Сойм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні да польскай нацыянальнай меншасьці. Польскія дэпутаты лічаць, што “ўзровень супрацоўніцтва Польшчы і Эўразьвязу зь беларускімі ўладамі павінен наўпрост залежаць ад узроўню выкананьня грамадзянскіх правоў у Беларусі”. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамэндацыя “разгледзець магчымасьць вяртаньня да палітыкі санкцый у дачыненьні да Беларусі”.
Як гэта камэнтуюць у Менску? Ці можа дайсьці справа да пагаршэньня эканамічных дачыненьняў?
Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Карпенкі, “прагматызм бізнэсу ўсё роўна адыграе сваю ролю, што б ні казалі палітыкі”.
“Мы ж памятаем тыя часы, калі з Эўразьвязам у нас фактычна не было ніякіх стасункаў, але пры гэтым эканамічная сфэра нядрэнна разьвівалася, працаваў бізнэс, працавалі фірмы, ішоў таваразварот. Можна многа крычаць на палітычным узроўні, але калі пытаньне тычыцца чыста прагматычных пытаньняў таваразвароту, эканомікі, выгады і бізнэсу, то будзе прынятае іншае рашэньне. Прыгадайце, Эўразьвяз не падтрымаў ЗША, якія ўводзілі санкцыі па “Белнафтахіме”. Я думаю, і тут прагматыка будзе мець сэнс”.
Паводле спадара Карпенкі, польскі Сойм прымае апошнім часам некаторыя палітычныя рашэньні, якія не адпавядаюць прынцыпам добрасуседзтва.
“Яны ня ведаюць рэальнай сытуацыі ў Беларусі. Тое, што дакладае Анжаліка Борыс, — гэта адна пазыцыя. Але палякаў у краіне шмат. У мяне, да прыкладу, жонка — полька. І ў нас няма ніякіх праблем. А калі палітыкі, якія ня ведаюць Беларусі, па нейкіх нацкоўваньнях прымаюць заявы, — напэўна, гэта не зусім правільна”.
Чым могуць быць небясьпечныя для беларускай эканомікі санкцыі, ініцыяваныя Польшчай? Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур адмовіўся ад камэнтароў.
“Ніякага меркаваньня няма ў мяне. Няхай займаецца гэтай справай МЗС. Я не займаюся гэтымі пытаньнямі. Я ж займаюся інвэстыцыямі. А тое, што яны ўвядуць санкцыі, — гэта пытаньні МЗС”.
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук спадзяецца, што да санкцыяў ня дойдзе. Ён кажа, што Польшча — адзін са значных гандлёвых і інвэстыцыйных партнэраў Беларусі.
“Стасункі паміж нашымі краінамі, безумоўна, вельмі важныя. Таму, калі Польшча ўвядзе нейкія абмежаваньні на тавары, гэта будзе балюча найперш для малога і сярэдняга бізнэсу, для людзей, якія не зьвязаныя зь вялікімі дзяржаўнымі праектамі. Я думаю, гаворка пра эканамічныя санкцыі ня йдзе, а найперш пра зьмену палітычных ацэнак і праектаў, ініцыятываў, якія рэальна могуць быць накіраваныя на зьмяненьне сытуацыі ў Беларусі ў лепшы бок, а ня ў бок імітацыі дэмакратычных ці эканамічных рэформаў. Тут Польшча можа мець больш значны ўплыў, чым нам здаецца. Бо спадар Бузэк узначальвае Эўрапарлямэнт, гэта вельмі важная фігура, спадар Бэлька ўзначальвае эўрапейскі напрамак МВФ, спадар Сікорскі можа балятавацца ў прэзыдэнты. Польская дыпляматыя — вельмі важная, таму тут беларускі бок зрабіў дрэнны, памылковы крок”.