Сёньня моладзь віншуе з Днём закаханых у розных гарадах Беларусі.
МЕНСК
Сёньня Моладзь БНФ і Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты павіншавалі менчукоў з Днём Сьвятога Валянціна. На аўтобусы і тралейбусы актывісты наляпілі бел-чырвона-белыя сардэчкі. Так, напрыклад, сёньня з сардэчкам будуць езьдзіць амаль усе аўтобусы 100-га маршруту, чым будуць ствараць сьвяточны настрой у Менску.
Паводле старшыні Моладзі БНФ Андруся Крэчкі, у гэтым годзе акцыя праходзіць у новым фармаце – моладзь наляпіла бел-чырвона-белыя сардэчкі на грамадзкі транспарт.
“Бел-чырвона-белае сэрца паказвае каханьне адзін да аднаго і любоў да Беларусі. Я думаю, што людзі гэта ацэняць. Сёньняшняе сьвята традыцыйна грае вялікую ролю ў беларускім грамадзкім жыцьці."
"Сёньняшняй акцыяй мы ня толькі павіншавалі жыхароў нашай сталіцы, але й выказалі пашану да нашых нацыянальных сымбаляў”, - кажа Дзяніс Кобрусеў, намесьнік старшыні Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў.
МАГІЛЁЎ
Актывісты Моладзі БНФ у Магілеве павіншавалі жыхароў горада са сьвятам закаханых. Паводле аднаго з лідэраў магілёўскай суполкі Моладзі БНФ Алеся Анісімава, гэтая акцыя толькі пачатак вулічнага сэзону ў Магілеве:
"Мы павіншавалі людзей з 14 лютага, пачынаем рыхтаваць пэрфомансы да дня роднай мовы і да 15 сакавіка. Абяцаем радаваць нашымі акцыямі магілёўцаў."