Перашкодаў апазыцыя чакае 7 сакавіка

7 сакавіка – апошні дзень падачы дакумэнтаў на вылучэньне сябраў ва ўчастковыя камісіі. “Пабачым, якую колькасьць нашых прадстаўнікоў зарэгіструюць у гэтых камісіях”, – кажа прэтэндэнт на дэпутацтва ў Берасьцейскім гарсавеце Ганна Канюс.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


БСДП (Грамада) зарэгістравала 7 ініцыятыўных групаў па 10 чалавек кожная

100-працэнтны вынік у рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў на Берасьцейшчыне забясьпечыла рэгіянальная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Адразу 70 чалавек зьбіраюць подпісы ў падтрымку вылучэнцаў БСДП (Грамада) у гарадзкі савет Берасьця. Пра асаблівасьці кампаніі “Свабодзе” паведаміў патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Валянцін Лазарэнкаў:

“Пачалі зьбіраць подпісы яшчэ ад мінулых выходных — тры чалавекі хадзілі. І ўчора трое хадзілі па кватэрах. Сёньня яшчэ двое пойдуць. Пераважна мы наведваем дамы, дзе нас добра ведаюць па папярэдніх справах. Калі дапамагалі жыхарам змагацца за ратаваньне дрэваў у дварах і добраўпарадкаваньне.

Супярэчнасьцяў пакуль няма. Усё нармальна. Зьбіраем па 20 ці 25 подпісаў цягам двух гадзінаў: ад 18 да 20”.

Вылучэнцы БСДП (Грамада) — вядомыя ў Берасьці дзякуючы арганізаваным імі акцыям дзеля сацыяльнай абароны насельніцтва

Сацыял-дэмакраты вылучаюць у Берасьці актыўных людзей. Так лічыць і прэтэндэнт на дэпутацтва ў гарсавеце Ганна Канюс:

“Наш актывіст Рыгор Парфёнаў ужо выйграў судовую справу ў ЖКГ, спраўдзіў асабістым прыкладам, як можна змагацца і дамагчыся праўды ад улады. Сьвятлана Алесюк — адна з ініцыятараў уладкаваньня сквэру ў сваім мікрараёне. Андрэй Ваўчок быў ініцыятарам, каб намэнклятурныя дэпутаты трымалі справаздачу перад насельніцтвам”.

Перашкоды апазыцыі чакаюцца 7-га сакавіка

Суразмоўца ўдакладняе, што БСДП (Грамада) вылучае праз партыйны сьпіс і шляхам збору подпісаў адразу 12 сваіх прадстаўнікоў кандыдатамі ў Берасьцейскі гарсавет. Якія ў іх шанцы дабіцца посьпеху? Разважае Ганна Канюс:

“Відавочна, што перашкоды будуць 7-га сакавіка, калі будзе апошні дзень падачы дакумэнтаў на вылучэньне сябраў ва ўчастковыя камісіі. Пабачым, якую колькасьць нашых прадстаўнікоў зарэгіструюць у гэтых камісіях”.



Даведка “Свабоды”:

Паводле Цэнтравыбаркаму, 10 сакавіка будуць сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі. Вылучэньне прадстаўнікоў у іх склад павінна адбыцца не пазьней як за тры дні да фармаваньня.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты будзе адбывацца з 14 лютага па 15 сакавіка. 16—25 сакавіка пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў. Ад дня рэгістрацыі кандыдат можа пачынаць агітацыю.

Да пачатку рэгістрацыі выканкамы абавязаныя вызначыць месцы для правядзеньня сустрэч кандыдатаў з выбарцамі.

Датэрміновае галасаваньне пройдзе з 20 па 24 красавіка.

Выбары ў мясцовыя саветы прызначаны на 25 красавіка.