымалася гэта таму, што апазыцыянэраў чамусьці неахвотна ўключалі ў камісіі. Пра гэта красамоўна сьведчаць канкрэтныя лічбы: АГП вылучала 281 чалавека — уключылі толькі 23, БНФ — адпаведна 122 і 17. А вось лічбы, якія тычацца праўладных партыяў: КПБ — 516 і 427, Аграрная — 132 і 131, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 358 і 342, Сацыяльна-спартыўная — 434 і 432.

Уладзімер Роўда кажа: гэтыя лічбы — адлюстраваньне дыскрымінацыі апазыцыйных партыяў:
усе размовы пра лібэралізацыю ёсьць самы сапраўдны падман эўрапейскай супольнасьці ...

“Гэта сьведчыць, што ўсе размовы пра лібэралізацыю ёсьць самы сапраўдны падман эўрапейскай супольнасьці і эўрапейскіх структураў. Вось і ўсё — ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма”.

Улады у большасьці рэгіёнаў дапусьцілі да ўдзелу ў выбарчых камісіях толькі нязначную колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі. У адказ адны апазыцыянэры наважаныя пісаць скаргі, другія — байкатаваць выбары, а трэція — нягледзячы ні на што працягнуць удзел у наступных этапах выбарчай кампаніі.

Партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі вырашыць, ці ёсьць сэнс яе актывістам працягваць удзел у выбарчай кампаніі, 27 сакавіка. Менавіта на гэты дзень прызначана паседжаньне Нацыянальнай рады дагэтуль афіцыйна не зарэгістраванай партыі. Ня прынялі яшчэ рашэньня наконт далейшага ўдзелу ў выбарах і іншыя апазыцыйныя арганізацыі.

Анатоль Ляўковіч
Сустаршыня Палітрады АДС, кіраўнік БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч гаворыць:

“Кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, я ў гэтым перакананы, будзе прымаць кансалідаванае рашэньне. Не такім чынам, што кожны суб’ект прыме сваё рашэньне і так будзе крочыць”.


Юрась Губарэвіч
А Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні руху “За свабоду”, які ўваходзіць у Беларускі незалежніцкі блёк, адказвае так:

“Пазыцыя руху наступная — мы вылучаем перадусім тых кандыдатаў, якія вядомыя ў сваіх акругах, маюць кантакт з выбарцамі і адпаведна могуць разьлічваць на посьпех. Таму ад пачатку ставілася задача — удзельнічаць у выбарчай кампаніі да дня галасаваньня і разьлічваць на перамогу. Такой жа пазыцыі прытрымліваюцца і шэраг іншых арганізацый, якія ўваходзяць у Беларускі незалежніцкі блёк.

У той жа час частка арганізацый БНБ абрала трохі іншую тактыку — яны ставяць за мэту навучыць сваіх новых актывістаў тэхналёгіям выбарчых кампаніяў. Яны зрабілі стаўку на масавасьць. Таму, натуральна, для такіх арганізацый адным з варыянтаў можа разглядацца і зьняцьцё іх кандыдатаў”.

Панядзелак, 15 сакавіка, апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты могуць здаць неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю.