Чым бліжэй у Беларусі выбары, тым больш у нашай пошце лістоў з развагамі пра тое, чаму ў дзяржаўных структурах кіраваньня няма ніводнага апазыцыянэра; як на сытуацыю ў краіне ўплывае тое, што ўжо больш як паўтара дзесятка гадоў дзяржавай кіруе адна асоба, якая, мяркуючы па ўсім, і ў будучыні не зьбіраецца нікому саступаць уладу.
З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Вось што нам піша Фёдар Грышан зь Менску:
«Мне ўжо 80 год, я інвалід 2-й групы. Цікаўлюся палітычнымі падзеямі. Радыё Свабода для мяне — як глыток сьвежага паветра.
Хачу сказаць некалькі слоў пра выбары прэзыдэнта, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў наступным годзе. Лукашэнка на гэтай пасадзе адбывае ўжо трэці тэрмін і яўна зьбіраецца ісьці на чацьверты. Я нідзе ня чуў і ня бачыў, каб прэзыдэнт, праседзеўшы пры ўладзе гэтулькі часу, ішоў яшчэ і на чацьверты тэрмін. Думаю, што такія выбары па-за законам. І яны не павінны прызнавацца ні ўнутры Беларусі, ні за яе межамі».
Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе ўжо амаль 16 год — гэта больш чым тры прэзыдэнцкія тэрміны. Падаўжэньне адбылося ў 96-м годзе, калі з ініцыятывы Лукашэнкі была перагледжана Канстытуцыя, і паводле новага варыянту ён быў надзелены мала чым абмежаванымі паўнамоцтвамі.
Увогуле, сытуацыя, калі палітык, аднойчы перамогшы на прэзыдэнцкіх выбарах, потым да канца жыцьця не жадае пакідаць гэтую пасаду, не такая ўжо выключная, спадар Фёдар. Напрыклад, аўтарытарныя сярэднеазіяцкія правіцелі Нурсултан Назарбаеў (у Казахстане) і Іслам Карымаў (ва Ўзбэкістане) паводле свайго прэзыдэнцкага стажу нават пераўзыходзяць Аляксандра Лукашэнку. Пажыцьцёвае прэзыдэнцтва стала звыклай зьявай і ў шмат якіх афрыканскіх краінах. Праўда, там многія дыктатары не даседжваюць у прэзыдэнцкіх крэслах да старасьці, бо часта становяцца ахвярамі змовы былых паплечнікаў.
Аўтары наступнага ліста — Іван Андрыеўскі, Стэфан Валькоўскі, Генрых Маеўскі, Іван Суровіч і Мар’ян Кавалеўскі зь Ліды — напісалі пасьля таго, як пачулі па «Свабодзе» навіну пра рэфэрэндум, які зьбіраецца ініцыяваць апазыцыя з нагоды падвышэньня мыта на ўжываныя аўтамабілі. Слухачы пішуць:
«Ня тыя пытаньні хочуць вынесьці апазыцыянэры на рэфэрэндум. Аўтамабіляў у нас і так хапае. Хто хацеў, той ужо даўно купіў. Болей іх ня трэба: і так немагчыма свабодна хадзіць па вуліцы — усё машынамі застаўлена. Народ хвалюе іншае: як вярнуць нашы грошы, якія згарэлі ў Ашчадным банку на пачатку 90-х гадоў? Калі спыніцца шалёны рост коштаў на камунальныя паслугі, лекі, прадукты ў крамах?
Цікава, чаму гэта ў кандыдатаў у дэпутаты і ў прэзыдэнты ад апазыцыі няма такога пункту — аб вяртаньні нашых укладаў, якія былі пакладзены ў Ашчадны банк да ‘95-га году? Калі Лукашэнка будзе вяртаць нашы ашчаджэньні, дык мы ўсе будзем галасаваць за яго. І ў першую чаргу павінны вярнуць грошы пэнсіянэрам.
... І яшчэ адна заўвага. Радыё Свабода часта ўзьнімае пытаньне: ці прызнае Лукашэнка і ягоны парлямэнт Абхазію ды Паўднёвую Асэтыю. Ды ніколі яны іх не прызнаюць, бо пасьля гэтага ім давялося б прызнаць і аддзяленьне Заходняй Беларусі ад Рэспублікі Беларусь — калі б тут быў праведзены такі рэфэрэндум». Да ліста зроблена наступная прыпіска: «Пісьмо высылаем з пошты іншага горада, бо цэнзура нашага раёна яго не прапусьціць».
Ня думаю, шаноўнае спадарства, што ваша параўнаньне становішча сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі з сытуацыяй у Заходняй Беларусі карэктнае і ўдалае. Нават калі мець на ўвазе канфлікт вакол польскай нацыянальнай меншасьці. Ні праўладны, ні неафіцыйны Саюз палякаў Беларусі пытаньня пра аўтаномію ці рэфэрэндум на гэтую тэму ня ставяць. Ды яно і не выглядае актуальным у сёньняшняй Беларусі.
Што да кампэнсацыі абясцэненых грашовых укладаў. Як вядома, за 16 год у прэзыдэнта Лукашэнкі рукі да гэтай праблемы не дайшлі. Спачатку на тое былі важкія прычыны: у сярэдзіне і напрыканцы 90-х гадоў у дзяржавы было мала грошай. Але пазьней, з надыходам новага дзесяцігодзьдзя, у выніку звышвысокіх цэнаў на нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні грошы зьявіліся. Ды толькі ўкладзеныя яны былі галоўным чынам у пампэзныя новабудоўлі. І вельмі малая верагоднасьць таго, што выплочваць кампэнсацыі прэзыдэнт пагодзіцца цяпер, калі краіна перажывае востры эканамічны крызіс і сродкаў у дзяржбюджэце зноў нестае на самае неабходнае.
Наступны ліст дасланы на «Свабоду» зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, дзе выходзіць самвыдатаўская мясцовая газэта «Дуброўскі настрой». Сярод навін вясковага жыцьця — вестка пра ліквідацыю мясцовага Кабульскага сельсавету. Яшчэ летась у рамонт будынка гэтага сельсавету ўклалі немалыя грошы, а сёлета нечакана вырашылі закрыць. Некаторыя дуброўскія жыхары паспрабавалі пярэчыць — безвынікова. Ананімны аўтар робіць наступную выснову (цытую ліст):
«Ну, ня ўмее наша намэнклятура працаваць з асобным грамадзянінам — толькі з масамі. А сельсавет? Ды ўсё роўна ад яго толькі і карысьці, што выдача даведак. Ён даўно ўжо ня ёсьць органам народнага прадстаўніцтва. Канечне, езьдзіць у Давудаўку ці Мікалаеўку будзе менш зручна, чым у Кабульшчыну. Але калі ўжо ўлада паставілася задніцай да народных пажаданьняў, то ці варта народу выбіраць дэпутатаў у такія саветы? Усё роўна іхная вага блізкая да нуля.
Цікава, што як толькі вырашылі зьліквідаваць сельсавет, у аграмястэчку „Кабульшчына“ пачалі зьдзіраць бляшаны плот. Выходзіць, раз няма сельсавету, то зялёны мэталічны плот не паложаны. І павязуць гэту перасоўную прызавую агароджу ў Прудок, дзе яна больш патрэбная. Кажуць, што зьдзіраць плот загадаў галоўны шацілкаўскі „вэртыкальшчык“ — грозны ўсім Максіменка. Ну, раз Максіменка, то супраць яго не папрэш: гэта ж лукашэнкаў памазаньнік.
Хай бы разам з плотам пазьдзіралі і ўсе расейскамоўныя шыльды, якімі загадзілі сяло.
Адна з работніц сельсавету са скрухаю кажа: вось зачыняць будынак, перастануць ацяпляць. Вокны, канечне, павыбіваюць вандалы. Такое звычайна бывае зь безгаспадарчымі пабудовамі ўсюды. Шкада змарнаванай працы і грошай. Гэта ж нашы, народныя грошы. І плота шкада: на ім такую праўду можна напісаць, узяўшы кавалак крэйды ў рукі. Хутка выбары, але нам няма каго і куды выбіраць. Бяз плота на выбары — ні нагой».
Звычайна ў адказ на такія скаргі і просьбы вяскоўцаў, выкліканыя ліквідацыяй чарговай установы, раённыя начальнікі адказваюць: трэба ашчаджаць дзяржаўныя грошы. Жыхароў стала меней — значыць, абыдзецеся і безь сельсавету. Сёньня — безь сельсавету, заўтра — бяз школы і дзіцячага садку, пасьлязаўтра — без амбуляторыі. А потым і аўтобусны маршрут адменяць, і вясковую краму зачыняць... Гэта ж усё стратнае. І вунь якая эканомія для раённага бюджэту атрымліваецца!
А пасьля ўсяго гэтага начальнікі няўцямна разводзяць рукамі: і хто гэта вінаваты, што насельніцтва раёну скарачаецца, як падчас вайны, што ў абязьлюдзелых калгасах няма каму працаваць, а ў бюджэт няма каму плаціць падаткі? Яны ж, начальнікі, зрабілі ўсё магчымае, каб гэты бюджэт ашчаджаць усімі спосабамі.
Мы працягваем атрымліваць ад сваіх сталых слухачоў водгукі на перадачы «Свабоды», а таксама пажаданьні і прапановы тэмаў, якія нашы аўтары хацелі б пачуць у эфіры. Вось што піша ў сваім лісьце Алег Пракорына з пасёлку Сноў Нясьвіскага раёну:
«Цікавіць праблема захаваньня нацыянальнай спадчыны ў паўсядзённым жыцьці на прыкладзе прадметаў побыту, збудаваньняў, мастацкіх вырабаў у аздабленьні жытла. Таксама дарэчы будзе выкананьне народных песьняў, прыпевак. Дзеля гэтага трэба болей кантактаваць з творчымі асобамі, самадзейнымі майстрамі, аўтарамі цікавых арыгінальных працаў».
І яшчэ адзін кароткі ліст, які даслаў нам Уладзіслаў Дзёмкін зь Менску. Ён зьвяртаецца з наступнымі прэтэнзіямі (цытую ліст):
«Вам на „Свабоду“ часта пішуць і тэлефануюць розныя лукашысты, якія ненавідзяць усё беларускае, абараняюць дыктатуру, ня хочуць, каб Беларусь далучылася да Эўропы. Навошта вы даяце ім слова? Няхай выступаюць па БТ і ў „Советской Белоруссіі“: там ім толькі і месца. Бо іншай думкі ў прэзыдэнцкіх мэдыях усё роўна не пачуеш».
Менавіта дзеля таго, каб у нашым эфіры не было аднадумства, каб у ім гучалі ўсе разнастайныя погляды і меркаваньні, якія існуюць у грамадзтве — мы і даем магчымасьць выказацца гэтым людзям, спадар Уладзіслаў. Дыскусіі, спрэчкі, сутыкненьні розных пазыцый дапамагаюць нашым слухачам скласьці ўласнае меркаваньне пра тыя складаныя праблемы і зьявы, на якія ў грамадзтве няма адзінага погляду.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.