"Я лічу, што тыя, хто ўдзельнічае ў выбарах, - вельмі годныя людзі. Прынамсі, яны хоць штосьці робяць для сваёй краіны", - заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў інтэрвію часопісу адміністрацыі прэзыдэнта "Беларуская думка".
Яна станоўча ахарактарызавала шэраг грамадзкіх арганізацый, якія "па традыцыі актыўна ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе". Гэта – прафсаюзы (ФПБ), БРСМ, Саюз жанчын, Саюз вэтэранаў, аб'яднаньне "Белая Русь".
Добрыя словы сказала старшыня ЦВК пра партыі, якія падтрымліваюць прэзыдэнта: "Сур'ёзна ставяцца да выбараў Камуністычная партыя Беларусі, а таксама Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці".
Іншыя партыі спадарыні Ярмошынай падабаюцца менш: "Паводле дадзеных міністэрства юстыцыі, на сёньняшні момант у краіне дзейнічае 15 палітычных партый. Але шэраг партый зьяўляюцца “канапнымі” і ў выбарах практычна ня ўдзельнічаюць. Больш актыўныя ў гэтым сэнсе апазыцыйныя партыі".
Лідзія Ярмошына заявіла, што "нашу выбарчую працэдуру можна аднесьці да катэгорыі найбольш галосных і празрыстых".
У прыватнасьці, яна сказала, што выбарчыя камісіі ў Беларусі "абсалютна незалежныя, гэта паказана ў законе: у межах сваёй кампэтэнцыі выбарчыя камісіі незалежныя і дзейнічаюць на аснове толькі закону. І перш за ўсё, заўважце, яны незалежныя ад мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў улады, якія ня могуць уплываць на дзейнасьць выбарчых камісій".