Сотні расейскіх інтэлектуалаў, палітыкаў і шэраговых грамадзянаў паставілі ўжо свае подпісы пад заклікам “Пуцін павінен сысьці!” Сярод тых, хто патрабуе адстаўкі расейскага прэм’ера праваабаронца Елена Бонэр, апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў, чэмпіён сьвету ў шахматах Гары Каспараў.
Аўтары звароту сьцьвярджаюць, што ў Расеі сёньня немагчымыя ніякія сутнасныя рэформы , пакуль Пуцін валодае рэальнай уладай у краіне. Яны лічаць, што за гады свайго кіраваньня Пуцін ператварыўся ў сымбаль бязьлітаснай да сваіх уласных грамадзянаў непрадказальнай краіны.
Пачаўшы сваё ўзыходжаньне з эпахальнай фразы “мочить в сортире”, ён ужо доўгі час выкарыстоўвае гэты інструмэнт у адносінах з палітычнымі праціўнікамі. Перамясьціўшыся на час з прэзыдэнцкага крэсла ў апартамэнты прэм’ера і пакінуўшы ў Крамлі паслухмянага ахоўніка свайго месца, пішуць далей аўтары звароту, Пуцін стварыў адкрыта антыканстытуцыйную канструкцыю пажыцьцёвага кіраваньня краінай.
Пэтыцыя першапачаткова з’явілася на інтэрнэт сайце “Ежедневный журнал”, а таксама на спэцыяльным сайце putinavodstavku.ru. На сёньня яе падпісалі ўжо больш як дзьве тысячы чалавек. Адзін з тых, хто падпісаў зварот, пісьменьнік, дысыдэнт савецкай пары Ўладзімер Букоўскі. У інтэрвію нашаму радыё Букоўскі выказаў меркаваньне, што ў расейскім грамадзтве ўстойліва расьце апазыцыя Пуціну. Вось як ён патлумачыў мэту акцыі:
Букоўскі: “Мы прывыклі, што справа здаецца безнадзейнай, аднак рабіць яе трэба. Паколькі гэта не з’яўляецца нейкім маральным імпэратывам – цярпець самавольства, беззаконьне, рэпрэсіі нельга. Нельга нам, ня важна, што думае пра гэта ўлада”.
У ліку тых, хто падпісаў заклік да адстаўкі Пуціна, сустаршыня руху “Салідарнасьць” Барыс Нямцоў. Ён лічыць, што яго сыход дасьць шанц мадэрнізацыі Расеі.
Нямцоў: “Для мяне сыход Пуціна, мадэрнізацыя, прагрэс і посьпех Расеі – гэта словы-сынонімы. Справа ў тым, што Пуцін пабудаваў абсалютна дапатопную, архаічную, паліцэйскую, гнілую сыстэму, якая базуецца на цэнзуры, няпраўдзе, цынізьме і жорсткасьці. Задачы, якія стаяць перад Расеяй, на такім фундамэнце вырашыць нельга”.
Аўтары звароту ставяць у віну Пуціну “Курск”, “Норд Ост” і Беслан , тысячы ахвяраў тэхнагенных катастрофаў і міліцэйскага бязьмежжа, дзесяткі забітых журналістаў, заняпад адукацыі і навукі, дэградацыю дзяржапарату і маральных інстытутаў грамадзтва. “Несьці далей гэты крыж Расея ўжо ня можа”, – заключаюць аўтары звароту.