“Нашы бальніцы развальваюцца, ня ведаючы рамонту з 1954 году…”

Валянцін Жданко

У пошце «Свабоды» на працягу апошніх тыдняў усё часьцей сустракаюцца лісты на тэму мясцовых выбараў, што маюць адбыцца ў Беларусі сёлета ў красавіку. Ці дапусьціць улада ў рэгіянальныя Саветы прадстаўнікоў апазыцыі? Як ставяцца да гэтых выбараў тыя людзі, якія не прэтэндуюць на дэпутацтва, але ў штодзённым жыцьці часта сутыкаюцца зь мясцовай уладай?
З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша нам Алесь Раткевіч з Маладэчна:

«Некаторыя апазыцыйныя партыі пагражаюць байкотам гэтых выбараў. Цікава, каго яны зьбіраюцца байкатаваць — уладу ці народ? А ці ведаюць яны пра зьмены ў Выбарчым кодэксе? Для ўлады нашы галасы ўжо нічога ня значаць, яны ім ужо не патрэбныя. А апазыцыя сваім байкатаваньнем толькі падтрымае рэжым, таму што абавязковага парогу яўкі паводле новага закону ўжо няма.

На мой погляд, патрэбна згуртаваць моц усёй апазыцыі дзе-небудзь у адным рэгіёне. Вы ж, спадары апазыцыянэры, лічыце сябе адукаванымі і разумнымі. Заадно дапаможаце мясцовым актывістам у вылучэньні, зборы подпісаў. Вось так агульным фронтам можна стварыць канкурэнцыю ўсім кандыдатам ад улады.Такое мноства вылучэнцаў дасьць магчымасьць стопрацэнтнага кантраляваньня выбарчага працэсу за кошт давераных асобаў ад кожнага кандыдата. Я ўпэўнены, што такая тактыка прынясе доўгачаканую перамогу хоць у адным невялікім рэгіёне. Прапаную ў якасьці пляцоўкі сваё Маладэчна — ня самы горшы варыянт», — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Алесь Раткевіч з Маладэчна. — «Гэта — ваш, спадары апазыцыянэры, апошні шанец зьберагчы хоць які народны давер да сябе. Не за гарамі выбары прэзыдэнта — пра гэта трэба памятаць. А вы ж губляеце твар змагароў за волю народа. Вы там, наверсе, магчыма, гэтага і не заўважаеце, а мы ўнізе ўсё адчуваем на сабе. Мы тут, акрамя бюракратызму, ня бачым ні ўлады, ні апазыцыі. А вось па тэлевізары ды па радыё — наадварот, назіраем усіх — і ўладу, і апазыцыю. Усе вы абяцаеце ды кленяцеся ў любові да народа. Іншы раз абяцанкі так душу зачэпяць, ажно плакаць хочацца»
.

Сумняюся, спадар Алесь, што на працягу апошніх гадоў вы маглі бачыць па дзяржаўным тэлебачаньні альбо чуць па дзяржаўным радыё каго-небудзь зь дзеячаў дэмакратычнай апазыцыі, які б выступаў з праграмнай прамовай ды раздаваў нейкія абяцаньні. БТ калі і паказвае апазыцыянэраў — дык пераважна ў прапагандысцкіх сюжэтах і фільмах, не даючы ім магчымасьці выказацца, адвольна камэнтуючы невядома як і дзе здабытыя кадры апазыцыйных сходаў, мітынгаў ды пікетаў. Пра такія жанры, як перадвыбарчыя палітычныя дыскусіі, круглыя сталы, дэбаты палітычных супернікаў, беларускім тэлегледачам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ‘94-га году давялося надоўга забыць.

Наступны ліст даслала нам Галіна Александроўская з Магілёва, якая зьвярнула ўвагу на нядаўна сказаныя расейскім амбасадарам Сурыкавым словы пра тое, што за лідэрамі беларускай апазыцыі нібыта няма шырокіх народных мас. Слухачка ў адказ на гэта піша:

«А за Аляксандрам Лукашэнкам такія масы ёсьць? Магчыма, амбасадар Сурыкаў мае на ўвазе губэрнатараў, мэраў, дэпутатаў ды чыноўнікаў усіх узроўняў? Але такіх, так бы мовіць, „масаў“ на ўсю Беларусь набярэцца ад сілы працэнтаў пяць ці сем. Спадар Сурыкаў, у вас як у амбасадара зусім іншыя задачы, у якія не ўваходзіць адбельваньне прэзыдэнта Лукашэнкі. Якія за ім масы — беларусы самі вельмі добра ведаюць.

Вы сказалі, што Лукашэнка ў сярэдзіне
90-х гадоў з дапамогай жорсткіх рычагоў выцягнуў Беларусь зь ямы. Але прамаўчалі, што гэтымі ж дыктатарскімі рычагамі ён загнаў Беларусь у іншую яму — даўгавую, а просты народ — у галечу».

Дзеля справядлівасьці варта нагадаць, спадарыня Галіна, што расейскі амбасадар Сурыкаў падчас сваіх публічных выступаў гаворыць ня толькі тое, што падабаецца беларускай уладзе. Ён, скажам, нярэдка нагадвае пра тое, што афіцыйны Менск ня раз парушаў свае дадзеныя Маскве абяцаньні — напрыклад, што да афіцыйнага прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, увядзеньня адзінай валюты і шмат якія іншыя. Амбасадар адлюстроўвае і агучвае пазыцыю сваёй краіны — і гэта зусім зразумела і натуральна.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар, дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску — расказвае пра сваё шматгадовае змаганьне з чыноўнікамі за тое, каб дзяржаўныя грошы выдаткоўваліся найперш на ахову здароўя, а не на аздабленьне цэнтральных вуліц сталіцы ды абласных цэнтраў. Слухач піша:

«Вось ужо сем месяцаў стаю ў чарзе, каб трапіць на прыём да кіраўніка вобласьці Косінца. Мае папярэднія 16 скаргаў на Косінца былі перасланыя з розных інстанцыяў яму ж. Тым ня менш я напісаў яшчэ адну, 17-ю...

Двойчы сустракаўся з новым намесьнікам старшыні аблвыканкаму, з усімі членамі выканкаму… Пра што гавару зь імі? Пра тое, што хвалюе вельмі многіх. З аднаго боку, Віцебск папрыгажэў. Шыкоўная плошча, фасады, падсьветкі… Але ж гэта — баль падчас чумы. Якім коштам гэта зроблена? У гэты самы час нашы бальніцы (інфэкцыйная,
2-я гарадзкая) — ператвораны ў начлежкі, развальваюцца, ня ведаючы рамонту з 54-га году. Многія старыя 40-гадовыя школы — сапраўдныя багадзельні. А дзіцячыя паліклінікі месьцяцца ў бараках, дзе няма нават гарачай вады. І там даводзіцца весьці прыём немаўлятак…

У мэдпунктах школ няма лекаў самай першай неабходнасьці (анальгіну, парацэтамолу).

У шпіталях цяжка хворыя пасьля інсультаў вымушаны ляжаць на старых праржавелых ложках, дзе замест матрацаў — нейкае рызьзё…

Я, як дзіцячы доктар з
15-гадовым стажам, пратэстую, як магу і як умею. Дык палохаюць — кантрактам, судом, псыхіятрыяй і г.д. Але я трымаю ўдар.

Бачу, што многія ў нас пратэстуюць актыўна. Вы расказвалі пра выпадак, калі на цэнтральнай плошчы Віцебску на ёлку павесілі нацыянальны сьцяг. А яшчэ на плошчы Перамогі зьявілася расьцяжка: «Акупанты — вон!»

Я ўспамінаю «Маладую гвардыю» Фадзеева і схіляю галаву перад гэтымі людзьмі. Іх жа аблілі брудам. Абураны, я напісаў у газэту «Віцьбічы» пратэст на імя галоўнага рэдактара. Трэба пісаць праўду, а ня гебэльсаўскія заказныя заметкі. А ўвогуле, я зразумеў: трэба аб’ядноўвацца. Цяжка ў адзіноце змагацца з рэжымам»


Здагадваюся, спадар Ігар, якія адказы вы атрымліваеце ад чыноўнікаў на свае шматлікія пратэсты і скаргі. Маўляў, вы, шаноўны доктар, маеце рацыю, ёсьць у нас у гэтай галіне некаторыя праблемы і часовыя цяжкасьці. Але ж вы ўлічыце, што дзяржава перажывае эканамічны крызіс, бюджэтных грошай на ўсе патрэбы нестае. Пачакайце, дойдзе чарга і да шпіталяў, і да паліклінік. Мы іх уключым у плян рамонтаў на якуюсьці там пяцігодку…

Праўда ў гэтых адпісках — толькі тое, што Беларусь, сапраўды, небагатая краіна і вымушана ашчаджаць бюджэтныя грошы, каб хапіла на самыя першачарговыя сацыяльныя патрэбы. Але першачарговыя патрэбы — гэта якраз шпіталі, паліклінікі, школы, дзіцячыя садкі. А зусім не лядовыя палацы, не фасады дамоў на цэнтральных плошчах і не зіхоткія вуліцы, па якіх езьдзяць са сваіх рэзыдэнцыяў на працу першыя асобы…

Посьпехаў у вашым змаганьні, спадар Ігар. На іхным баку — сіла, але на вашым — праўда. І таму рана ці позна пераможаце менавіта вы.

На заканчэньне — ліст ад Алега Сямёнава з Воршы, які зьвяртаецца да нас з наступнымі заўвагамі і прэтэнзіямі наконт тэматыкі перадач «Свабоды». Слухач піша:

«Інфармацыя, якая гучыць у вашым эфіры, у асноўным зьменлівая, грунтуецца на дробязных фактах штодзённага жыцьця — палітыка, эканоміка, бягучыя падзеі… Магчыма, камусьці гэта і цікава. Але калі задумацца: ці можа ўся гэта інфармацыя зрабіць нас па-сапраўднаму шчасьлівымі, пазбавіць ад пакутаў? Не!

Вас і вашых слухачоў павінна цікавіць выкараненьне мірскіх жаданьняў, якія ёсьць прычынай пакутаў, разьвіцьцё сьпеласьці душы, мудрасьці, дасягненьне стану вызваленьня і прасьвятленьня. Падумайце, чаму аддаць перавагу — ілюзіі, якая дае нам толькі мімалётныя забавы і задавальненьні (а ўрэшце вядзе да пакуты), ці — ісьціне, якая вызваляе ад ілюзіяў, самападману і пакутаў».


Чалавек, які шукае кантактаў з Богам, які імкнецца да маральнага ачышчэньня і прасьвятленьня — ідзе ў Божы храм, прысьвячае час малітве, слуханьню казаньняў, споведзі. У нашага радыё — іншыя функцыі, спадар Алег. Слухачы, якія настройваюцца на хвалю «Свабоды», чакаюць ад нас найперш апэратыўных навінаў на палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя тэмы. Зрэшты, ёсьць нямала радыёстанцый, якія спэцыялізуюцца якраз на рэлігійнай тэматыцы — магчыма, вам варта пашукаць у эфіры менавіта іх.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вам быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас
zdankov_rs@tut.by.