Прынятае рашэньне працягнуць працу Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта.
Старшыня рады, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей правёў шэраг кансультацыяў з усімі сябрамі рады, пасьля чаго вырашана аднавіць яе працу, паведамляе БелаПАН.
Чарговае пасяджэньне адбудзецца ў траўні, а яго тэму вызначаць сябры рады. Падчас кансультацый сябры рады ўносілі прапановы па яе працы, якія зараз абагульняюцца, а затым будзе прынятае рашэньне.
Грамадзка-кансультатыўная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта была створана ў пачатку 2009 года і ў яе склад увайшлі прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партый.
Ад 12 лістапада 2009 году Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час. Ён абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка: маўляў, гэта — «бутафорская» і «дэкляратыўная структура».
Аднак падчас кансультацыяў высьветлілася, што сябры рады, нават тыя, хто крытыкавалі яе дзейнасьць, лічаць, што такая структура павінна існаваць і надалей. Рада не зьбіралася ад чэрвеня мінулага году.