Выпівохам больш кіслароду?

Пра некаторыя пытаньні чалавечага лёсу мне заўсёды хочацца чытаць значна мацней, чым пра іншыя. Напрыклад, як піць алькаголь і заставацца цьвярозым? Або пра гэтае самае ў менш радыкальным варыянце — як піць алькаголь і хутка выцьверажацца?
Вось і сёньня, калі я адкрыў сайт аднаго навуковага часопіса, мой зрок толькі сьлізгануў па пытаньнях тыпу: якія сакрэты схаваныя на марсіянскіх месяцах? як зрабіць самазараджальны сотавы тэлефон? сланы ходзяць ці бегаюць? як паразумецца зь мікробамі? ці юрысты могуць спыніць вялікі адронны калайдэр?

Але гэты самы зрок учапіўся, як каршук у кураня, у тэкст пад назвай "Дадатак кіслароду да гарэлкі прысьпешвае выцьверажэньне". Ну, нарэшце-ткі навука знайшла адказ на адно з самых вострых пытаньняў чалавецтва!

Аказваецца, навукоўцы з Паўднёвай Карэі паілі 50 паддосьледных прадстаўнікоў Homo sapiens абодвух полаў 20-градусным алькаголем з распушчаным у ім кіслародам у трох варыянтах: 8, 20 і 25 частак кіслароду на мільён частак алькаголю. Тыя, што пілі алькаголь з 20 і 25 часткамі кіслароду на мільён частак алькаголю, выцьверажаліся адпаведна на 23 і 27 хвілінаў хутчэй, чым тыя, якім далі менш кіслароду (то бок, алькаголь з крыві больш "акіслароджаных" зьнікаў адпаведна хутчэй). Навукоўцы зрабілі з гэтай кантраляванай выпіўкі, як падаецца, лягічную выснову — узбагачэньне алькаголю кіслародам дазваляе чалавеку выцьверазіцца хутчэй.

Ці прывядзе гэтае адкрыцьцё да рэвалюцыі ў прадукцыі алькагольных напояў? (У дужках заўважым, што гэтая прадукцыя не мадэрнізавалася ў прынцыпе з часу, калі чалавек навучыўся вырабляць гарэлку, гэта значыць, недзе шэсьць тысяч гадоў таму.)

Мала імаверна, што так станецца. То бок, што ў гарэлку будуць пампаваць кісларод.

Вось рэакцыя Брытанскай мэдычнай асацыяцыі на гэтае кіслародна-алькагольнае адкрыцьцё была больш чым скептычнай: "Мы не хацелі б мець сытуацыю, калі людзі п’юць больш толькі таму, што могуць хутчэй акрыяць пасьля выпіўкі".

Безумоўна, было б цікава пачуць рэакцыю розных вінна-гарэлачных асацыяцыяў, але згаданы часопіс яе не прыводзіць. Што, відаць, зразумела. Калі мэдыкі кажуць "не", гэта на практыцы значыць "не, і кропка".

У сувязі з гэтым адкрыцьцём мне прыгадаліся мае студэнцкія гады, якія прыпалі на час, калі гарэлку ў Польшчы прадавалі паводле картачнай сыстэмы, як амаль і ўсе іншыя жыцьцёва неабходныя прадукты і тавары. Даросламу чалавеку можна было набыць паўлітровую пляшку гарэлкі на месяц, і ўсё. Вазьмі ты і напіся, калі ў цябе няма самагоннага апарата. (Дарэчы, цукар тады таксама быў на карткі, але я ўжо ня помню месячнага рацыёну.)

Легендай нашага студэнцкага жыцьця стала выпіўка ў аднаго знаёмца зь хімічнага факультэту, які сьцягнуў з унівэрсытэцкай лябараторыі колбачку з чыстым сьпіртам ды запас гумовых трубачак і напаіў напавал тузін асабнёў студэнцкага віду абодвух полаў, намовіўшы іх паставіць "алькагольную клізму", то бок, прыняць зусім невялікую дозу сьпірту заднім праходам. Алькаголь празь сьценку тоўстай кішкі адразу пранікаў у кроў, не праходзячы ніякіх хімічных рэакцый і фільтраў ні ў печані, ні ў астатніх трыбухах. А таму хапіла ўсяго кілішачак сьпірту, каб дасягнуць такога самага псыхалягічнага эфэкту заспакоенасьці, як пры традыцыйнай выпіўцы поўнай пляшкі на адну галаву (ці глотку).

(Пры нагодзе, пытаньне да моўных, выбачайце за кантэкст, пурыстаў — ці можна назваць гэтую імпрэзу "выпіўкай"?)

Чаму гэты (пра)ход ніколі ня быў скарыстаны ў масавым маштабе выпіваючай часткай чалавецтва як паратунак ня толькі ад цырозу печані, але і ад усялякага цяжкога і лёгкага пахмельля? Ці не таму, што выпіўка — гэта ня толькі фізіялягічны, псыхалягічны і генэтычна абумоўлены фэномэн, але і групавы культурны рытуал?

Бо калі я не памыляюся, у большасьці культураў, а прынамсі ў большасьці тых зь перавагай нестудэнцкіх элемэнтаў, не прынята ставіць групавую рытуальную клізму...

На гэтым сёньня і закончым, пакідаючы сутнасьць пытаньня аголенай.