У якіх умовах пачынаецца актыўны пэрыяд выбарчай кампаніі?

Завяршыўся этап падачы заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Якія можна зрабіць папярэднія высновы з пачатку выбарчай кампаніі? Якая выявілася тактыка ўладаў? Чаму адбываецца ціск на апазыцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі?
Удзельнікі: адказны сакратар управы Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч зь Менску і каардынатар незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Магілёўскай вобласьці Таісія Кабанчук з Бабруйску.

Таісія Кабанчук
1Уладзімер Лабковіч
Валер Карбалевіч


Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў


Валер Карбалевіч: «Учора быў апошні дзень падачы заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Ужо зарэгістравана каля 4 тысяч такіх групаў. Шмат якія зь іх ужо пачалі збор подпісаў. Якія можна зрабіць папярэднія высновы з пачатку гэтай выбарчай кампаніі? Якая выявілася тактыка ўладаў? Як ідзе працэс рэгістрацыі ініцыятыўных групаў? Ці вельмі чапляюцца камісіі падчас гэтай працэдуры?»

Уладзімер Лабковіч
: «Тактыка ўладаў традыцыйная. На папярэдніх выбарах камісіі адмаўлялі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў на той падставе, што сябры гэтых групаў адмаўляліся ад удзелу ў кампаніі.

І цяпер адбываецца мацнейшы ціск, чым на мінулых парлямэнцкіх выбарах, на сябраў ініцыятыўных групаў, каб яны адмовіліся ад удзелу ў працы ініцыятыўных групаў. Таксама вялікія нараканьні выклікае фармаваньне выбарчых камісій. Робіцца ўсё, каб мінімізаваць удзел апазыцыі ў выбарах».

Таісія Кабанчук: «У нашым рэгіёне адбываецца тое самае. Пакуль не зарэгістравана ніводнай групы ў Магілёўскай вобласьці ад нашай партыі. Улады пакідаюць гэтае рашэньне на апошні дзень, каб зьменшыць час на збор подпісаў.

Адзін прыклад. У Магілёве члены камісіі пачалі тэлефанаваць сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата Марыі Кульманавай і пытацца, чаму яны вырашылі зьбіраць подпісы ў падтрымку гэтага чалавека. Адна жанчына перапалохалася і выйшла з групы. Калі Кульманава зьвярнулася ў камісію з пратэстам, там адказалі, што гэта робіцца з добрай мэтай. Маўляў, калі хто ня хоча зьбіраць подпісы, то мы ня будзем выпісваць яму пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы, бо ў нас блянкаў не хапае. Гэта сьмех».

Ціск на апазыцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі


Карбалевіч: «Як ужо адзначалася, з усёй краіны прыходзяць зьвесткі пра ціск на апазыцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі: на сябраў выбарчых камісій, прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, удзельнікаў ініцыятыўных групаў. Іх пагражаюць звольніць з працы і г.д. У чым сэнс такой тактыкі?»

Лабковіч: «Магу назваць дзьве прычыны такой тактыкі ўладаў. Часта на месцах улады ня маюць каго супрацьпаставіць моцнаму апазыцыйнаму кандыдату, які зьяўляецца грамадзкім лідэрам.

Часта на месцах улады ня маюць каго супрацьпаставіць моцнаму апазыцыйнаму кандыдату, які зьяўляецца грамадзкім лідэрам.
Па-другое, улады пачалі падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў. Улады імкнуцца стварыць атмасфэру страху, каб цяжэй было ствараць ініцыятыўныя групы падчас прэзыдэнцкіх выбараў і каб ім цяжэй было працаваць».

Кабанчук: «Ціск адбываецца ня з боку камісій, а з боку мясцовых уладаў. Такіх прыкладаў шмат. Вось учора мы былі ў Кіраўскім раёне. У вёсцы Сяргеевічы падала заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы загадчыца клюбу Натальля Гарыст. Наступным днём да яе зьяўляецца праверка з райаддзелу культуры. Ёй сказалі, што ў яе будзе шмат праблемаў і „мы вам не працягнем кантракт“. Потым на наступны дзень яшчэ раз тэлефанавалі, пыталіся, ці забрала яна назад заяву. Яна забрала, бо была пагроза застацца бяз працы.

Яшчэ адзін выпадак з нашым кандыдатам Вячаславам Шэлегам. Кіраўнік раёну пачаў адкрытым тэкстам запалохваць сябраў ягонай ініцыятыўнай групы, мэдсястру і санітарку мясцовага ФАПу, паштальёна, пагражаць звальненьнем. І людзі баяцца, бо з кожнай кампаніяй страх нагнятаецца. Такое адбываецца ў кожным рэгіёне».

Як рэагуе насельніцтва на гэтую выбарчую кампанію?


Карбалевіч: «Шэраг кандыдатаў на дэпутацкі мандат ужо пачалі збор подпісаў. Якія першыя высновы можна зрабіць? Як рэагуе насельніцтва на гэтую кампанію? Як улады, уладныя кандыдаты ўдзельнічаюць у кампаніі?»

Лабковіч: «Пакуль мы не сутыкаліся з прыкладамі, калі б людзі не ўспрымалі нашых кандыдатаў. Праблема ў тым, што існуе апатыя да выбарчага працэсу ў прынцыпе. Да прэзыдэнцкай кампаніі, нават да парлямэнцкай, увагі больш. А каштоўнасьць мясцовых выбараў для насельніцтва абсалютна мінімальная, бо жыцьцё грамадзтва не залежыць ад працы мясцовых саветаў. Да таго ж грамадзтва ня ведае, што ў краіне пачалася выбарчая кампанія. Сытуацыя трохі памяняецца, калі пачнецца этап агітацыі».

Кабанчук: «Сапраўды, апатыя вялікая. Бо людзі ня вераць мясцовым уладам, кандыдатам у дэпутаты. Вось учора ў той жа вёсцы Сяргеевічы прыехала раённае кіраўніцтва дзеля правядзеньня дня палітычнай інфармацыі. Заходзяць у клюб, а там сяджу я, загадчыца клюбу і яшчэ адзін жыхар. Яны зьдзівіліся, што няма людзей. А я кажу: «Чаго вы зьдзіўляецеся? Як народ можа прыйсьці ў клюб па нячышчаных дарогах?» Потым падышло яшчэ два чалавекі. Калі я апавядала пра гэтую сустрэчу людзям напярэдадні, яны казалі: «Хай туды ідуць тыя, хто на такіх сустрэчах яшчэ ня быў».

Чаму дзяржаўныя мэдыі актыўна асьвятляюць выбарчую кампанію?


Карбалевіч: «Здаецца, гэтым разам дзяржаўныя мэдыі актыўна асьвятляюць выбарчую кампанію. Тэлеканалы амаль кожны дзень апавядаюць пра выбары. Мінулыя выбарчыя кампаніі дзяржаўныя мэдыі амаль замоўчвалі. Чаму памянялася тактыка?»

Лабковіч: «Дакладна пра тактыку ўладаў можна будзе казаць крыху пазьней. Мэдыі кажуць пра выбары дзеля таго, каб забясьпечыць яўку. А ўзровень яўкі на выбары — градусьнік даверу да ўлады. Але інфармацыя пра выбары носіць сухі, афіцыйны характар».

Карбалевіч: «Спадарыня Кабанчук, на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў дзяржаўныя мэдыі ў Бабруйску вельмі шчыравалі, каб дыскрэдытаваць апазыцыйных кандыдатаў. А як цяпер?»

Кабанчук: «Цяпер пакуль такога няма. У мэдыях ідуць толькі афіцыйныя паведамленьні пра стварэньне выбарчых камісій, выбарчыя акругі».