Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна (цяпер вёска Тродавічы --> http://maps.google.com/maps?f=q&source=s_q&hl=en&geocode=&q=N55+49.792+E29+13.907&sll=37.0625,-95.677068&sspn=45.957536,93.076172&ie=UTF8&t=h&ll=55.792017,29.484558&spn=1.025315,2.90863&z=9&iwloc=near ) Расонскага раёну Віцебскай вобласьці. Скончыў аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ (1959). Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газэце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». З 1978 году — старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. У 1990 атрымаў прызначэньне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН. Пасьля вяртаньня, у 1994-1995 гадах быў намесьнікам міністра культуры і друку. У 1995-2001 гадах працаваў у часопісе «Вожык». Аўтар больш двух дзясяткаў паэтычных кніг, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Жыве ў Менску.
Што для вас свабода?
Для мяне свабода — гэта магчымасьць выказаць самае дарагое так, як я адчуваю, не азіраючыся на патрабаваньні цэнзуры ці нейкіх ідэалягічных інстанцый, выказаць тое, што ўва мне ёсьць, ні зь кім гэтага не ўдакладняючы.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Тыя дзяржаўныя рэаліі, якія вымушаюць мяне маю ўнутраную свабоду часам не выпускаць зь сябе.
Што для вас шчасьце?
Адчуваньне патрэбнасьці сябе і веданьне, што ў майго народу ёсьць будучыня, якая адпавядае боскім законам і боскай волі.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Небясьпекі для Беларусі.
Які талент вы хацелі б мець?
Хацеў бы ўдасканаліць той, які мне Бог даў — адчуваньне роднага слова, веданьне роднага слова і валоданьне родным беларускім словам.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Маім вялікім сябрам Рыгорам Барадуліным — яго унікальнай здольнасьцю ствараць на беларускай мове шэдэўры паэзіі, шэдэўры духоўнага выяўленьня таго, што і мне вельмі блізкае.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць. А яшчэ — хадзіць па лесе і зьбіраць грыбы.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Болей бы аддаў увагі і душэўнай энэргіі блізкім людзям — бацькам, сям’і і сябрам. А яшчэ вывучыў бы замежныя мовы, каб данесьці сьвету тое, што я ведаю пра сваю родную зямлю.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Запомнілася мне бацькава парада: сын, жыві так, каб не было ў канцы жыцьця сорамна перад самім сабой.
Які ваш улюбёны дэвіз?
«Рабі так, як трэба, і хай будзе так, як будзе!»
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Недастаткова добра іх усе ведаю, каб дакладна назваць, Але, бясспрэчна, у дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У маю эпоху, толькі пры іншым стане спраў, пры іншым уладкаваньні дзяржавы, іншым духоўным узроўні грамадзтва.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Найперш я папрасіў бы прабачэньня ў беларусаў за тое, што так мала дзяржава напамінала ім пра гісторыю Беларусі, пра іх нацыянальную годнасьць і пра тое, што нічога не даецца само сабой.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Адносіны ўзаемнай павагі, узаемнага разуменьня і ўзаемнай дапамогі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Самыя добрыя, але на ўмовах раўнапраўя.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Дыктатуры сваёй ніколі быць ня можа.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі б я гэта ведаў, я быў бы шчасьлівым чалавекам. Жыву спадзяваньнем, што гэта адбудзецца пры мне на гэтай зямлі.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі яны нарэшце стануць ганарыцца сваёй гісторыяй, сваімі сапраўднымі героямі, калі яны зразумеюць, што першая і самая галоўная адзнака іх як народа — гэта мова. Калі яны гэта зразумеюць, то тады яны прымусяць і ўладу гэта зразумець, і дзецям сваім ад самага прыходу ў сьвет дадуць у душу і ўкладуць у вусны родную мову.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будзе сьмерць беларусаў як нацыі.