Канфлікт “палякаў з палякамі”?

Анжаліка Борыс

Тры дзеячы незалежнага Саюзу палякаў знаходзяцца за кратамі. Ігара Банцара, Мечыслава Яскевіча і Андрэя Пачобута пасадзілі ўчора на пяць сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў Горадні, што адбылася 10 лютага. Ігар Банцар абвясьціў галадоўку. Штрафам пакаралі кіраўніцу Саюзу Анжаліку Борыс, да таго ж на 122 мільёны аштрафаваная фірма “Палёніка”, якой яна кіруе.
Ігар Банцар — прэсавы сакратар Саюзу палякаў, ён таксама рэдагуе часопіс “Magazyn Polski na uchodźstwie”. Пра яго ўчынак гаворыць калега-журналіст, адзін з актыўных сябраў Саюзу Анджэй Пісальнік:
Гэта крок адчаю...

“Калі ён абвясьціў галадоўку, то спадзяюся, што ён будзе ваду піць, і дай Бог, каб яму хапіла здароўя вытрымаць. Калі няма хваробаў хранічных, якія не дапушчаюць галадоўкі, зразумела. Гэта крок адчаю, але ў такой сытуацыі гэта ня першы выпадак, калі людзі, якія перасьледуюцца ў гэтай краіне, абвяшчаюць галадоўку і трымаюць досыць доўга. Гэта адзіная магчымасьць, каб моцна выгукнуць, што іхнія правы парушаюцца”.

Суд пагражае сёньня яшчэ адной журналістцы — Ірэне Валюсь, на якую склалі пратакол у Валожыне, дзе ўчора пачаўся суд над актывісткаю польскага руху Тэрэсай Собаль. Пратакол перашлюць у Горадню.

Супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць Ірэну Валюсь ля будынка суда, дзе праходзіць працэс па справе Т. Собаль, Валожын
Валюсь:
“Нібыта я перашкаджала супрацоўнікам міліцыі і Бурачэўскаму, якога я ня бачыла і ня ведаю, быццам я цягала яго за адзеньне, за рукавы. Што перашкаджала міліцыянтам займацца сваёй справай, парушала супакой грамадзянаў Беларусі і гэтак далей. І за гэта мяне будуць судзіць. У мяне ёсьць копія пратаколу затрыманьня”.

Ірэна Валюсь рэдагуе газэту “Głos znad Niemna na uchodźstwie”.

Старшыня не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс на пытаньне аб сёньняшнім становішчы адказала вельмі сьцісла:

“Сытуацыя ў нас такая: хлопцы знаходзяцца пад арыштам. Што датычыць штрафаў фірме “Палёніка”, адвакат абскардзіў гэтыя рашэньні, зьвярнуўшыся ў абласны суд. Пабачым”.

Што можа чакаць наперадзе, як можа разьвівацца сытуацыя?

Пісальнік: “Польшча прадпрымае крокі, але ўбачым — ці яны будуць выніковыя, ці мае Польшча інструмэнты ўплыву на беларускія ўлады. Бо тут ужо зразумела, што хоць беларускія ўлады спрабуюць прадставіць падзеі як канфлікт у асяродзьдзі палякаў, але ж гэта канфлікт палякаў з уладамі. Апошнія падзеі гэта менавіта паказалі. Бо каб гэта быў канфлікт паміж палякамі пралукашэнкаўскімі і апазыцыйнымі, то тады зь якой нагоды ўлады так ангажуюцца ў гэты канфлікт? Прыцягваюцца міліцэйскія сілы, суды, прысуды даюцца, якія можна спрагназаваць са стопрацэнтовай дакладнасьцю”.