Прадстаўніцы беларускай суполкі “Скарына” ў Чэхіі Рыта Гаціх і Алена Каварава зьвярнуліся з сымбалічнай просьбай да міністра юстыцыі Чэскай Рэспублікі Даніелы Коваржавай з выпадку 100-гадовага юбілею беларускай пісьменьніцы Ларысы Геніюш.
Беларускія жанчыны просяць спадарыню міністра рэабілітаваць Геніюш, якая на загад КДБ у 1948 годзе была выдадзеная савецкім уладам як ваенны злачынца, і патлумачыць працэдуру магчымых дзеянньняў для рэабілітацыі згодна з чэскім заканадаўствам. Заява была прыхільна сустрэта спадаром Росыпалам, памочнікам Даніелы Коваржавай.
“Наша ідэя ў тым, што жанчыны прыйшлі прасіць жанчыну за жанчыну, – гаворыць старшыня суполкі “Скарына” Рыта Гаціх. – Спадзяемся, што як жанчына спадарыня Даніела Коваржава станоўча паставіцца да нашай просьбы”.
Да юбілею пісьменьніцы беларусы Чэхіі плянуюць усталяваць памятную дошку ў яе гонар на будынку, у якім Ларыса Геніюш пражывала падчас свайго легальнага знаходжаньня ў Чэхаславаччыне. Неўзабаве будзе абвешчаны конкурс на праект гэтай дошкі. Арганізацыйную дапамогу ў рэалізацыі праекту па ўсталяваньні памятнай дошкі Ларысе Геніюш аказвае “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.