Г.Бураўкін: Беларускае мова не памрэ, бо мае Барадуліна

Генадзь Бураўкін

Да ўваходу ў лечкамісію, дзе ў рэанімацыі ляжыць Рыгор Барадулін, 24 лютага а палове шостай вечара прыйшлі яго сябры і калегі, каб перадаць кветкі, падарункі і віншаваньні зь днём народзінаў. 24 лютага народнаму паэту Беларусі споўнілася 75 гадоў. У нашым эфіры – гутарка з паэтам Генадзем Бураўкіным пра яго сябра і земляка.

Абламейка: Добры вечар, Генадзь Мікалаевіч. Што б вы пажадалі свайму сябру і земляку ў дзень яго юбілею?

Бураўкін: Я хачу пажадаць яму аднаго – многа разоў здароўя, здароўя, здароўя. Таму што за тыя 75 гадоў, якія ён пражыў, ён пасьпеў столькі зрабіць, ён настолькі бліскуча паказаў сьвету свой талент выдатны, геніяльны, што хацелася б каб гэта працягвалася доўга-доўга. А для гэтага, пры тым што ёсьць у Рыгора, патрэбна адно – здароўе, здароўе ягонаму сэрцу, здароўя ягонай руцэ нястомнай, здароўя яго пільным вачам, здароўя яго натхненьню. Вось тое, што я сёньня шчыра жадаю Рыгору.

Абламейка: Калі вы думаеце пра Рыгора Барадуліна, што вам найперш прыгадваецца з вашага шматгадовага сяброўства?

Бураўкін: Перш за ўсё прыгадваюцца яго вершы, нават тыя юнацкія, студэнцкія, якія я памятаю. І прыгадваюцца яго апошнія, магутныя, па-сапраўднаму сталыя, па-сапраўднаму вельмі высокага ўзроўню. Прыгадваецца наша родная Полаччына і нашы сумесныя паездкі туды, тады калі была жывая Акуліна Андрэеўна, ягоная мама, тады, калі быў жывы мой бацька Мікалай Сьцяпанавіч, тады, калі быў жывы Пятрусь Усьцінавіч Броўка, калі быў жывы Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Калі мы ехалі тады па роднай Полаччыне, я бачыў, як сьвяціўся, ня проста хваляваўся, а сьвяціўся Рыгор. І я думаю, што людзі, якія не пабывалі ў гэтым краі, можа быць так і да канца і не зразумелі адкуль у яго такое адчуваньне слова, адкуль у яго такое яднаньне з прыродай, адкуль яго такое Боскае разуменьне жыцьця.

СЛУХАЦЬ ЦАЛКАМ: