Горадня: адбылася акцыя салідарнасьці з івянецкімі палякамі

Прамаўляе старшыня Галоўнай рады Саюзу палякаў Андрэй Пачобут, Анжаліка Борыс, капэлян Саюзу палякаў ксёндз Аляксандар Шэмет

Ля Дому польскага ў Горадні сабраліся прыкладна 200 чалавек. Яны трымалі у руках польскія сьцяжкі, сьпявалі песьні. Міліцыянты здымалі на відэа, ня ўмешваліся, а толькі назіралі. Супрацоўнікі МУС папярэдзілі, што акцыя незаконная. Акцыя працягвалася паўгадзіны.

15.25
Акцыя скончылася. У ёй удзельнічала прыкладна 200 чалавек. Міліцыянты ня ўмешваліся, а толькі назіралі.

15.20
Капэлян СПБ ксёндз Аляксандар Шэмет прачытаў малітву

Анжаліка Борыс прапанавала паставіць зьнічы ў памяць пра ахвяраў сталінскага тэрору.

Запаленыя зьнічы да шыльды, прысьвечанай палякам, што загінулі ў час сталінскіх рэпрэсій.


Борыс заклікала ўсіх, хто мае магчымасьць у наступны панядзелак 15 лютага прыехаць у Івянец (Менская вобласьць), каб падтрымаць у судзе Тэрэзу Собаль.

Андрэй Пачобут прапанаваў завершыць акцыю.

Прысутныя сьпяваюць гімн неафіцыйнага Саюзу Палякаў.

Удзельнікі сьпяваюць патрыятычныя песьні

15.10 Выступае кіраўнічка незарэгістраванага Саюзу палякаў Анджаліка Борыс. Яна кажа, што сабрана 5 тысячаў подпісаў пад патрабаваньнем да Аляксандра Лукашэнкі легалізаваць арганізацыю. Гэты ліст, кажа Борыс, застаўся без адказу.

“Палякі павінныя змагацца за сваё права на нармалёвае існаваньне, якое гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі”, - кажа Борыс.


Акцыя адбываецца на рагу вуліцаў Дзяржынскага і 17 верасьня ля помніка Адаму Міцкевічу.

На сьцяне Дома польскага прымацаваная памятная шыльда.

“Сымбалічна, што наша акцыя адбудзецца ў 70-я ўгодкі першай дэпартацыі мясцовага насельніцтва, якую ў 1940 годзе правялі Саветы”, — заявіў напярэдадні старшыня Галоўнай рады не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут.

Раней міліцыянты папярэдзілі Пачобута, каб той ня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі.

Івянецкая арганізацыя дагэтуль не падпарадкоўваецца праўладнаму Саюзу, якім кіруе Станіслаў Сямашка. Яна па-ранейшаму падтрымлівае апальную Анжаліку Борыс, чый Саюз палякаў дзейнічае ў напаўлегальных умовах.

У Івянцы і польскую арганізацыю, і Дом польскі ўзначальвае адзін чалавек — Тэрэса Собаль.

21 студзеня ў Івянцы Валожынскага раёну адначасова прайшлі два сходы. Адзін правялі прыхільнікі незарэгістраванага СПБ Анжалікі Борыс, другі быў арганізаваны з дапамогай улады.

Лідэр івянецкіх актывістаў Тэрэса Собаль лічыць, што сход праўладнай суполкі СПБ быў сабраны прымусова. Кіраўніком зрабілі дырэктара мясцовага Дома культуры Станіслава Бурачэўскага, які раней не выяўляў такіх амбіцый.