Імправізаваная акцыя салідарнасьці з асуджанымі 15 лютага актывістамі Саюзу палякаў Беларусі скончылася ў Горадні.
Каля ста актывістаў непрызнанага ўладамі крыла Саюзу прыйшлі да спэцпрыёмніка на вуліцы Гая, каб выказаць падтрымку арыштаваным 15 лютага Анджэю Пачобуту, Мечыславу Яскевічу і Ігару Банцару.
За дзеяньнямі тых, хто сабраўся перад будынкам Кастрычніцкага райаддзелу ўнутраных спраў, сачылі міліцыянты. Яны папярэдзілі пра недапушчальнасьць мітынгу, але людзям не перашкаджалі.
Разам з сябрамі Саюзу палякаў да міліцыі прыйшоў ксёндз Аляксандар Шэмет. Ён наладзіў малебен у азначэньне так званай “папяльцовай серады” –апошняга дня перад постам у каталікоў.
Паводле нашага карэспандэнта ў Горадні, затрыманьняў падчас малебну не было, аднак, з улікам разьвязанай кампаніі супраць сябраў СПБ, нельга выключаць, што паляваньне не працягнецца ў пазьнейшы час.
16.52 На вуліцы Гая ў Горадні каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі сабраліся блізу сотні сябраў Саюзу палякаў Беларусі. Да іх выйшлі міліцыянты, якія сказалі, каб удзельнікі ня ладзілі ім пад вокнамі мітынгаў, але людзям пакуль не перашкаджаюць.
Тут ужо стаяла камэра дзяржаўнага тэлебачаньня, таксама ўсё здымае міліцэйскі апэратар.
Актывісты аб’яднаньня прыйшлі да міліцыі з той нагоды, што тут, у спэцпрыёмніку, знаходзяцца іхныя паплечнікі Анджэй Пачобут, Мечыслаў Яскевіч і Ігар Банцар, арыштаваныя рашэньнем суду 15 лютага 5 сутак арышту кожны.
Разам з сябрамі Саюзу палякаў прыйшоў капэлян, ксёндз Аляксандар Шэмет. Ён праводзіць малебен, бо ў каталікоў сёньня важны дзень – “папяльцовая серада”, апошні дзень перад постам.
На дадзены момант побач знаходзяцца некалькі міліцыянтаў, якія не перашкаджаюць людзям маліцца.