У Гомелі створаная незалежніцкая кааліцыя

У Гомелі створаная абласная кааліцыя Беларускага незалежніцкага блёку.
Пагадненьне на гэты конт падпісалі прадстаўнікі рэгіянальных арганізацыяў і рухаў “За Свабоду”, “Разам”, БНФ, “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”, “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў”, “Маладога фронту” ды “Маладой Беларусі”. Гэта й дзейныя структуры, і тыя, што яшчэ ствараюцца.

Стваральнікі дэкляруюць, што маюць на мэце «спрыяць разьвіцьцю Рэспублікі Беларусь як сучаснай дэмакратычнай і прававой краіны, умацоўваць яе незалежнасьць і сувэрэнітэт».

Усе разам яны наважаны ўзяць актыўны ўдзел у палітычнай кампаніі “Мясцовыя выбары-2010”, каардынаваць свае высілкі ў найбольш прынцыповых пытаньнях.

“Традыцыйна лічылася, – зазначыў пасьля падпісаньня пагадненьня мясцовы кіраўнік руху “За Свабоду” Пётар Кузьняцоў, – што Гомель, як усходні абласны цэнтар, мае прарасейскую скіраванасьць. Аднак Гомельская вобласьць стала другой ў Беларусі, дзе створана рэгіянальная кааліцыя Беларускага незалежніцкага блёку, дзе менавіта нацыянальна арыентаваныя грамадзка-палітычныя сілы здолелі кансалідавацца дзеля незалежнасьці й росквіту Беларусі”.