Нарадзілася 28 верасьня 1962году ў вёсцы Савані на Стаўпеччыне Менскай вобласьці. Скончыла філфак БДУ. Была актыўнай удзельніцай нефармальнага моладзевага аб’яднаньня “Майстроўня”. З 1991 году працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (з 2008 году называецца Інстытут мовы і літаратуры). Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адна зь вядоўцаў штотыднёвай праграмы “Беларуская мова” на тэлеканале ОНТ.
Што для вас свабода?
Магчымасьць рэалізаваць сябе.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Крыху гультайства, а таксама захопленасьць не адной, а шматлікімі ідэямі.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце жыць на Радзіме, мець сям'ю, сяброў, займацца любімай справай.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Страхаў трэба пазбаўляцца ў дзяцінстве, а я ўжо сталы чалавек. Позна нечага баяцца.
Які талент вы хацелі б мець?
Хіба што талент мастака.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Я люблю людзей шчырых і таленавітых. Захапляюся нястомнасьцю і аптымізмам АлегаТрусава, прагнасьцю да навуковага пошуку сяброўкі Веранікі Курцовай і шмат кім яшчэ.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Люблю сьпяваць, танчыць,у вольную хвіліну радаваць блізкіх смачнымі стравамі, прымаць гасьцей, корпацца на бацькоўскай сядзібе.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Амаль нічога.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад свайго бацькі, калі ён у мае 13 гадоў заўважыў маю схільнасьць да працы з людзьмі і даў добрую параду ў выбары прафэсіі.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Дарогу адолее той, хто па ёй ідзе.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У сапраўднай незалежнай Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У сёньняшнюю.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Параілася б з народам на беларускай мове.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Узаемапаважлівыя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія, бязь лішняга прагінаньня і рэвэрансаў.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Жыць пры сваёй уладзе, думаю, лепш, чым пры акупацыі.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Улада ўвесь час зьмяняецца, думаю, гады праз два мы ўбачым сур'ёзныя зьмены.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Беларусы размаўляюць па-беларуску. Штодня не карыстаюцца беларускай мовай тыя, хто не адчувае сябе беларусам, або баіцца адкрыта ў гэтым прызнацца. Мы ведаем, што гэта часам небяспечна для кар'еры, лёсу блізкіх.
У Беларусі людзі пачнуць размаўляць па-беларуску штодня, калі працэс беларусізацыі будзе ісьці няўхільна, сур'ёзна і па ўсёй вэртыкалі адначасна.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Такі варыянт разьвіцьця падзей для мяне не існуе.