Тут сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, паэт Уладзімер Някляеў, палітык і перакладчык Лявон Баршчэўскі. На жаль, адміністрацыя лякарні сказала, што ў аддзяленьне рэанімацыі нічога нельга перадаць з кветак ды падарункаў. Таму да прысутных з палаты выйшла жонка паэта Вялянціна Міхайлаўна і ёй перадалі ўсе кветкі і сувэніры, сярод якіх была і скульптурка Эўфрасіньні Полацкай з пажаданьнем, каб яна берагла паэта ў сваёй нябеснай апецы. А таксама факсымільна перавыдадзеная першая кніга Барадуліна "Маладзік над стэпам" і новыя публікацыі паэта ў апошнім 44 нумары "Дзеяслову".
Як стала вядома з неафіцыйных крыніцаў, кіраўніца шпіталю Ірына Абельская была праінфармаваная пра прысутнасьць людзей на вуліцы Чырвонаармейскай каля цэнтральнага ўваходу ў шпіталь і сказала, што пусьціць яна нікога ня можа і згодна правілам нічога ня можа перадаць, але сваім падначаленым дала заданьне тэрмінова набыць вялікі букет кветак і абяцала з гэтым букетам прыйсьці ў палату да Рыгора Іванавіча і павіншаваць яго зь юбілеем.
Паводле словаў Алеся Пашкевіча, адразу, як Рыгор Барадулін выйдзе з шпіталю, будзе зладжаная вялікая вечарына зь яго ўдзелам.